05:39 16 кастрычніка 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.12
  • EUR2.46
  • 100 RUB3.23
Беларускі драматург, рэжысёр, акцёр Дзмітрый Багаслаўскі

Разважанні драматурга пра беларускі тэатр

© Фото : предоставлено Д. Богославским
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
Сучасны беларускі тэатр (27)
26070

Драматург Дзмітрый Багаслаўскі распавёў пра стан сучаснай беларускай драматургіі.

Юлія Хвошч, Sputnik.

Што зараз адбываецца з беларускай драматургіяй, чаму драматычны тэатр адстае ад лялечнага амаль на 30 год, навошта рэжысёры абіраюць для сябе такую прафесію — на гэтыя і іншыя тэмы карэспандэнт Sputnik пагутарыў з маладым перспектыўным беларускім драматургам, рэжысёрам-пастаноўшчыкамі, акцёрам Дзмітрыем Багаслаўскім.

Беларускі тэатр сёння

Адно з асноўных пытанняў, якія мы хацелі закрануць у размове з Багаслаўскім — гэта цяперашні стан беларускага тэатра. На думку драматурга, зараз беларускі тэатр знаходзіцца ў нейкім заціску і не можа быць цалкам свабодным і натуральным, а драматургі і рэжысёры не заўжды могуць займацца тым, што ім падабаецца.

"Апошнім часам беларускі тэатр жыве як быццам з аглядкай, прычым гэта праяўляецца ў вельмі многіх момантах. З аглядкай, напрыклад, на Расію, з аглядкай на Еўропу. Нават з аглядкай на акцёрскае існаванне — давайце паспрабуем так, давайце паспрабуем гэдак..", — разважае Багаслаўскі.

"У нас проста застаўся яшчэ з савецкіх часоў такі момант як жаданне выслужыцца".

На думку драматурга, гэта адзін з тых момантаў, якія перашкаджаюць беларускаму тэатру быць сучасным і свабодным. "Паказаць некаму, хто крыху вышэй, што ён годны, каб яго па галаве пагладзілі. Мне здаецца, тэатр гэтага не прымае. Так не павінна адбывацца".

Дзмітрый Багаслаўскі на сцэне
© Фото : Яўген Люлюкін
Дзмітрый Багаслаўскі на сцэне

"Таму што тэатр — гэта ў першую чаргу выказванне. Мы хочам пагутарыць і запытацца ў гледача. Самі. Гэта нас хвалюе. І мы ў першую чаргу хочам запытацца, што адбываецца, а не паказаць некаму, якія мы годныя", — тлумачыць сваю пазіцыю Багаслаўскі.

"Кажуць, што беларускі драматычны тэатр адстае на 30 гадоў, нягледзячы на тое, што ў нас ёсць рэжысёры, вядомыя на ўвесь свет. Але драма чамусьці адстае ад тэатра лялек. Неяк дзіўна атрымоўваецца".

Багаслаўскі з сумам адзначае, што ў кожным беларускім тэатры ёсць ідэалагічны складнік. "У беларускага рэжысёра проста звязаны рукі. Замест таго, каб рабіць тое, што хочацца, ён павінен думаць пра рэпертуарную палітыку і пра запаўняльнасць залы. Гэта вельмі шкодная для тэатра з'ява, якой не павінна быць".

Падводзячы вынік, драматург адзначыў, што менавіта з-за гэтай прычыны вельмі шмат спектакляў робяцца на ўгоду гледача і менавіта таму драматычны тэатр адстае ад лялечнага на 30 гадоў.

Пра сучасную драматургію

А яшчэ сучасная драматургія практычна не ідзе ў беларускіх тэатрах.

"Так адбылося, што сучасныя беларускія драматургі прадстаўлены на сусветнай арэне значна больш, чым рэжысёры і нават тэатры".

І калі сучасная драматургія ўвогуле прадстаўлена вельмі слаба ў Беларусі, то пра беларускую драматургію няма чаго і казаць.

"Я, канешне, разумею, што ў нас тэатраў "далічы да 30" завецца. Але калі ты ведаеш, што п'есы тваіх калег ідуць па ўсёй Расіі, ва Францыі, у Італіі ды ЗША, але яны не ідуць дома, у іх на радзіме, гэта дзіўна".

Што датычыцца п'ес на беларускай мове, то тут справы складаюцца яшчэ горш, хаця б здавалася куды ўжо…

"Ва ўсялякім выпадку наша драматургія вельмі арыентаваная на расійскі рынак. Менавіта рынак. Таму што беларускія драматургі разумеюць, што іх тут не ставяць, а якому аўтару хочацца пісаць у стол? Табе ж хочацца, каб цябе пачулі, каб нехта прыходзіў на твае спектаклі, каб нехта іх потым ацэньваў, казаў пра нешта, каб выходзілі рэцэнзіі, водгукі… Рынак — вельмі непрыемнае слова, але гэта так", — распавядае Багаслаўскі.  

Дзмітрый Багаслаўскі ў грымёрцы Беларускага маладзёжнага тэатра
© Фото : предоставлено Д. Богославским
Дзмітрый Багаслаўскі ў грымёрцы Беларускага маладзёжнага тэатра

Драматург таксама адзначыў, што драматургію на беларускай мове ва ўсялякім выпадку трэба падымаць, але гэта рызыка застацца не пачутым.

"Я ведаю, што калі напішу на рускай мове, то мяне пачуюць у 10 гарадах Расіі і пачуюць каля 50 тыс. чалавек. Калі напішу на беларускай, то апублікую п'есу на сваёй старонцы ў сацсетках і 15 чалавек гэта прачытае — я жадаю не зусім гэтага".

"І нават калі ў цябе "набалела", то ты, канешне, будзеш пра гэта пісаць. Але перад табой паўстае выбар: пісаць на рускай ці на беларускай", — падводзіць сумны вынік Багаслаўскі.

Мастацтва — гэта эгаізм

Паразмаўлялі з драматургам і на больш філасофскія пытанні. Напрыклад, чаму і для чаго творцы займаюцца мастацтвам, ці ёсць у іх нейкая звыш-ідэя. Багаслаўскі лічыць, што мастацтва — гэта толькі адзін з відаў эгаізму. Ён не адмаўляе наяўнасці ў творчых людзей звыш-ідэй і звышмэтаў, але ўпэўнены, што калі быць па-сапраўднаму шчырым з сабой, то імкненне тварыць і несці мастацтва ў масы вынікае з жадання задаволіць уласныя амбіцыі.

"Мастацтва — гэта сапраўдны эгаізм. Няхай я гэта скажу і супакоюся. І нават зараз з майго боку гэта эгаізм. Таму што зараз я скінуў гэты цяжар на чытача — і ўсё. Вось так, хлопцы".

"Творца сцвярджае, што быццам задае пытанні ў космас і хоча, каб яго пачулі, — канешне, гэта ўсё ёсць, але ў падкорцы… Калі быць шчырым, то ў падкорцы гэта проста момант самалюбавання", — тлумачыць Багаслаўскі.

Па сутнасці, нават абіраючы падзею ў якасці творчага аб'екта, большасць творцаў прадумвае, якую менавіта падзею ўзяць для апісання, каб атрымаць максімальны фід-бэк ад гледача. Няма цалкам спантаннага мастацтва. Аўтар, як правіла, абірае менавіта тую падзею, якая знойдзе водгук у як мага большай колькасці слухачоў.

"Для чаго ты бярэш гэтую падзею? Ты можаш абраць зусім іншую, але абіраеш менавіта гэтую і менавіта сёння. Таму што ты ведаеш, што на гэтую падзею адгукнецца больш людзей і яна прынясе табе больш славы. Менавіта таму мастацтва — гэта эгаізм", — разважае Багаслаўскі.

І тут жа дадае, што, канешне, ёсць і такія цудоўныя п'есы, якія заведама не збяруць аншлагаў. "Ёсць і аўтары, і рэжысёры, і артысты, якія ведаюць, што спектакль не будзе мець поспеху, што на гэта людзі не прыйдуць, але ёсць прафесійная рыса — я не магу рабіць дрэнна, таму я зраблю вось так".

"Але ва ўсялякім выпадку ў падкорцы сядзіць самалюбаванне. Нажаль. І дзецца мы ад гэтага пакуль нікуды не можам", — засмяяўся драматург.

Тэмы:
Сучасны беларускі тэатр (27)

По теме

“Любоў людзей” нарэшце і ў Беларусі
Тэги:
Культура, культура і мастацтва, Тэатр, Еўропа, Беларусь, Увесь свет
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы