"Хутка Піліпей – гатуем стол смачней", або "Морозцы" для павітухі

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра старадаўнія асаблівасці вясковага шанавання "бабы, што пупы вяжа", і раіць паспець прыгатаваць перад Піліпаўскім постам "блінцы картопляныя" з фасоллю ды "булочкі морозцы" па-драгічынску.
Sputnik
Сырымі днямі сыходзіць восень. Праз адчыненыя лістападам дзверы мокрым снегам ціха ўвайшла зіма. Мабыць, Кацярына, прысвятак у гонар якой святкавалі на тыдні 25 лістапада, сапраўды "трэсла снежныя падушкі". Ад гэтага часу, чакаючы вялікіх снягоў, продкі заўважалі:
"Прыйшла Кацярына – прыйдзе і пярына".
Кацярына "патрэсла снежныя падушкі"

Развітанне з "вясельніцай"

Згодна з народнымі традыцыямі завяршылася восеньская "вясельніца". Дзяўчаты, якім не выпала пайсці замуж гэтай восенню, з лёгкім сумам уздыхалі:
"Была восень, цяпер зіма, былі хлопцы, цяпер няма…"
Завяршылася восеньская "вясельніца"
Але сум гэты кароткі, бо праз некалькі месяцаў будзе Мясаед і новыя вяселлі.
Нягледзячы на адносна спакойны стан у прыродзе, кароткі светлавы дзень і доўгія цёмныя вечары, калісьці ў гэты час жыццё на весцы віравала! Дзяўчаты збіраліся ў гурбу і радзіліся: у якой хаце на працягу ўсёй зімы будуць збірацца на вячоркі ды ігрышчы і ўпотай назіраць за хлопцамі.
Вячоркі ў вёсцы
Так было калісьці, а цяпер – усё інакш. Вось толькі клопаты гаспадынь, якія жывуць у вёсцы і яшчэ гатуюць у печы, амаль не памяняліся. Бо нездарма ў народзе прыкмячаюць:
"Замуж выйсці – трэба знаць: позна легчы, рана ўстаць".

Правадніцы божай ласкі

Заўтра пачынаецца Піліпаўка – шасцітыднёвы перадкалядны пост, а гэта значыць, што, развітваючыся з восенню, яшчэ можна разгавецца. Тым больш, што 27 лістапада прысвятак Юсцініян – гэты асаблівы дзень звязаны з дзецьмі, бо згаданы святы лічыцца апекуном плоднасці і дзяцінства.
Дзяўчынкі спяваюць песні
Улічваючы, што нядаўна адбылося шмат вяселляў, то праз час трэба чакаць папаўнення вясковай супольнасці. Дарэчы, амаль у кожнай вёсцы была жанчына, якая ўмела прыняць роды, гэта значыць – як раней казалі – "перарэзаць пупавіну". Гэтую чужую і адначасова блізкую кожнаму жанчыну-павітуху на вёсцы ласкава называлі "бабкай" і вельмі паважалі. Так, у народным календары замацавана некалькі святочных дзён, калі дзеці ўшаноўвалі сваіх бабак, абдорвалі падарункамі. І ў гэтым быў свой народны сэнс: у народзе лічылі, што чым больш у сям’і дзяцей, тым лепш для роду. А таму "бабка", прымаючы ў сябе "ўнукаў", абавязкова казала: "Каб вас паболела!".
Дарэчы, падзяка ад "унукаў" не абмяжоўвалася толькі падарункамі – напрыклад, на Масленіцу "ўнукі", упрогшыся ў санкі, шпарка каталі "бабку" вясёлай гурбой па вёсцы, імкнучыся выкуліць яе з санак у снег.
Бабку-павітуху вязуць на санях
Маўляў, час табе, бабулька, бегчы прымаць новага чалавечка ў свет!
Таксама паколькі нараджэнне дзяцей разглядалі як божую ласку, у знак пашаны "бабу, што пупы вяжа", у апошні дзень перад Піліпаўкай было прынята запрашаць у госці і частаваць асабліва смачнымі стравамі.
Частаванне бабкі-павітухі

Стол для "бабкі"

Сёлета падчас чарговай этнаграфічнай вандроўкі ў старажытную вёску Бездзеж, што знаходзіцца ў Драгічынскім раёне на Брэстчыне, кулінарны сшытак зноў папоўніўся на некалькі цікавых рэцэптаў традыцыйных беларускіх страў.

"Булочкі морозцы"

Кажуць, калі з’есці крыху першага снегу і пры гэтым загадаць жаданне, то яно абавязкова здзейсніцца. Аднак ёсць альтэрнатыўная і больш смачная прапанова: замест снегу пакаштаваць печыва "морозцы"!
З чаго гатаваць:
0,5 л смятаны,
0,5 л свінога тлушчу,
1 кг мукі,
10 г дражджэй,
200 г цукровай пудры,
вішня без костачак (па патрэбе).
Як гатаваць. Пры пакаёвай тэмпературы размякчыць тлушч. Развесці дрожджы ў цёплай вадзе і дадаць у тлушч, затым дадаць смятану, а пасля – муку. Замясіць тугое цеста і паставіць на холад на 2 гадзіны.
Цеста на "морозцы"
Тонка раскачаць цеста, разрэзаць на трохкутнікі. На верхні канец трохкутніка відэльцам пакласці вішню і скруціць у трубачку.
Працэс гатавання "морозцоў"
Печыва выпякаць на блясе, змазанай тлушчам (алеем) у печы (духоўцы) 30 хв.
Гатовыя "булочкі" пасыпаць цукровай пудрай – каб атрымаліся сапраўдныя "морозцы"!
"Морозцы" з гарбатай

"Блінцы картопляныя" з фасоллю

З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
1 шк. фасолі,
1 яйка,
1 цыбуля,
алей для смажання,
8 г солі
Што трэба для гатавання бульбяных аладак з фасоллю і макухі з лёну
Як гатаваць. Фасоль замачыць у халоднай вадзе на ноч. Раніцай зліць ваду і заліць 1 л свежай вады, зварыць пад накрыўкай на малым агні на працягу 40-50 хв. да гатоўнасці.
Фасоль стаўчы да таўканіцы. Бульбу і цыбулю дробна натаркаваць. Дадаць у таркаваную масу фасолевую таўканіцу, яйка і соль, перамяшаць.
Макуха з блінцамі
Разагрэць на сярэднім агні алей (або тлушч) і лыжкай выкладваць цеста на патэльню. Невялікія блінцы абсмажыць з абодвух бакоў.
Падаваць з ільняной макухай, якая гатуецца наступным чынам: семя лёну прагрэць на патэльні, каб пачало падскокваць, затым дадаць у лён крыху солі і злёгку перацерці.
Смачна есці і дабро несці!
У святочна прыбранай хаце
Чытайце таксама:
"Ад Матроны зіма становіцца…", або Традыцыйныя стравы позняй восені
"Міхайлы Рахайлы", або Напамін аб прадзедах з куццёй і блінамі
"На двары лёд – кавалю мёд…", або Святочная кухня на Кузьмінкі