У Беларусі татары аселі больш за 600 гадоў таму, калі прыйшлі сюды разам з вялікім князем Вітаўтам. Стагоддзямі яны неслі службу, жылі паводле свайго ўкладу і захоўвалі традыцыі. У першую чаргу веру – іслам.
Як мусульмане Іўя адзначаюць сваё галоўнае свята ахвярапрынашэння, даведаўся карэспандэнт Sputnik.
Мячэць у Іўі
© Sputnik / Виктор Толочко
Свята ахвярапрынашэння
Курбан-байрам традыцыйна адзначаюць на 70-ы дзень пасля Рамадана, і азначае ён заканчэнне хаджу. Як і ўсе значныя святы, ён прывязаны да месяцовага календара, таму дата з году ў год плаваючая.
Сама назва свята ва ўсім свеце больш вядома на арабскай мове – Ід аль-Адха, што даслоўна азначае "свята ахвярапрынашэння". У Беларусі яго ведаюць пад больш звыклым Курбан-байрам у цюркскім яго варыянце – беларускія татары змаглі захаваць праз столькі гадоў звыклую для іх продкаў з Крыма назву.
Мячэць у Іўі
© Sputnik / Виктор Толочко
Летні дождж
У пятніцу ў Іўі дождж ліў з самай раніцы, але гэта ні кроплі не бянтэжыла вернікаў, якія збіраліся на ганку мячэці. Дом малітвы ў беларускім мястэчку пабудавалі яшчэ ў XIX стагоддзі, і з таго часу ён не мяняў ні сваё аблічча, ні прызначэнне нават у савецкія гады.
Мячэць падзелена на дзве часткі: мужчынскую і жаночую – гэта даніна традыцыі і павага да веры. У гэты святочны дзень усім мусульманам належыць прыходзіць у мячэць пасля поўнага абмывання і ў прыгожым адзенні.
Імам у мячэці ў Іўі
© Sputnik / Виктор Толочко
Служба пачынаецца толькі пасля таго, як збіраюцца ўсе мясцовыя і не толькі. Сёння ў Іўе прыехалі і мусульмане з іншых краін, якія жывуць у Беларусі.
У пярэдняй частцы мячэці вернікі расстаўляюць пачастункі ў кошыках, пасля гэтага пачынаецца чытанне свяшчэннага Карана. Усе моляцца ўслых на арабскай, аднак не ўсе мову ведаюць, хоць малітвы чытаюць на памяць.
Пачастункі ў кошыках
© Sputnik / Виктор Толочко
Моляцца ў мячэці, седзячы на дыванах перад дарожкай зялёнага (святога ў ісламе) колеру, для пажылых мужчын прадугледжаны спецыяльныя лавы, але пачынаюць чытаць намаз усёй абшчынай абавязкова стоячы. Кланяюцца ўсявышняму, славячы яго ў пояс, а затым і на каленях.
Ахвяра прыгожая і чыстая
Пасля здзяйснення намазу дарожкі прымаюць, перадаючы адзін аднаму, і, завяршыўшы малітву, вернікі ўслед за імамам выходзяць на вуліцу. З завяршэннем малітвы скончыўся і дождж, які ліў бясконца ўсю раніцу.
Надыходзіць кульмінацыя свята – ахвярапрынашэнне. У двары ўжо прыгатаваны баранчыкі і вялізны бык (абавязкова не маладзейшы за два гады).
Ахвяру належыць прыносіць вострымі нажамі, каб жывёла не адчувала мучэнняў і не пакутавала. Як кажуць мусульмане – яна не павінна памерці двойчы (спачатку ад страху, а потым ад нажа).
На вуліцы ўсе адзін аднаго віншуюць часцей з Курбан-байрамам, а часам і проста: са святам.
Пасля завяршэння ўсіх падрыхтовак мужчыны прыступаюць да сваёй працы. Усе ахвярапрынашэнні імам абавязкова суправаджае малітвай.
Пасля таго як ахвяры прынесены, вернікі разыходзяцца па дамах, каб прадоўжыць святкаванне ўжо ў сямейным коле.
Сэнс свята
Курбан-байрам – не проста свята ахвярапрынашэння, гэта прызнанне ўлады ўсявышняга над чалавекам і яго жыццём. У Каране гаворыцца, што прарок Ібрахім у сне ўбачыў, як Алах загадаў яму прынесці ў ахвяру ўласнага сына. Ібрахім падпарадкаваўся волі ўсявышняга і расказаў пра яе сыну. У момант, калі ён быў гатоў ім ахвяраваць, Алах адвёў яго руку.
Курбан-байрам у Іўі
© Sputnik / Виктор Толочко
Усявышні ўбачыў дабрадзейнасць прарока і прызнаў, што той прайшоў выпрабаванне, якое даказала сапраўднасць веры. Таму ахвяра была заменена на барана.
Зараз на Курбан-байрам могуць прыносіцца ў ахвяру бараны, бык ці вярблюд. Усё залежыць ад таго, у якой краіне мусульмане адзначаюць свята. Галоўнае, каб жывёла была прыгожай і без недахопаў. Таму што гэта ахвяра ўсявышняму, якая ў іншым свеце ляжа на чашу шаляў добрых спраў.
Мяса прынята дзяліць: трэць – для сям’і, трэць – на пачастунак суседзяў і трэць абавязкова – як міласціну незаможным.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"