Архітэктар Армэн Сардараў: "Краіна не павінна саромецца сваіх руінаў"

© Sputnik / Алеся ШершневаАрхітэктар Армэн Сардараў
Архітэктар Армэн Сардараў - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Чаму архітэктуру Мінска можна назваць "антысавецкай" і навошта камень для нулявога кіламетра везлі з Партугаліі, вядомы беларускі архітэктар Армэн Сардараў распавёў карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай.

Нулявы кіламентр на Кастрычніцкай плошчы, бульвар па вуліцы Леніна у Мінску, масты і пуцеправоды ў Мінску, Магілёве, Гомелі і Оршы — далёка няпоўны спіс усіх работ выбітнага архітэктара, дэкана архітэктурнага факультэта БНТУ.

Макеты для скульптур, якія зараз знаходзяцца ў беларускім павільёне ВДНХ - Sputnik Беларусь
"Часам сапёр, часам хірург": чым жывуць беларускія рэстаўратары

Армэн Сяргеевіч нарадзіўся ў Адэсе і, перш чым прыехаць у Беларусь, разам з бацькамі шмат павандраваў па свеце. Больш чым за 30 гадоў працы было шмат прапаноў з'ехаць за мяжу, але ён адмаўляўся. Кажа, што заўсёды хацеў працаваць менавіта тут.

Ленін у Светлагорску мог выглядаць інакш

Свае работы, як усякі творца, Армэн Сардараў называе роднымі дзецьмі. Сярод іх складана абраць любімыя, але ёсць найбольш запамінальныя і яркія.

"Першая мая сур'ёзная работа была звязана з мастамі Беларусі. Адзін з першых, які я зрабіў — дарога з Пінска на Палессе, аздобленая выявай бусла. Яшчэ адзін мост звязвае Полацк і Наваполацк. Там выкарыстоўвалася больш традыцыйная архітэктура", — успамінае майстар.

Ёсць на яго рахунку і правакацыйныя працы. Напрыклад, апошні помнік Леніну, які быў запраектаваны адмыслова для Беларусі, але яго так і не паставілі. Над ім Сардараў працаваў разам з калегам Анатолем Арцімовічам. Скульптура павінна была з'явіцца ў Светлагорску.

"У традыцыях ленініяны — а менавіта такую назву меў гэты накірунак у савецкай архітэктуры — Ленін заўсёды показваў рукой наперад, у будучыню. Анатоль Яфімавіч упершыню "павярнуў" руку назад, бо такім чынам хацеў сказаць, што трэба вяртацца да першых рэвалюцыйных ідэалаў. Гэта выклікала абурэнне ў ЦК партыі і Міністэрстве культуры, якія прымалі працу. Але нягледзячы на гэта манумент адлілі і збіраліся ставіць. Планы змяніліся з-за распаду Савецкага Саюза", — распавёў архітэктар.

Нядаўняе знакавае "дзіце" архітэктара — помнік маршалу Баграмяну, які з'явіўся ў Гарадку.

"Не скажу, што як архітэктар стварыў там нейкі цуд: традыцыйная форма, традыцыйны бюст. Але псіхалагічна для мяне гэта вельмі важна, таму што зараз у Польшчы, Літве і ва Украіне актыўна зносяць помнікі выбітным савецкім ваеначальнікам. З іх знікненнем знікае і чалавечая памяць", — упэўнены Сардараў.

"Гісторыя — гэта складаная рэч, але чалавечая памяць павінна заставацца нават тады, калі змяняюцца палітычныя арыенціры і кіраўнікі. Менавіта гэтаму служыць мемарыяльная архітэктура", — дадаў ён.

Камень для нулявога кіламетра прывёз літоўскі вадзіцель

У гэтым годзе помнік "Пачатак дарог Беларусі", ці, як яго яшчэ называюць, "Нулявы кіламетр", аўтарства Сардарава, што знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, святкуе дваццацігадовы юбілей. Ідэя пастановы помніка належыць кіраўніку дарожнай галіны Аляксандру Мініну, у макет нават уносіў праўкі Аляксандр Лукашэнка. Усяго было распрацавана тры варыянты, канчатковы абраў менавіта беларускі лідар.

Перарабіць Любань на Праванс: майстар-клас па забудове малых гарадоў

"Спачатку мы зрабілі макет з фанеры, які быў нават крыху большы за той, што зараз знаходзіцца ў цэнтры сталіцы. Абклеілі яго пад граніт і ў такім выглядзе ён знаходзіўся на плошчы прыкладна з месяц. Працу ацэньваў кіраўнік дзяржавы, рабіў свае заўвагі, а я тлумачыў, які сімвалізм нясе менавіта такі помнік, расказваў пра сусветныя традцыі", — успамінае Армэн Сардараў.

Геральдыку з чатырох бакоў рабіў скульптар Александр Фінскі, аздабленне ў выглядзе назваў гарадоў і адлегласці да іх пісаў Віктар Заведзееў.

"Вялізная праблема была з каменем, з якога трэба было рабіць піраміду. Мы звярталіся ў Расію і ва Украіну, там прапаноўвалі вырабляць знак з каменных кавалачкаў, але такім чынам мы б страцілі ўсю ідэю і сімвалізм. Зусім нечакана атрымалі электронны ліст з Партугаліі, дзе і заказалі граніт пад паэтычнай назвай Роза Манфортэ. Прывезці яго дапамог літоўскі вадзіцель, які займаўся дастаўкай грузаў", — дадае майстар.

Ён падкрэслівае, што для беларусаў гэта вельмі важны помнік, таму што Беларусь — гэта транзітная краіна, і ўся яе гісторыя звязана з развіццем дарог, транспарту, гандлевымі сувязямі.

"Многія мінскія архітэктары "не думаюць аб суседзях"

Размаўляць з вядучым архітэктарам краіны і абмінуць увагай сучасную архітэктуру сталіцы — злачынства, таму просім Армэна Сяргеевіча паразважаць пра сучасны Мінск. Па яго словах, абліччу галоўнага горада краіны не хапае ансамблевасці, якая была ў савецкай архітэктуры. З гэтага пункту гледжання архітэктуру беларускай сталіцы можна нават назваць "антысавецкай".  Прычына сур'ёзнага архітэктурнага дысанансу хаваецца ў тым, што стваральнікі часам прыгожых і арыгінальных будынкаў "не думаюць аб суседзях".

"Калі ты робіш які-небудзь цікавы аб'ект, заўсёды трэба думаць пра асяродак, у якім ён будзе знаходзіцца. Архітэктар павінен думаць не толькі аб тым, як праявіць сябе і задаволіць заказчыка, але і пра людзей, якія тут будуць жыць ці працаваць", — падкрэслівае Сардараў.

Яшчэ адна праблема — каляровыя рашэнні. Спецыяліст кажа, што беларуская прырода і традыцыйная архітэктура не суадносяцца з яркімі колерамі. Таксама выбіваецца з агульнай кампазіцыі будынак ТЗЦ Galleria на праспекце Пераможцаў.

"Чорны колер асацыюецца ў славян з журбой", — каменціруе Сардараў.

Упэўнены Армен Сяргеевіч, што недаацэненым засталося і значэнне ўезда ў Мінск з боку аэрапорта. Пабудаваны гандлёвы цэнтр не вельмі пасуе да Нацыянальнай бібліятэкі і жылых будынкаў, якія там размяшчаюцца.

"Гэтую частку горада замежнікі бачаць самай першай, таму трэба было б устрымацца ад традыцыйных і штодзённых архітэктурных рашэнняў", — дадае спецыяліст.

Хваліць ён новую жылую застройку сталіцы. У некаторых выпадках крытыкуе яркія колеры, але ў цэлым назваў яе цікавай і разнастайнай.

"У ХХІ стагоддзі архітэктура — гэта не проста аб'екты, а сістэма арганізацыі прасторы для чалавека. Гэтая прастора павінна служыць практычным мэтам, але і праходзіць праз душу чалавека".

"Бязглуздая рэстаўрацыя — грамадская праблема"

Негатыўна беларускі архітэктар ставіцца і да бяздумнай рэстаўрацыі помнікаў. Спрэчным з'яўляецца, напрыклад, праект рэстаўрацыі Старога замка ў Гродне.

Макет Старога замку - Sputnik Беларусь
Мінкульт Польшчы зацікавіла будучыня Старога замка ў Гродне

"На мой погляд, гэта вялізная псіхалагічная і грамадская праблема. Прыстасаванне помнікаў і імкненне прыцягнуць турыстаў часам прыводзіць да таго, што архітэктары знішчаюць першапачатковы выгляд аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, не захоўваюць беражліва сапраўдныя матэрыялы, паціну даўніны", — упэўнены Сардараў.

Каля дзесяці год таму ён разам з Адамам Мальдзісам апублікаваў кнігу "Даўняя Беларусь", галоўная думка якой — не трэба саромецца сваіх руінаў.

"Я ўпэўнены, што не ўсе будынкі трэба ўзнаўляць. Напрыклад, выступаю супраць выкарыстання падчас рэстаўрацыі акрылавых фарбаў, якія робяць паверхню гістарычных будынкаў мёртвай. Напрыклад, на Гарадскім вале ёсць пажарнае дэпо, сцены якога зроблены з цудоўнай цэглы, але яны пафарбаваны так, што знікае эстэтыка ягонай архітэктуры. Гэта не пасуе", — дадае майстар.

Ён упэўнены, што аднаўляць гістарычныя аб'екты трэба, калі для гэтага ёсць сур'ёзныя падставы. Але перш чым рабіць гэта, пытанне павінна быць дасканала вывучаным. Не трэба браць за абсалют агульнасусветную практыку.

"Не трэба перакрэсліваць гісторыю. Прыстасаваць будынак пад нейкія задачы, напрыклад, турыстычныя, можна, але трэба рабіць гэта з павагай да гісторыі", — заключыў архітэктар.

Стужка навiн
0