МІНСК, 12 вер – Sputnik. Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сяргеенка ўручыў падзякі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, выпускнікам школ, якія набралі 400 балаў. Сярод тых, каго ўшаноўвалі ў Авальнай зале, была і старшыня Беларускага саюза блакаднікаў Ленінграда 95-гадовая Марыя Ягадніцына, перадае карэспандэнт Sputnik.
Напярэдадні Дня народнага адзінства, які ў Беларусі адзначаецца 17 верасня, у Палаце прадстаўнікоў прайшоў урачысты сход, на якім прысутнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый, учарашнія школьнікі.
© Sputnik / Тамара Беляева
"Перакананы, што ўсіх удзельнікаў сённяшняй сустрэчы аб’ядноўвае пачуццё патрыятызму. Сёння, як ніколі, патрэбен дзейны патрыятызм і актыўная асабістая грамадзянская пазіцыя", - сказаў Сяргеенка, выступаючы ў Авальнай зале.
Спікер Палаты прадстаўнікоў назваў уз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР, якое адбылося ў 1939 годзе, "лёсавызначальным".
"Тыя, хто прыняў лёсавызначальнае рашэнне ў 1939 годзе, а затым грудзьмі абараніў свой выбар у гады вайны і адрадзіў краіну з руін, былі самыя звычайныя людзі, такія ж, як і мы з вамі, – сяляне, рабочыя, студэнты, жанчыны і мужчыны, пажылыя і маладыя", - адзначыў ён.
Ігар Сяргеенка падкрэсліў, што гэтая падзея з’яўляецца важным для ўсіх урокам і ніхто не мае права аддзяляць сябе ад гістарычнага працэсу.
Сярод тых, каму была ўручана падзяка старшыні Палаты прадстаўнікоў – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, блакадніца Марыя Ягадніцына, якая сёлета адзначыла сваё 95-годдзе.
© Sputnik / Тамара Беляева
Размаўляючы з журналістамі перад пачаткам мерапрыемства, Марыя Ягадніцына заклікала маладыя пакаленні захаваць мір на сваёй зямлі.
"Радзіму і маці не выбіраюць, яна ў нас адна. Зрабіце ўсё магчымае, каб і ваша пакаленне жыло ў міры, каб вашыя дзеці, родныя не ведалі, што такое вайна. Мы за мір ва ўсім свеце", - падкрэсліла ветэран ВАВ.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"