МІНСК, 6 лют – Sputnik. Беларускі ўрад вызначыў пералік тавараў, цэны на якія будуць рэгулявацца дзяржорганамі пры неабходнасці стабілізацыі цэнавай сітуацыі, гэта прадугледжана пастановай Саўміна №69 ад 4 лютага, якая афіцыйна апублікавана ў чацвер на Нацыянальным прававым партале.
Пад такое рэгуляванне пры неабходнасці будуць падпадаць тавары, якія прызначаны для выкарыстання пры будаўніцтве аб’ектаў, а таксама пры вытворчасці будматэрыялаў. Таксама пад дзяржрэгуляванне будуць падпадаць цэны на драўняныя паліўныя гранулы (пелеты), якія вырабляюцца і рэалізуюцца на ўнутраным рынку арганізацыямі, падпарадкаванымі Мінлясгасу.
Акрамя гэтага, у гэты пералік увайшлі наступныя тавары, якія прадаюцца па знешнегандлёвых дагаворах: свежыя або астуджаныя, а таксама замарожаныя тушы і паўтушы буйной рагатай жывёлы, іншыя неабваленыя адрубы буйной рагатай жывёлы, малако і сліўкі згушчаныя, у парашку, гранулах ці ў іншых цвёрдых відах, як з дадаваннем цукру ці іншых падсалодвальнікаў, так і без, сметанковае масла і сыры.
Разам з тым у дакуменце гаворыцца, гэтае рашэнне не будзе распаўсюджвацца на тавары, цэны на якія рэгулююцца дадаткам да ўказа №72 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь".
Саўмін таксама даручыў Мінбудархітэктуры, Мінлясгасу і Мінсельгасхарчу прывесці нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з гэтай пастановай і прыняць меры па яе рэалізацыі.
Асноўныя пункты дакумента, якія датычацца рэгулявання цэн і тарыфаў, набудуць моц праз 30 дзён пасля афіцыйнага апублікавання, астатнія – адразу пасля апублікавання пастановы.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"