Вербная нядзеля: традыцыі святкавання і народныя прыкметы

У гэтым годзе Вялікдзень у праваслаўных і каталікоў супадае, галоўнае рэлігійнае свята хрысціяне адзначаць 20 красавіка.
Sputnik
Праваслаўныя і каталікі сёння, роўна за тыдзень да Вялікадня, адзначаюць адно з 12 галоўных хрысціянскіх свят – Уваходжанне Гасподняе ў Іерусалім. Яно яшчэ называецца Вербная ці Пальмавая нядзеля – у сувязі з традыцыяй прыносіць у храмы іх галінкі і асвячаць.
Дадзенае свята прысвечана адной з галоўных евангельскіх падзей, калі Ісус пасля ўваскрашэння памерлага Лазара заязджаў на осліку ў Іерусалім.
Там яго ўрачыста сустракалі воклічамі: "Асанна, Асанна!", славілі як месію і кідалі пад ногі адзенне і пальмавыя галінкі.
Інсцэніроўка ўезду Ісуса ў Іерусалім падчас святкавання вербнай нядзелі на плошчы ля архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, архіўнае фота

Асвяціць вербы

Сёння вернікі з самага ранку прыйдуць на боскую літургію. І ў каталіцкіх, і ў праваслаўных храмах там асвяцяць галінкі вярбы, некаторыя ж зрабілі гэта напярэдадні ўвечары.
Пасля службы вярбу нясуць дадому і ставяць каля абразоў. Лічыцца, што асвячоныя галінкі будуць з’яўляцца своеасаблівым святым абярэгам на бліжэйшы год. Вербныя галінкі захоўваюцца да наступнай Вербніцы, калі іх замяняюць на новыя. Старыя ж галінкі ніколі не выкідваюць, а звычайна спальваюць, адначасова молячыся.
У гэтым годзе 13 красавіка, падчас свята Уваходжання Гасподняга, у Свята-Елісавецінскім манастыры адбудзецца ўрачыстае асвячэнне новай скульптурнай кампазіцыі, якая паказвае выяву Збавіцеля, які ўязджае ў Іерусалім. Чакаецца, што чын асвячэння ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.
Вербныя галінкі

Народныя вераванні

Ва ўсходнеславянскай традыцыі асвячонай вярбе прыпісвалі асаблівую сілу, верылі, што яна можа выратаваць ад навальніцы, вылечыць хворых, зберагчы свойскую жывёлу ад паморку, сурокаў і драпежнікаў.
Сярод народных абрадаў, звязаных з вярбой, сустракаліся вельмі цікавыя:
хвастанне вярбой – такія "ўдары" суправаджаліся адмысловай замовай: "Не я б’ю – вярба б’е, за тыдзень – Вялікдзень, будзь багаты, як зямля, будзь здаровы, як вада, як лёд – на ўвесь год!" Лічылася, што яны здольныя ачысціць душу, адагнаць ад чалавека ўсялякія хваробы. Найбольшую сілу рытуал, на думку нашых продкаў, меў на досвітку вербнай нядзелі;
вярба-абярэг – вербныя галінкі ставілі ў пачэсны кут, а таксама засоўвалі за столевую бэльку або клалі ў пячурку, спадзеючыся, што тым самым зберагуць жыллё ад выпадковай маланкі;
мыццё вярбой – на асвячонай у царкве вярбе настойвалі ваду, якой рэкамендавалася абмыць твар і рукі. Лічылася, што такім чынам у чалавека захоўваецца здароўе і прыгажосць;
сімвал урадлівасці – асабліва дасведчаныя гаспадыні хавалі галінку вярбы пад першую баразну, калі прыходзіла чарга пасяўной. Тым самым вярба, на іх думку, дапамагала захаваць і прымножыць ураджай.
Покуць з вербамі

Прыкметы на Вербную нядзелю

Таксама са святам было звязана і мноства народных прыкмет:
мароз у гэты дзень прадвяшчае добры ўраджай ярыны;
калі ў Вербніцу стаіць сонечнае цёплае надвор’е, то лета будзе вельмі ўраджайным, а вось калі ідзе дождж ці снег, то сёлета будзе шмат хлеба;
калі занесці вербныя галінкі ў дом на досвітку – сям’ю будзе чакаць удалы год;
калі галінка вярбы распусціцца, то чым больш пухнатыя "коцікі", тым больш шчаслівымі будуць блізкія;
а калі пакласці асвячоную вярбу пад падушку, то абавязкова прысніцца вешчы сон.
Нагадваем, што ў панядзелак пачынаецца Перадвелікодны тыдзень, у кожны дзень якога царква будзе ўспамінаць апошнія моманты зямнога жыцця Ісуса.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
"Святочная смакацеча" на Вербніцу, або Рыбныя стравы для сумленных поснікаў