Высокая паэзія жыцця Уладзіміра Жылкі: "Люблю, не знаючы пуціны..."

© Sputnik / Альфрэд МікусКупалле ў Глубокскім раёне
Купалле ў Глубокскім раёне - Sputnik Беларусь, 1920, 27.05.2024
Падпісацца
У дзень нараджэння знакамітага беларускага паэта Sputnik узгадвае яго біяграфію і прапануе пачытаць вершы.
Уладзімір Жылка нарадзіўся 27 мая 1900 года ў вёсцы Макашы, якая зараз знаходзіцца ў Мінскай вобласці, у сям'і сялян. Пачатковую адукацыю будучы паэт атрымаў у Міры, а ў 1914 годзе разам з сям'ёй пераехаў у Мінск, але застаўся там ненадоўга: падчас Першай сусветнай вайны яго сям'я збегла ў Тульскую губерню. Там будучы паэт вучыўся ў Багародзіцкім агранамічным вучылішчы. У 1917 годзе сям'я вяртаецца ў Мінск.

Першыя літаратурныя крокі

Да сакавіка 1920 года Жылка працаваў настаўнікам у 21-й мінскай беларускай пачатковай школе. У той час ён далучыўся да сталічнага культурнага руху: наведваў клуб "Беларуская хатка", друкаваўся ў мінскіх выданнях, сябраваў з Купалам, Бядулем, Чаротам і іншымі літаратурнымі дзеячамі. Дарэчы, знаёмства з Чаротам не прайшло марна — пазней Жылка працаваў аграномам нацыяналізаванага маёнтка пад Мінскам, якім той кіраваў.
Аднак не толькі паэзія цікавіла Жылку. Быў час, калі ён ўваходзіў у партыю беларускіх эсэраў і прымаў удзел у антыпольскім падполлі.
Восенню 1920 года Уладзімір Жылка захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў вёску Падлессе Навагрудскага павета. Пасля таго, як быў падпісаны Рыжскі дагавор, ён апынуўся ў Заходняй Беларусі, а потым працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні.
Пасля таго малады паэт шмат вандраваў, у тым ліку жыў у Чэхіі да 1926 года. Там, у Празе, вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Карлава ўніверсітэта і працаваў рэдактарам часопіса "Новы прамень".

Вяртанне і выгнанне

У 1926 годзе Уладзімір Жылка вярнуўся ў Беларусь – прыехаў у Мінск на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу, ды так і застаўся ў БССР. Неўзабаве на Радзіме ён апынуўся ў бурлівым водавароце літаратурнай дзейнасці: стаў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты "Звязда", уваходзіў у літаратурныя аб'яднанні "Маладняк" і "Узвышша". Таксама ў гэты ж час выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме.
Аднак 19 ліпеня 1930 года Уладзімір Жылка быў раптоўна арыштаваны ДПУ БССР па справе "Саюза вызвалення Беларусі" і ў наступным годзе асуджаны на 5 гадоў высылкі. Мары аб плённай працы ў родных мясцінах былі зноў парушаны.
Ва Уржуме Кіраўскай вобласці, дзе адбываў пакаранне, паэт працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Але неўзабаве яго сур'ёзнае недамаганне абвастрылася. У выніку ў 1933 годзе Уладзімір Жылка памёр ад ускладненняў туберкулёзу лёгкіх і быў пахаваны на мясцовых могілках.
І толькі праз амаль 30 гадоў, 19 верасня 1960-га, паэт быў рэабілітаваны.

Творчасць, напоўненая каханнем

За сваё нядоўгае жыццё Жылка паспеў напісаць шмат вершаў і выдаць некалькі зборнікаў. У друку яго першыя паэтычныя творы з'явіліся, калі паэту споўнілася 20 гадоў. А неўзабаве пабачылі свет і зборнікі вершаў – "На ростані" і "З палёў Заходняй Беларусі".
Адначасова Жылка перакладаў на беларускую мову паэтычныя творы Аляксандра Блока, Адама Міцкевіча, Шарля Бадлера і іншых сусветных паэтаў.
Вершаваная спадчына, якую пакінуў пасля сябе Уладзімір Жылка, прасякнута глыбокім лірызмам. Сімвалічныя вобразы, выкарыстаныя ў іх, ствараюць непаўторную эмацыянальную карціну, уласцівую для чалавека, які тонка адчуваў свет навакольны і ўнутраны свет чалавека. Некаторыя тэмы творчасці Уладзіміра Жылкі перагукаюцца з дэкадэнскім настроем яго эпохі. Але ж акрамя драматычных вершаў паэт пісаў і вельмі светлыя творы, напоўненыя каханнем і любоўю да жыцця.
У дзень нараджэння знакамітага беларускага паэта Sputnik падрыхтаваў невялічкую падборку яго непаўторных вершаў.
Знаёмімся разам з незвычайнай эмацыянальнай паэзіяй Уладзіміра Жылкі!
© Sputnik / Виктор ДрачевЯна ўзрасла, маўклівая, / Між багны сонных вод...
Река Припять - Sputnik Беларусь, 1920, 19.05.2023
Яна ўзрасла, маўклівая, / Між багны сонных вод...

* * *

Душа мая тужлівая –
Лілея між балот.
Яна ўзрасла, маўклівая,
Між багны сонных вод.

Ёй сніцца неба сіняе,
Дзе сонечна вясна,
І песняй салаўінаю
Атручана яна.

І нешта патаёмнае
Шапоча родна ціш,
І ў ночы цёмна-цёмныя
Чаруе зорна выш.

Наўкол жа ціна брудная,
І плесня, й гадкі пах,
Чыесь ўздыханні трудныя,
Нуда і нейкі жах.

І штось незразумелае
Шуміць-пяе чарот,
Чаго не пойме белая
Лілея між балот.

© SputnikНікне хмарнасць на твары панурым, / І вясёлкай я звязан з жыццём...
Радуга в Минске - Sputnik Беларусь, 1920, 19.05.2023
Нікне хмарнасць на твары панурым, / І вясёлкай я звязан з жыццём...

* * *

Зацвілі твае вочы між тлуму,
І, здаецца, твой стан мільгануў,
Перарваліся ніткаю думы,
Даўны смутак ціхутка крануў.

Быццам ветрык, збудзіліся згадкі,
Ў жыце ветрык драмаўшы між хваль;
Закружыліся лёгка, без звадкі,
І памкнулі ў блакітную даль.

Стала дзіўна, што годы так шпарка
Прашумелі, бы ўвосень лісты,
Жоўтым лісцем, алеямі парку
І ляглі, як смуга, на кусты.

Нагадалася даўняя казка…
Збаіў нехта дарэшты яе.
Але з попелу дзён кволай ласкай
Памяць даўняга міла ўстае.

Нібы сонцам зямля пасля буры,
Я асвечан маім пачуццём,
Нікне хмарнасць на твары панурым,
І вясёлкай я звязан з жыццём.

Як вясенняе ранне без суму,
Далікатны настрой агарнуў…
А ўсяго: твае вочы між тлуму
І твой стан, мне здалось, мільгануў.

© Sputnik / Ганна СакаловаКаханню нічога не трэба, / Каханне нічога не просе, – / Так радуе сіняе неба, / Так цешыць валошка...
Педагог-арганізатар майстар-класа па пляценні вянкоў Яніна Таўтын - Sputnik Беларусь, 1920, 19.05.2023
Каханню нічога не трэба, / Каханне нічога не просе, – / Так радуе сіняе неба, / Так цешыць валошка...

* * *

Каханню нічога не трэба,
Каханне нічога не просе, –
Так радуе сіняе неба,
Так цешыць валошка ў калоссі.

Каханне, як песні пра зоры,
Лятункам заўсёды высока,
І шчасцем у свет, у прасторы
Каханка расквітвае вока.

І нат у затоенай скрусе
Тваіх нераздзеленых пешчаў,
К жалобе ніхто не прымусе
Надзею, што зрушана плешча.

Каханая, любая, квеце!
У палоне вясёлае долі
Ёсць песняй аб кім летуцеці,
І сэрцу даволі, даволі.

І сэрца бясхмарнае ясней
Схіляецца постаццю спелай,
Хоць сэрца яшчэ было б шчасней,
Каб дбаці аб кім яно мела.

© Sputnik / Владимир Астапкович / Перайсці ў медыябанкЯк горыч атруты пякучай, / Як тонкая злая страла...
Стрельба из лука - Sputnik Беларусь, 1920, 19.05.2023
Як горыч атруты пякучай, / Як тонкая злая страла...

Цяжэй ланцугоў

Цяжэй ланцугоў летуценні,
Іх знішчыць мне сіл не прымець.
Як вязень у доўгім вязенні,
Ўтаміўся я песняй звінець,

Як горыч атруты пякучай,
Як тонкая злая страла,
Так горкая радасць сугуччаў
Смяротна мяне працяла.

І вось ужо блытана споведзь
Заўсёды хвалюе ў грудзях,
І нельга няшчыра прамовіць
У верша нязвязных радках.

І вось ужо ў дзеях і чынах,
І справах будзённых, людскіх,
Я ўзрушаным сэрцам няўпынна
Шукаць хараства не прыціх.

І сэрцу не ймецца, што трэба
Хаваць аб высокім тугу,
І родныя кветы і неба
Ніяк раскахаць не магу.

І блізкае гэтак далёка,
Са мной не па сіле цяжар –
Як вецер дыхлівы, жарстока
Смяецца мне розум у твар.

© SputnikМінаць квяцістыя нізіны, / Пад грушай ў полі спачываць...
Цветущие маки и васильки в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 19.05.2023
Мінаць квяцістыя нізіны, / Пад грушай ў полі спачываць...

* * *

Люблю, не знаючы пуціны,
Ісці праз лес, балота, гаць,
Мінаць квяцістыя нізіны,
Пад грушай ў полі спачываць;

Спаткаць між жыта крыж пахілы
І старца з хлопчыкам малым,
Звычай шануючы мне мілы:
"Дабрыдзень!" – прывітацца з ім;

Прайсці ўздоўж вёскі беднай, шэрай,
З панурым радам сумных хат
І думаць: як ты тут ні мерай,
А ў беднаце гаруе брат;

І напаткаць руіны ў полі,
Дзе мох на рэшце сцен узрос,
І занудзіцца мімаволі,
Згадаць замчышча сумны лёс;

Не зразумець, чаму руіны
Ў сабе таёмны тояць жах,
І ці не светлы для Краіны
Відаць наперадзе ўжо шлях?

Чытайце таксама:
Любоўная лірыка Аркадзя Куляшова: "Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая…"
Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…"
"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы
Стужка навiн
0