Божы дар у апошні калядны дзень, або На Вадапосце галодная куцця здароўе беражэ

Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца ўспамінамі пра асаблівасці сустрэчы Вадзяной Каляды і прапануе прыгатаваць да поснай куцці капусны квас с селядцом і пажыўныя крываносікі з насеннем лёну, гарбуза і сланечніку.
Sputnik
Малюючы на вокнах вытанчаныя ўзоры, Каляды разам з вясёлымі гуртамі калядоўшчыкаў і шчодрасцю гаспадароў развітваюцца да наступнага года. 19 студзеня народ святкуе Вадохрышча (інакш – Хрышчэнне, Кшчэнне) і гэта апошні дзень Каляд, а напярэдадні – Трэцюю куццю.

Культ шанавання вады

Трашчыць мароз, хапае за твар і рукі вернікаў, якія спяшаюцца ў царкву на святочнае набажэнства ў гонар хрышчэння Ісуса Хрыста ў рацэ Іардан Іаанам Хрысціцелем.
Трашчыць мароз
І хоць крыху сумна, што завяршыліся Каляды, усё ж душа імкнецца наперад, дзе сінічка цінькае аб набліжэнні вясны. Бо нават народнае выслоўе, якое захавалася да нашага часу – "Трашчы мароз, ні трашчы, а ўжо прыйшлі Вадохрышчы" – гэта аб абуджэнні прыроды ад зімовага сну. Пра тое ж спявае і вада ў крыніцы, якая ніколі не замярзае.
Вада – Божы дар, таму і Вадохрышча з’яўляецца святам, якое звязана з культам шанавання вады і яе асвячэння. Да таго ж захавалася продкавае меркаванне, што чалавек і сам амаль вада, адкуль вынікае, што як ён шануе яе, то і сам будзе шанаваны.
Асвячэнне вады
Раней у гэты час вернікі з дапамогай крэйды ставілі-пісалі над дзвярамі сваёй хаты крыжык, мабыць таму сярод іншых назваў (Пабед-Каляда, Вадзяная Каляда, Піскуха) дадзенаму святу падарылі адпаведнае імя – Пісаная Каляда. Такое "пісанне" здаўна значыла завяршэнне калядных урачыстасцей і па народных уяўленнях служыла абярэгам.
Аднак напярэдадні Вадохрышча, 18 студзеня, святкуюць Трэцюю куццю, якую згодна з каляндарнымі асаблівасцямі называюць хрышчэнскай, галоднай ці вадзяной, вадапоснай. Адпаведна захаваліся і такія народныя назвы куцці, як "вадзянка", "вадзянуха" або проста "вадапосце". І нездарма, бо менавіта на Хрышчэнне існуе вядомая добрая традыцыя назапашвання і ўжывання асвячонай вады, пра што ў Лёзненскім раёне старыя людзі распавядаюць:
"На Хрэшчэнскую каляду пака вады свянцонай не пап’ець, ні даўжон ніхто нічога есць. Як прынясеш ету ваду – самі вып’ем і ў хляве пасвяцім, усюду і штоб ета вада была ў цябе год. І вада ета нікагда не бывае мутнай".
Народныя назвы куцці напярэдадні Вадохрышча – "вадзянка" ці "вадзянуха"

Посная куцця – крок да здароўя

Дзень перад Вадохрышчам заўсёды строга посны. Так, на куццявую вячэру напярэдадні свята ніколі не ўжываліся ў ежу мясныя, малочныя, рыбныя стравы, а таксама стравы з яйкамі ці на іх аснове. Продкі абавязкова гатавалі посную куццю – кашу пераважна з пшанічных круп, запраўленую алеем, аднак часам туды дадавалі для смаку мак, лён, гарбузовыя ці сланечнікавыя семкі і сухафрукты. Таксама гатавалі няхітрыя стравы з агародніны ды варылі густы аўсяны або яблычны кісель.
Густы кісель з яблыкаў
Пры гэтым існавала пэўнае правіла: цэлы дзень (калі ніхто не хварэў) стараліся не харчавацца, а непасрэдна перад вячэрай выпівалі "свянцонай" вады і толькі затым пачыналі есці – мудрыя харчовыя паводзіны! Бо пасля апошніх святочных дзён з каляднымі каўбасамі і іншымі "цяжкімі" далікатэсамі арганізму трэба было добра адпачыць. Быў у гэтым і гаспадарны сэнс, таму што на вёсцы пасля свят неабходна было пісьменна размяркоўваць прыпасы, каб іх хапіла і на "галодную вясну".
Але ж да вясны яшчэ далёка, а старадаўнія рэцэпты з беларускай народнай кухні ўжо чакаюць аматараў святочнай вячэры.
Посныя квасы – крок да здароўя!

Квас капусны з селядцом

Квас па гэтым рэцэпце гатавалі на Вадзяную Каляду ў вёсцы Заверша, што ў Іванаўскім раёне на Брэстчыне.
З чаго гатаваць:
1,2 л вады,
200 г расолу кіслай капусты,
10 г сухіх грыбоў,
20 шт. буйной фасолі,
1 галава селядца,
1 сярэдняя цыбуліна,
соль (да смаку)
Кіслая капуста да стравы
Як гатаваць. Замачыць на некалькі гадзін сухія грыбы і асобна фасолю.
Пасля ў ваду дадаць капусны расол, замочаныя і парэзаныя кубікамі грыбы, фасолю, цэлую цыбуліну і кіслую капусту. Паставіць у выпаленую печ на 1,5 гадзіны.
З такімі селядцамі атрымаецца добры квас!
Затым дастаць страву з печы, пакласці ў квас галаву селядца і зноў паставіць у печ на некалькі гадзін. У канцы гатавання пакаштаваць на соль і падсаліць, калі трэба.

Крываносікі

Вельмі цікавы рэцэпт поснага печыва распавялі ў вёсцы Міхайлоў, што ў Слаўгарадскім раёне на Магілёўшчыне. Для выпечкі гэтай смачнай стравы прыдатны любы кіслы расол ад квашанай агародніны (аднак не пасля марынаваных агуркоў ці памідораў!). Звязана гэта з тым, што выпечка на хатнім расоле даўжэй застаецца мяккай, не чарсцвее. Таксама пры гатаванні выкарыстоўваюць насенне гарбузоў, сланечніку, маку і лёну, якія багатыя на каштоўныя рэчывы і дадаюць агульную пажыўнасць печыву, робяць яго бясцэнным для здаровага харчавання.
Лён
З чаго гатаваць:
1 шк. агурочнага (капуснага) расолу,
1 шк. цукру,
100 г алею,
1 ч. л. соды
800-900 г мукі,
30 г насення гарбуза,
30 г сланечніку,
30 г лёну,
30 г маку.
Крываносікі гатуюцца ў печы
Як гатаваць. У расол ад квашаных агуркоў уліць алей, усыпаць соду (пачакаць, каб зашыпела), дадаць цукар, перамяшаць. Паступова падмешваючы муку, замясіць эластычнае, у меру моцнае цеста. Калі яно перастане быць клейкім (будзе адставаць ад рук), можна дадаць семкі, лён і мак, добра перамяць і пакінуць яго адпачываць на 15-20 хв.
Пасля раскачаць цеста ў пласт 0,5 см і нарэзаць ромбікамі (можна выкарыстаць і адмысловыя формы). Змазаць зверху вадой і пасыпаць насеннем гарбуза, сланечніку, лёну і маку.
Затым змазаць патэльню алеем, выкласці печыва і выпякаць у добра разагрэтай печы (ці разагрэтай да 220 градусаў духоўцы) 20-25 хв.
Смачна есці!
Крываносікі вясковыя
Чытайце таксама:
"Якое Васілля – такі й год…", або Куццявая вячэра на Шчадрэц
"Стань у раду – дастанеш Каляду…", або Вялікая куцця па-міхайлоўску
"Хутка Піліпей – гатуем стол смачней", або "Морозцы" для павітухі