Пра тое, чаму 2025 год для беларускіх пчаляроў аказаўся цяжкім, хто крадзе мёд у беларускіх пчол і для чаго кожнаму чалавеку патрэбен персанальны пчаляр, карэспандэнту Sputnik Тамары Бяляевай расказала старшыня рэспубліканскага ГА "Беларускія пчаляры" Анастасія Хаўрук.
Старшыня рэспубліканскага ГА "Беларускія пчаляры" Анастасія Хаўрук
© Sputnik / Виктор Толочко
У бягучым годзе сезон выдаўся вельмі складаным для пчаляроў, роўна як і для ўсёй сельскай гаспадаркі краіны. Зацяжная вясна і халодныя замаразкі проста забівалі ўсе зародкі кветак-меданосаў, адзначае субяседніца Sputnik.
"А тое, што не змерзла, тое, як кажуць, заліло вадой… Потым далей пайшлі праліўныя дажджы. Адзін дзень пчолы працуюць, два-тры дні сядзяць у вуллях і з’ядаюць тое, што прынеслі", - расказвае яна.
Паводле слоў Хаўрук, з-за складанага надвор’я прагноз на медазбор сёлета песімістычны, ён можа быць у два-тры разы меншы за звычайны.
Цяжкі мёд і няроўная цана
Анастасія Хаўрук адзначае, што пчалярам сёлета даводзілася пастаянна падладжвацца пад умовы надвор’я і гэта, безумоўна, павялічыла сабекошт прадукцыі.
"Працы вельмі шмат – больш, чым звычайна. Працуеш то пад дажджом, то ў нейкім пастаянным напружанні. Адпаведна, выхад валавога прадукту значна ніжэйшы за звычайны", - расказвае пчаляр.
Пчаліныя вуллі на пчальніку
© Sputnik / Виктор Толочко
Разам з тым пчаляр адзначае, што попыт на мёд у Беларусі вельмі нядрэнны і расце кожны год, але сёлета прапанова на рынку беларускага мёду будзе значна горшая, чым звычайна. А з-за гэтага вырасце і цана, папярэджвае Хаўрук.
У той жа час катастрафічна нізкія аптовыя цэны на мёд заўсёды былі праблемай для беларускіх пчаляроў – гэтыя цэны часам несупастаўныя з тым, колькі пчаляр укладвае сродкаў і працы ў абсталяванне і матэрыялы, кажа субяседніца Sputnik.
"На жаль, у нас правілы рынку часцей за ўсё дыктуюць аптавікі, якія не моцна хочуць узнімаць цану. Але сёлета зусім няшмат паднімаецца цана ў розніцу. Бо пчаляр сам сабе ўстанаўлівае цэны, і можа іх неяк рэгуляваць", - адзначае субяседніца агенцтва.
Паводле яе слоў, у апошнія некалькі гадоў у Беларусі некаторыя пчаляры памяншалі або наогул згортвалі пчальнікі або спынялі працаваць на мёд, а працавалі больш на пчаліныя пакеты (пакет – гэта ўпакаваная ў адмысловую тару пчаліная сям’я, якая складаецца з пчол, маткі, корму і расплоду).
"Пчалярам трэба было перабудоўвацца, каб атрымаць прыбытак нейкім іншым спосабам ва ўмовах катастрафічна нізкіх аптовых цэн на мёд", - тлумачыць субяседніца агенцтва.
Старшыня рэспубліканскага ГА "Беларускія пчаляры" Анастасія Хаўрук
© Sputnik / Виктор Толочко
Колькі павінен каштаваць мёд?
Ёсць сур’ёзны нюанс і з фарміраваннем цаны на мёд, кажа субяседніца Sputnik. Тут пчалярам, якія працуюць на сваіх пчальніках, сур’ёзную канкурэнцыю складаюць тыя, хто вырабляе мёд у прамысловых маштабах і выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі, у тым ліку механізаваныя лініі прапампоўкі.
"Калі курс долара быў "жывы", лічылася, што кілаграм мёду павінен каштаваць 10 долараў. Таксама раней існавала формула – адзін кілаграм мёду быў роўны кошту 10 кілаграмаў цукру. Цяпер такога няма", - гаворыць пчаляр.
"Прамыслоўцы" маюць магчымасць скарачаць сабекошт мёда за кошт памяншэння выкарыстання ручной працы, адзначае Хаўрук.
Пчалярства ў Беларусі
© Sputnik / Виктор Толочко
Слабая меданосная база
Адной з самых сур’ёзных праблем беларускіх пчаляроў Анастасія Хаўрук называе слабую меданосную базу – гэта недахоп раслін, якія вылучаюць нектар і пылок, якія з’яўляюцца ежай для пчол.
"Усе магчымыя палі, якія адведзены пад сельскагаспадарчыя культуры, у асноўным засеяны або збожжавымі культурамі, або кукурузай, або рапсам. Рапс – добрая культура для медазбору, але рапсавы мёд не самы папулярны ў спажыўца. Таму таннейшы ў параўнанні з іншымі відамі мёду. Лічыцца, што ў Беларусі ўсяго каля 60% рапсавага мёду", - кажа пчаляр.
І тут жа адзначае, што пчалярам даводзіцца сутыкацца з яшчэ адной праблемай – гэта апрацоўка гербіцыдамі сельскагаспадарчых палёў, на якія пчолы лятаюць за пылком.
Працавітыя беларускія пчолы
© Sputnik / Виктор Толочко
Чаму гінуць пчолы?
Праблема гібелі пчаліных сямей зараз актуальная не толькі для Беларусі, гэта агульнасусветная тэндэнцыя, адзначае субяседніца Sputnik. Пад уплывам мноства фактараў лік пчаліных сямей памяншаецца з кожным годам.
"Вядома, гэта і пестыцыды, і насякомыя-шкоднікі. Напрыклад, клешч, які перараджаецца, становіцца больш устойлівым да сучасных лекаў. Гэты клешч вельмі моцна псуе імунітэт пчол", - адзначае субяседніца агенцтва.
Усе гэтыя фактары, па словах пчаляра, прыводзяць да таго, што можа адбыцца так званы злёт сямей з пчальніка, калі пчолы масава пакідаюць свае вуллі і ў выніку могуць загінуць або моцна аслабнуць. Як правіла, гэта адбываецца восенню.
Пчалярства ў Беларусі
© Sputnik / Виктор Толочко
Дэфіцыт пчол
Гібель пчол і памяншэнне колькасці пчаліных сямей ужо прывяло да сур’ёзных наступстваў, якія могуць адбіцца на ўсёй пчалярскай галіне краіны, адзначае спецыяліст.
"Такой колькасці пчаліных сямей, што ёсць зараз у Беларусі, не хапае для апылення ўсёй той меданоснай базы, тых неабходных раслін – пладовых дрэў, ягаднікаў. І з кожным годам колькасць іх змяншаецца. Нават за апошнія 10 гадоў іх стала значна менш", - падкрэслівае Анастасія Хаўрук.
Зладзеяватыя восы
Не толькі ўмовы надвор’я і сельскагаспадарчая дзейнасць аказваюцца прэсінгам для пчалінай папуляцыі. У пчол хапае ворагаў і ў прыродзе, да прыкладу, мала хто ведае, што восы, вонкава падобныя на пчол, якіх большасць людзей лічаць ці ледзь не пчалінымі сёстрамі, на самай справе з’яўляюцца іх лютымі ворагамі.
"Восы – гэта таксама шкоднікі ў адносінах да пчол. Пару гадоў таму ў нас было проста нейкае засілле вос на пчальніках. Ды і сёлета яны пачалі даставаць пад канец сезона. Крадуць мёд, надакучаюць працавітым пчолам, перашкаджаюць працаваць", - распавядае пчаляр.
Працавітыя пчолы на беларускім пчальніку
© Sputnik / Виктор Толочко
Здароўе пчол
Колькасць пчол памяншаецца не з-за таго, што іх сталі менш разводзіць, а з-за таго, што гэтыя працавітыя і карысныя насякомыя часта хварэюць, адзначае Хаўрук.
"Часцей за ўсё іх гібель адбываецца таму, што пчолы не пераносяць зімоўку. І мы ўсё часцей і часцей чуем пра тое, што на некаторых пчальніках гіне да 90% пчол", - расказвае спецыяліст.
Пры гэтым яна адзначае, што зменшыць смяротнасць пчалінай папуляцыі можна ў тым ліку правільным ужываннем ветэрынарных лекаў.
"Трэба сказаць праўду, што пчаляры, асабліва на маленькіх пчальніках, не заўсёды сочаць за навінкамі ветэрынарных прэпаратаў, апрацоўваюць пчол або па-старому, або наогул гэтага не робяць", - адзначае Анастасія Хаўрук.
Пчол у вуллях абкурваюць дымам, каб супакоіць іх перад аглядам вулля і зборам мёду, а таксама каб зменшыць агрэсіўнасць пчол падчас працы з імі
© Sputnik / Виктор Толочко
Паводле яе слоў, многія спасылаюцца на тое, што "мой дзед нічога такога не рабіў, і я не буду".
"Але, на жаль, хваробы ў пчол муціруюць. І трэба ісці ў нагу з часам, лячыць іх больш сучаснымі лекамі", - падкрэсліла спецыяліст.
Яшчэ адным істотным фактарам дабрабыту пчол з’яўляецца экалагічная абстаноўка – шкодныя выкіды, іншыя рызыкі, звязаныя з пагаршэннем экалогіі ўплываюць на тое, як жывуць пчолы, на колькасць пчаліных сямей.
Жывуць, як пчолы загадаюць
Анастасія Хаўрук, якую ў Беларусі часта называюць пчалінай каралевай, шмат гадоў займаецца пчалярствам разам са сваім мужам Аляксандрам, у якога "пчаліны стаж" больш за 25 гадоў. Іх трое дзяцей з самага ранняга дзяцінства ведаюць аб тым, як з’яўляецца мёд на стале, колькі бацькі ўкладваюць у яго і фізічных, і маральных сіл.
"Праца пчаляра вельмі складаная. Яна фізічна цяжкая – заўсёды на спякоце, у касцюме, прыходзіцца цягаць карпусы вуллёў, ды і проста быць уджаленым... Пчаляры практычных ніколі не з’яжджаюць на адпачынак улетку, таму што ў іх самы разгар працы", - кажа Хаўрук.
Каму патрэбны персанальныя пчаляры
Ведаючы аб цяжкасцях, з якімі сутыкаюцца пчаляры, і аб высокай якасці іх прадукцыі, субяседніца Sputnik заклікае беларусаў купляць менавіта айчынны мёд.
"Хацелася б сказаць лозунгам з банэраў "Купляйце беларускае!" Я буду заўсёды, як старшыня грамадскага аб’яднання, як адвакат беларускіх пчаляроў, настойваць на тым, каб нашыя спажыўцы куплялі беларускі мёд у нашых пчаляроў", - кажа Хаўрук.
Пчалярства ў Беларусі
© Sputnik / Виктор Толочко
Пры гэтым пчаляр дае слушную параду – калі вы хочаце атрымаць максімальную карысць ад мёду і іншых пчаліных дароў, трэба завесці персанальнага пчаляра.
Старшыня рэспубліканскага ГА "Беларускія пчаляры" Анастасія Хаўрук
© Sputnik / Виктор Толочко
"Можна проста на пчальніку, можна дамаўляцца з пчалярамі, многія з якіх самі даставяць мёд. Наогул трэба проста знайсці сабе такога асабістага пчаляра – як асабістага стаматолага, або сямейнага педыятра. І браць у яго ўвесь час мёд", - раіць старшыня грамадскага аб’яднання.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"