Вялікая куцця – сямейная вячэра напярэдадні Нараджэння Хрыстова, якая ў праваслаўных хрысціян адбываецца з 6 на 7 студзеня. І ў нашы дні многія сем’і прытрымліваюцца звычаю сустракаць гэтае вялікае свята з асаблівай урачыстасцю.
У аснове свята – наведванне богаслужэння ў царкве, сустрэча з блізкімі за святочна прыбраным сталом і нават удзел у адроджаным у апошнія дзесяцігоддзі калядаванні.
Калядаванне ў Салігорскім раёне
© Sputnik / Альфред Микус
Ад прадзедаўскага звычаю не ўбяжыш!
Кажучы так, у народзе падкрэслівалі моц традыцый і іх наканаванасць. Маўляў, як нашы дзяды і бацькі рабілі, так і мы будзем рабіць.
Калісьці падрыхтоўка да свята доўжылася некалькі дзён: гаспадары прыбіралі ў хаце і на двары, ложак пакрывалі святочным покрывам, на абразы вешалі новыя "ручнікі-набожнікі", а самі апраналіся ў святочнае адзенне, якое абавязкова было чыстым, каб з чыстай старонкі пачаць год. Ды бавілі час за святочна накрытым сталом, чакаючы прыходу калядоўшчыкаў.
Напярэдадні Каляд гаспадары аздаблялі хату новымі ручнікамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Прыблізна тое самае робяць і цяпер. Асабліва гэта відаць у сельскай мясцовасці, дзе пры цэнтрах культуры наладжваюць сапраўдныя калядныя спектаклі з захаваннем мясцовых традыцый.
Хто аднойчы ўзяў удзел у святкаванні беларускіх Калядак, ніколі пра тое не забудзецца! Напрыклад, аб старажытным калядным абрадзе "Цары" цяпер вядома ва ўсім свеце. Так, гадоў з дзесяць таму ў вёску Семежава (Капыльскі раён на Міншчыне), дзе гэты абрад рэгулярна праводзіўся, адбывалася сапраўднае паломніцтва. Ды й што казаць, усе зацікаўленыя ездзілі ў Семежава, каб прыняць удзел у незвычайным, амаль карнавальным, шэсці. Цікава, што "Цары" існавалі ў гэтай вёсцы і ў савецкія часы, нягледзячы на забароны тагачасных мясцовых улад. Вось як аб гэтым узгадвала адна з жыхарак Семежава:
"На Каляды царі хадзілі, мужыкі, троха помню, бегалі, глядзелі, ішлі ў шарэнгу, музыкант на гармоніку граў. Заходзілі. Першы – цар: "Здравствуйце вам! Я прыбыў к вам, за каго вы мяне пашчытаеце – ці я цар рускі, ці кароль французскі?"… І далей "Пасеялі лебяду на берагу" спявалі. Руку ў коміне намажа на чорна і давай дзевак мазаць! Каўбасу ім давалі, бутылку давалі, а на другі дзень застолле гулялі, хораша было!" (паводле Марыі Віцебскай, "Народная кухня Семежава").
"На Каляды царі хадзілі..."
© Sputnik / Марина Серебрякова
"Святочная" салома
Да гэтага часу на вёсцы захаваліся і спецыфічныя забабоны, якія звязаны з падрыхтоўкай да Каляд. Так, з хлява прыносяць крыху духмянага сена і раскладаюць яго на стальніцы, пакрываючы зверху чысцюткім белым абрусам. Гэта сена нагадвае ўсім пра яслі, у якіх спаў маленькі Ісус.
Пасля вячэры, такую саломку цягаюць з-пад абруса, варожачы на добры лёс у наступным годзе. Лічыцца, што чым саломінка даўжэй, тым лепей – таму сена з-пад газонакасілкі не кладуць пад абрус.
Куцця з печы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Застолле гулялі…
І вось надыходзіў момант, калі на небе з’яўляліся першыя зоркі – сям’я сядала за стол, запальвалі свечы і чыталі "Ойча наш", віншавалі адзін аднаго. І пачыналі вячэраць з куцці.
Куцця – гэта не толькі галоўная калядная страва, але і назва самога святочнага вечара.
Па народных уяўленнях куцця – чароўная каша, бо зерне, з якога яна зварана, з’яўляецца сімвалам дабрабыту і самога жыцця. Мабыць таму, перш, чым трапіць на стол, куццю ставілі ў гаршку на сена пад абразамі на покуці і накрывалі лепшым ручніком.
Цікава, што куцця часта выкарыстоўвалася ў дзявочых варожбах аб замужжы. Напрыклад, існавала меркаванне, што калі незаўважна скрасці лыжку той кашы, загарнуць у мужчынскія порткі і пакласці пад падушку, то абавязкова прысніцца нарачоны. А ў вёсцы Семежава і цяпер гатуюць адмысловую куццю са свіным хвастом – лічыцца, што дзяўчына мусіць узяць у рот хвост з яе і бегчы па вуліцы да першага сустрэчанага мужчыны, імя якога і будзе насіць будучы муж. Такія вось завядзёнкі!
Куцця з хвастом
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Што гатуюць на Вялікую куццю?
Падчас Вялікай куцці, якую яшчэ называюць Першай, Беднай і нават Марожанай, на стале прысутнічаюць толькі посныя стравы няцотнай колькасці. Кожная гаспадыня гатуе стравы па сваім выбары, часта абапіраючыся на сямейныя традыцыі. Але ёсць стравы, якія неабходна прыгатаваць перш за ўсё.
Абавязкова пякуць бліны, гатуюць аўсяны кісель з цыбуляй, стравы з грыбамі, рыбу, у тым ліку рыбны халадзец і рыбную юшку, грыбны квас і іншыя смачныя стравы. Вось некалькі добрых рэцэптаў да вялікага свята.
Капуста кіслая
У Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці да Першай куцці гатуюць кіслую капусту і падаюць яе з піражкамі з фасолевай накрыпкай.
З чаго гатаваць:
3 л вады,
1-4 шт. сухіх баравікоў,
5 сярэдніх бульбін,
1 вялікая бульбіна,
300 г кіслай капусты,
алей для падсмажвання цыбулі,
1 цыбуліна,
1-2 лаўровыя лісты,
соль (да смаку).
Капуста кіслая
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Замочаныя загадзя грыбы прамыць, нарэзаць буйнымі кавалкамі ці пакінуць цэлымі (калі невялікія), дадаць соль, лаўровы ліст і варыць 30 хв.
Скрышыць кубікамі сярэднюю бульбу і дадаць яе да грыбоў разам з вялікай бульбінай. Праз 20 хв., як закіпіць, дадаць прамытую ў халоднай вадзе капусту. Калі зварыцца вялікая бульбіна, яе трэба дастаць і расцерці, пасля гэтага ізноў укінуць яе ў капусту. Скрышыць цыбулю, падсмажыць яе на алеі і заправіць гэтым капусту.
Піражкі з фасоляй
З чаго гатаваць:
400-500 г мукі,
1 яйка,
7-10 г сухіх дражджэй,
250 г вады,
3 ст. л. алею,
1,2-2 шк. фасолі,
1 ч. л. цукру,
0,5 ч. л. солі.
Піражкі з фасоляй
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Накрыпка гатуецца наступным чынам. Трэба замачыць на ноч фасоль, затым варыць 1 гадзіну, пасля чаго стаўчы.
Далей гатуецца цеста. У цёплую ваду дадаць яйка і акуратна перамяшаць, усыпаць цукар і дрожджы, перамяшаць, каб цукар і дрожджы цалкам распусціліся. Уліць алей і зноў перамяшаць. Далей усыпаць туды соль і муку, увесь час мяшаючы. Муку падсыпаць паступова, пакуль цеста не збярэцца ў мяккі ком, які злёгку можа прыліпаць да рук. Міску з цестам накрыць ручніком і паставіць у цёплае месца на 30-40 хв., каб падышло. Калі цеста павялічыцца ўдвая, да яго дасыпаецца мука і яно акуратна абмінаецца.
Далей ад агульнага кома адшчыкваюцца невялікія кавалачкі цеста, якія трэба распляскаць на далоні, укласці лыжачку фасолевай накрыпкі і сфарміраваць піражкі.
Падсмажыць піражкі на алеі з абодвух бакоў.
Куцця з фасоляй
З чаго гатаваць:
1 шк. ячных круп,
0,5 шк. фасолі,
1 вялікая морквіна,
1 вялікая цыбуліна,
100 г алею для смажання,
соль (да смаку).
Куцця з фасоляй
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Ячныя крупы (або панцак) і фасоль прамыць. Фасоль замачыць на ноч у халоднай вадзе, ячныя крупы замачыць за гадзіну да гатавання і надалей зварыць іх паасобку амаль да гатоўнасці.
Нацерці моркву на тарцы, дробна нашаткаваць цыбулю і падсмажыць іх разам на алеі (тлушчы). Да звараных ячных круп дадаць фасоль, падсмажаныя моркву з цыбуляй, пасаліць і ўставіць у печ (духоўку) на 10-15 хв.
Карп, тушаны ў піве
З чаго гатаваць:
1 кг карпа,
1,5 шк. лёгкага піва,
1 ст. л. разынак,
1 шк. разбаўленага воцату,
1 шк. белых тоўчаных сухароў,
1 ст. л. алею,
перац чорны молаты,
перац чорны,
перац духмяны,
гваздзіка,
лімонная скарынка,
соль (да смаку).
Карп
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Пачысціць карпа, разрэзаць на кавалкі, пасаліць, пасыпаць молатым чорным перцам, заліць разбаўленым воцатам і паставіць на паўгадзіны ў халоднае месца.
У каструлі падагрэць піва, уліць алей. Перакласці ў піва рыбу, дадаць спецыі, усыпаць падсушаныя сухары і тушыць пад накрыўкай 30-40 хв. У канцы тушэння пакласці здробненую лімонную скарынку, прамытыя разынкі, якія можна замяніць дробна нарэзанымі сушанымі яблыкамі.
Карп у піве падаюць халодным.
Шчупак смажаны
З чаго гатаваць:
1 кг шчупака,
0,5 шк. мукі,
0,3 шк. алею,
чорны молаты перац,
соль (да смаку)
Шчупакі ў краме
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Падрыхтаванага шчупака (можна выкарыстаць і іншую рыбу – судака, амура, таўсталобіка) разрэзаць на кавалкі, пасаліць, пасыпаць чорным молатым перцам.
Кожны кавалак укачаць у муку і абсмажыць на алеі з абодвух бакоў. Затым перакласці рыбу з патэльні ў посуд для тушэння і паставіць на 15 хв. у нагрэтую духоўку.
Смачнай куцці і вясёлых Каляд!
Печ і калядны бусел
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Сакрэты "каўбасы, пальцам пханай", або Гатуем "мясавыя" далікатысы да навагодніх свят
У шляхты на святочным стале, або У Новы год з беларускай кухняй
Кулінарная машына часу, або Святкуем Новы год смачна