23:44 18 чэрвеня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.01
  • EUR2.33
  • 100 RUB3.17
Самая каштоўная знаходка - цагліна з гербам князя Вітаўта, які захаваўся практычна цалкам.

У Гродне знайшлі цэглу з гербам Вітаўта

© Sputnik / Инна Гришук
Культура
Атрымаць кароткую спасылку
7530

Гісторыкі мяркуюць, што ўпрыгожанымі княжацкім гербам цаглінамі абліцоўвалі печы ў замку часоў Вітаўта.

ГРОДНА, 23 лют — Sputnik, Іна Грышук. Незвычайныя артэфакты — цэглу з выяўленым на ёй гербам князя Вітаўта — знайшлі падчас археалагічных раскопак на Замкавай гары ў Гродне. Знаходка пацвердзіла, што Стары замак сапраўды пабудаваны Вітаўтам, а па знешнім выглядзе ён быў падобны на замак у Троках у Літве.

Знайшлі на месцы разбуранай печкі

Адна з цаглін з намаляваным на ёй гербам Вітаўта захавалася практычна ў цэлым выглядзе, не хапае толькі невялікай частачкі. Яшчэ некалькі былі разбітыя, іх прыйдзецца склеіць. На цагліны нанесены выпуклы малюнак "Калюмны" — герб князя Вітаўта. Як распавяла загадчыца аддзела археалогіі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч, пакуль складана сказаць, як выкарыстоўвалі цэглу з "Калюмнай".

Яе знайшлі ў развале нейкай канструкцыі, у кучы будаўнічага смецця. Тут жа была знойдзеная гатычная цэгла і раннія печкавыя кафлі. Магчыма, яны былі часткай разбуранай печы замка. Знаходкі знойдзены ў гістарычным пласце другой паловы XV — пачатку XVI стагоддзяў на тэрыторыі замкавага двара, але сама цэгла датуецца канцом XIV стагоддзя.

Не цагліна, а дэкаратыўны элемент

Як патлумачыў Sputnik гісторык і геральдыст інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Шаланда, які ацаніў знойдзеныя ў Гродне артэфакты па фотаздымку, геральдычны знак "Калюмны" сапраўды належыць Вітаўту.

"Калі звярнуць увагу, унізе ёсць "птушачка". Гэта літара А. У хрышчэнні Вітаўт атрымаў імя Аляксандр. Фактычна мы маем не толькі сам геральдычны знак, але і знак, падпісаны ініцыялам Вітаўта Аляксандрам, што цалкам ідэнтыфікуе чалавека, які фундаваў будаўніцтва гэтага замка", — растлумачыў гісторык.

Дадзеная дэталь пацвярджае, што Вітаўт сапраўды меў тут замак, які служыў яго рэзідэнцыяй. На думку Шаланды, знойдзеная цэгла выкарыстоўвалася не як будаўнічы матэрыял для ўзвядзення сцен.

Сярод знаходак - некалькі расколатых цаглін са знакамі Колюмны, якія можна склеіць.
© Sputnik / Инна Гришук
Сярод знаходак - некалькі расколатых цаглін са знакамі "Калюмны", якія можна склеіць.

"Гэта так званая дэкаратыўная цэгла, якая выкарыстоўвалася ў якасці абліцавальнага матэрыялу. Хутчэй за ўсё, для абліцоўкі каміна або ачагу", — выказаў меркаванне Шаланда.

Паводле яго слоў, казаць пра тое, што гэта абліцавальная цэгла, можна досыць дакладна, бо на ёй намаляваны гербавы знак, які павінен быць абавязкова бачны.

Такіх знаходак у калекцыі гродзенскага музея не шмат

Дзякуючы знойдзенаму артэфакту можна сцвярджаць, што Вітаўт праводзіў досыць маштабную праграму будаўніцтва замкаў.

"Калі параўнаць гэтую знаходку з тымі, якія былі зробленыя ў Троках у Літве, то мы ўбачым, што там ёсць нейкія паралелі. Лепш пра гэта раскажуць спецыялісты па архітэктуры", — дадае суразмоўца.

Пакуль можна сцвярджаць, што гродзенскі замак быў пабудаваны ў гатычным стылі, а цяпер з'явілася новае пацверджанне таго, што ён быў падобны на Тракайскі замак у Літве, які таксама пабудаваў Вітаўт.

Падчас рамонтных работ музей у Старым замку працягвае працаваць, для турыстаў пабудавалі часовы пераходны мост.
© Sputnik / Инна Гришук
Падчас рамонтных работ музей у Старым замку працягвае працаваць, для турыстаў пабудавалі часовы пераходны мост.

Шаланда перакананы, што галоўная каштоўнасць знойдзенага артэфакта у тым, што ён захаваўся ў досыць добрым стане. Цэгла з "Калюмны" адносіцца да той эпохі і гатовая да экспанавання. Знаходак такога рангу ў калекцыі гродзенскага музея не так і шмат.

Як раней пісаў Sputnik, археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Старога замка ў Гродне праходзяць у рамках падрыхтоўчых работ напярэдадні маштабнай рэстаўрацыі. Раней на Замкавай гары знаходзілі кафлю, з якой збіралі печкі ў XVI стагоддзі, а таксама жаночы залаты пярсцёнак і шахматную ладдзю XIV стагоддзя.

По теме

Крыж часоў Івана Грознага: што яшчэ знайшлі беларускія археолагі
Топ-5 артэфактаў, знойдзеных археолагамі ў 2017 годзе ў Беларусі
Тэги:
археалагічныя раскопкі, Вітаўт, Гродна, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы