Беларускія вучоныя праводзяць чарговы археалагічны сезон на гарадзішчы на Менцы. У мінулым годзе даследчыкам удалося выявіць на яго тэрыторыі старажытнарускі пагост з пахаваннямі XI-XII стагоддзяў.
Такія статутныя пахаванні ў старажытнарускіх гарадах і ўжо тым больш на гарадзішчы на Менцы маглі знаходзіцца толькі каля царквы. Таму сёлета было прынята рашэнне працягнуць раскопкі, каб знайсці сляды храма. Гэта магла б быць самая старажытная раннехрысціянская царква ў дадзеным рэгіёне.
Палац на месцы царквы
"Раскопкі мы пачалі ў чэрвені: прырэзаліся да раскопу мінулага года. Тады ўзнікла пытанне – адкуль тут могілкі, і мы вырашылі ўзяць крыху шырэй", - расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх стагоддзяў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.
Паводле яго слоў, вучоныя сутыкнуліся з нечаканай праблемай пры пошуку слядоў царквы. Аказалася, што на гэтым месцы стаяла палацавая пабудова XVII стагоддзя.
"На гэтай частцы ўвесь старажытнарускі культурны пласт практычна да мацерыка знішчаны. Хутчэй за ўсё, гэта не дазволіць пацвердзіць гіпотэзу аб раннехрысціянскім храме", - сказаў археолаг.
Драўляная маставая
Андрэй Вайцяховіч нагадаў, што раней на раскопках на вале была знойдзена драўляная маставая, і тады радыевугляродны аналіз паказаў датыроўку XIV-XV стагоддзе.
"Месяц таму быў праведзены дэндрахраналагічны аналіз для драўлянай асновы маставой. Гэты аналіз паказаў нам 1840 год. Гэтую маставую і прарэзку ў вале зрабіў Рудольф Пішчала (будаўнік турмы на вуліцы Валадарскага - Sputnik), якому тады належала Гарадзішча", - канстатаваў ён.
Па словах гісторыка, зусім незразумела, навошта тады Рудольф Пішчала зрабіў гэтую прарэзку ў вале, затое стала відавочна, адкуль столькі расійскіх манет XIX стагоддзя было знойдзена тады на раскопках.
Скандынаўская руна
Нягледзячы на тое, што культурны пласт непасрэдна на гарадзішчы на Менцы быў парушаны, там усё роўна ўдалося адшукаць цікавыя артэфакты старажытнарускага перыяду.
"Вельмі важнай для разумення гістарычнага кантэксту з’яўляецца мечападобная бронзавая кніжная зашпілька XI-XII стагоддзя. Гэта сведчыць аб тым, што ў летапісным Мінску жылі людзі, якія ўмелі чытаць і пісаць, а кнігі ў той час былі выключна царкоўнымі", - растлумачыў гісторык.
Мечападобная кніжная зашпілька, старажытнарускі перыяд XI-XII стагоддзя
© Photo : из личного архива Андрея Войтеховича
Добрай знаходкай стала і скроневае трохпацеркавае кальцо, якое з’яўляецца характэрным атрыбутам гарадскога жыцця. Яно зроблена з бронзы і захавалася практычна поўнасцю.
Падвеска з бронзы, старажытнарускі перыяд
© Sputnik / Виктор Толочко
Цікавай і важнай знаходкай, на думку даследчыка, стаў фрагмент амфары, на якім прадрапана руна – Iwaz, Эйваз ці ціс.
"Тут упершыню знойдзена графіці на амфары. Звычайна надпісы наносіліся грэчаскімі літарамі або першымі кірылічнымі. А тут менавіта скандынаўская руна XI-XII стагоддзя", - асабліва адзначыў Андрэй Вайцяховіч.
Фрагмент амфары з рунай XI-XII стагоддзя
© Sputnik / Виктор Толочко
На яго думку, руну на амфары выдрапаў скандынаў, якому яна належала. Хутчэй за ўсё ён вазіў у амфарах віно з Прычарнамор'я і такім чынам пазначаў свой тавар.
"Тут на гарадзішчы на Менцы гэта ўвогуле першая руна. У Беларусі ў цэлым не густа з рунамі. Толькі гарадзішча Масковічы (помнік XI-XII стагоддзя - Sputnik) і ўсё", - звярнуў увагу гісторык.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"