МІНСК, 14 ліс – Sputnik. Эксперымент па ізаляцыі экіпажа з шасці чалавек для імітацыі палёту на Месяц (SIRIUS-23), які доўжыўся год, завершыцца сёння ў Маскве, паведамілі ў Інстытуце медыка-біялагічных праблем (ІМБП) РАН, на эксперыментальнай устаноўцы якога праходзіў "палёт".
Эксперымент пачаўся роўна год таму – 14 лістапада 2023-га. Камандзірам экіпажа стаў Юрый Чабатароў, бортінжынерам – Анжаліка Парфёнава, а ўрачом – Ксенія Арлова, у якасці даследчыкаў у "палеце" ўдзельнічаюць Ксенія Шышэніна і Рустам Зарыпаў. Усе пяцёра – расіяне. Шостай удзельніцай стала даследчык з Беларусі Вольга Масціцкая.
Як праінфармавалі ў інстытуце, члены экіпажа правялі 366 сутак ва ўмовах, якія імітуюць работу рэальнай касмічнай экспедыцыі на калямесячнай арбітальнай станцыі і паверхні Месяца.
Па сцэнарыі эксперымента, транспартны карабель быў "выведзены" на каляземную арбіту, затым быў чатырохсутачны "палёт" да Месяца і "стыкоўка" з калямесячнай арбітальнай станцыяй. Чатыры "касманаўты" здзейснілі некалькі "высадак" на Месяц. Зваротны "палёт" пачаўся за некалькі сутак да заканчэння місіі.
Складаная праца і вялікія нагрузкі
Паводле інфармацыі арганізатараў эксперыменту, на працягу года ўдзельнікі падвяргаліся ўздзеянню розных фактараў, якія характэрны для працяглых палётаў за межы калязямной арбіты.
Яны былі надоўга ізаляваны і адарваны ад звыклых умоў пражывання, выпрабоўвалі недахоп сэнсарнай стымуляцыі. Акрамя гэтага, экіпаж быў абмежаваны ў сувязі і рэсурсах.
Удзельнікам праекта даводзілася выконваць складаную навуковую дзейнасць, якая суправаджалася фізнагрузкамі і работамі ў начны час. Падчас "выхадаў" на месяцовую паверхню, "касманаўты" праводзілі кагнітыўныя тэсты і дыстанцыйна кіравалі месяцаходам, а таксама выкарыстоўвалі антрапаморфных робатаў.
Усяго экіпаж выканаў больш за 70 эксперыментаў па тэматыцы фізіялогіі, псіхалогіі, імунітэту і метабалізму, біяхіміі і медыцыны, а таксама санітарна-гігіенічныя, мікрабіялагічныя і аперацыйна-тэхнічныя даследаванні.
Як раней расказала Sputnik беларуская ўдзельніца эксперыменту, яе асноўная задача – гэта псіхалагічныя і псіхафізіялагічныя, фізіялагічныя, медыцынскія, метабалічныя, біяхімічныя і малекулярна-біялагічныя, санітарна-гігіенічныя і мікрабіялагічныя даследаванні, а таксама даследаванне імунітэту.
Ёй таксама трэба было правесці некалькі даследаванняў ад калег з Беларусі, звязаных з вывучэннем варыянтнасці сардэчнага рытму і ўплывам раслін на псіхаэмацыянальны стан.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"