"Я помню дзіўнае імгненне…": вершы Пушкіна па-беларуску
Руслан і Людміла
(урывак з паэмы)
Ля лукамор’я дуб зялёны;
На дубе залаты ланцуг:
І днём і ноччу кот вучоны
Па ланцугу вядзе свой круг;
Ідзе направа – спеў заводзіць,
Налева – казку распачне.
Там цуда скрозь: лясун там ходзіць,
Русалка між галін мільгне;
Там на нязведаных дарожках
Звяроў дзівосных след ляжыць;
Хацінка на курыных ножках
Без вокан, без дзвярэй стаіць;
Праяў там повен лес, даліны;
Там на світанні хвалі хлынуць
На прыбярэжныя пяскі,
І трыццаць віцязяў плячыстых
Чаргой выходзяць з хваль празрыстых,
І з імі дзядзька іx марскі;
Там каралевіч мімаходам
Палоніць грознага цара;
Там чараўнік перад народам
Цераз лясы і цераз воды
Нясе асілка са двара;
Ў цямніцы там царэўна тужыць,
Ёй шэры воўк аддана служыць;
Там ступа з Бабаю Ягой
Ідзе, брыдзе сама сабой;
Там цар Кашчэй над скарбам чахне;
Там рускі дух… Там Руссю пахне!
І там я быў, і мёд я піў;
Ля мора бачыў дуб зялёны;
Пад ім сядзеў, і кот вучоны
Свае мне казкі гаварыў.
"Абранніца чароўнай даўніны…"
Абранніца чароўнай даўніны,
Друг выдумак, гуллівых і маркотных,
Цябе я знаў у дні маёй вясны,
У дні пацех і сноў першапяшчотных.
Чакаў цябе; ты ў цішы да мяне
З’яўлялася вясёлаю бабулькай
І нада мной сядзела ў шушуне,
У акулярах, з гулкаю бразгулькай
Люляючы калыску, юны слых
Напевам паланіла, забаўляла,
Пакінула ў пялюшках дзён маіх
Жалейку, што сама зачаравала.
Мінула малалецтва, быццам сон.
Падлетка ты любіла ўсей пяшчотай,
Між важных муз цябе і помніў ён,
І ты яго наведала употай;
Але ці той быў вобраз твой і ўбор?
Як хутка ты змянілася і міла!
Якім агнём усмешка апаліла!
Якім агнём абдаў мяне дакор!
Клубіліся нясхібнай хваляй шаты,
Былі з паветра постаць і сама ты;
Ўся ў локанах, спавітая вянком,
Духмяна пахла галава, як далі,
І грудзі белыя пад жамчугом
Ірдзеліся і ціха ажывалі…
Анчар*
Дзе след жыцця ў пустыні знік,
На грунце бедным, амярцвелым,
Анчар, як грозны вартаўнік,
Стаіць адзін на свеце цэлым.
Прырода высахшых пяскоў
Яго ў дзень гневу нарадзіла
І ад карэння да лістоў
Густой атрутай напаіла.
Дыхнуць паўдзённыя вятры –
Атрута капае расіцай,
Пад вечар стыне на кары
Густой, празрыстаю жывіцай.
К яму і птушка не ляціць,
А толькі вецер мімалётны
На дрэва смерці набяжыць –
І прэч імчыцца ўжо смяротны.
Калі ж над спёкаю пяскоў,
Зблукаўшы, хмара тут заплача,
Атрутны дождж з яго лістоў
Сплывае на пясок гарачы.
Ды чалавека князь паслаў
Да дрэва смерці і пакуты.
І той пайшоў, ледзь змрок апаў,
І раніцой прынёс атруты.
Прынёс ён згубную смалу,
Галлё з завяўшымі лістамі,
І пот па бледнаму чалу
Сцякаў халоднымі руччамі;
Прынёс – і аслабеў і лёг
Пад засень будана старога,
І згінуў бедны раб ля ног
Уладара свайго ліхога.
А князь атрутай загадаў
Насыціць стрэлы-бліскавіцы,
І разам з імі смерць паслаў
Ён за суседнія граніцы.
*Анчар – дрэва яду (заўвага А.С. Пушкіна).
"Ахоўвай, талісман, мяне…"
Ахоўвай, талісман, мяне.
У дні ганення і выгнання,
У дні журбы і хвалявання
Хай смутак сэрца не кране.
Калі падыме акіян
Вакол мяне валы глухія
І бурай грымне ў дні цяжкія –
Мяне ахоўвай, талісман.
У цішыні чужых палян,
На ўлонні нуднага спакою,
У палымяным гуле бою
Мяне ахоўвай, талісман.
Свяшчэннай слодычы падман,
Душы чароўнае свяціла…
Яно схавалася, астыла…
Мяне ахоўвай, талісман.
Няхай у век сардэчных ран
Не цвеліць памяць хіжай зданню.
Бывай, надзея; спі, жаданне;
Мяне ахоўвай, талісман.
Вязень
Сяджу я ў турме за рашоткай гады.
Узросшы на волі арол малады,
Друг сумны мой, машучы моцным крылом,
Крывавую страву клюе пад акном,
Клюе і кідае, глядзіць ён ў вакно
І нібы задумаў са мною адно;
Завёць мяне крыкам, паглядам сваім
І хоча прамовіць: "Давай уляцім!
Мы – вольныя птушкі; пара, брат, пара!
Туды, дзе за хмарай бялее гара,
Туды, дзе сінеюць марскія края,
Туды, дзе гуляем …сам вецер ды я!.."
Да Чаадаева
Надзей, кахання, ціхай славы
Нядоўга песціў нас падман,
Расталі юныя забавы,
Як сон, як ранішні туман;
Але кіпяць яшчэ жаданні,
І пад ярмом улады злой
Мы нецярпліваю душой
Айчыны чуем закліканні.
Чакаем з мукай спадзявання
Хвіліны вольнасці святой,
Як малады каханак той
Чакае вернага спаткання.
Пакуль свабодаю гарым,
Пакуль у сэрцах ёсць сумленне,
Мой друг, айчыне аддадзім
Душы прыгожыя імкненні!
Таварыш, вер: настане ён,
Шчаслівы дзень вясны і брацтва,
Расія скіне цяжкі сон,
І на абломках самаўладства
Напішуць нашых рад імён!
Дарожныя скаргі
Колькі мне гуляць па свеце
То на брычцы закладной,
То ў кібітцы, то ў карэце,
Конна, бегма, пехатой?
І не ў спадчыннай бярлозе,
Сярод могілак бацькоў,
Па вялікай, бач, дарозе
Бог забраць мяне гатоў!
На гары пад колам збітым,
У жарстве, пад капытом,
Ці на дне, вадой размытым,
Пад раскіданым мастом.
Ці чума мяне падчэпіць,
Ці ў мароз свой скон знайду,
Ці калека ў лоб улепіць
Мне шлагбаум на хаду.
Можа ў лапы ліхадзею
Траплю недзе ў гушчары.
Ці з нуды навек здранцвею
Ў каранціне, на двары.
Колькі мне ў тузе галоднай
Пост нявольны адбываць,
І цяляцінай халоднай
Труфлі Яра ўспамінаць?
Ці ж не лепей быць на месцы,
Па Мясніцкай раз’язджаць.
І аб вёсцы, аб нявесце,
Часам, марыць, разважаць!
Ці ж не лепей чарка рому,
Ноччу сон, а зранку чай;
Ці не лепш, браточкі, дома!..
Ну, паехаў, паганяй!..
Птушка
І на чужой зямлі вітаю
Я звычай роднай стараны:
На волю птушку выпускаю
Пры свяце радасным вясны.
Я стаў даступны суцяшэнню;
За што на Бога наракаць,
Калі хоць аднаму стварэнню
Я волю змог падараваць!
Прарок
Духоўна стомлены зусім,
З дарогі я ў пустыні збіўся, –
І шасцікрылы серафім
На раздарожжы мне з’явіўся.
Нячутным дотыкам, як сон,
Павекаў ледзь крануўся ён.
Адкрыліся мае зяніцы,
Як у спалоханай арліцы.
Маіх вушэй крануўся ён, –
І іх напоўніў шум і звон:
Пачуў я неба хваляванне,
Завоблачных анёлаў лёт,
І гадаў пад вадою ход,
Лазы ў даліне прарастанне.
І каля вуснаў ён узнік,
І вырваў грэшны мой язык,
І пустасловы, і каравы,
І джала мудрае змяі
У вусны ўклаў і загаіў
Сваёй дзясніцаю крывавай.
І грудзі мне рассек мячом,
І сэрца трапяткое выняў,
І жар, палаючы агнём,
Ён назаўжды ў грудзях пакінуў.
Як труп, ў пустыні я ляжаў,
Ды голас боскі загадаў:
"Устань, прарок, як у дазоры,
І словам з іскрамі надзей,
Абходзячы зямлю і моры,
Запальвай сэрцы у людзей".
Да *** (Керн)
Я помню дзіўнае імгненне:
Перада мной паўстала ты,
Як пралятаючае сненне,
Як геній чыстай пекнаты.
Праз боль і смутак невымоўны
За безразважнай мітуснёй
Мне чуўся голас твой чароўны
І мілы воблік сніўся твой.
Гады міналі. Шквал бунтоўны
Развеяў мар даўнейшых рой,
Забыў я голас твой чароўны,
Забыў я твар нябесны твой.
Ў глушы, у змроку зневальнення
Самотна дні мае плылі
Без захаплення, без натхнення
Без слёз, жыцця і без любві.
Душа зазнала абуджэнне:
І вось ізноў паўстала ты,
Як пралятаючае сненне,
Як геній чыстай пекнаты.
І сэрца ў радасным імкненні,
І для яго ўваскрэслі зноў
І захапленне, і натхненне,
Жыццё, і слёзы, і любоў.
Кветка
Яе засохлай, не духмянай,
Забытай бачу ў кнізе я;
І тут жа мараю жаданай
Душа напоўнена мая:
Дзе і якой цвіла вясною?
Ці дацвіла? і хто сарваў,
Знаёмай ці чужой рукою?
Нашто яе сюды паклаў?
На памяць першага спаткання,
Альбо разлукі векавой,
Ці адзінокага гуляння
У полі, ці ў цішы лясной?
Дзе той ці тая, што кахалі?
Жывуць яшчэ і ў нашы дні?
Ці і яны ужо завялі,
Як гэта кветка ў цішыні?
Еўгеній Онегін
(урывак з рамана)
XLIX
Якімі б ні ішлі шляхамі,
Чытач, з табою мы ў жыцці,
Бывай. Разыйдземся сябрамі.
Што б ні шукаў ты, каб знайсці,
Тут у радках маіх нядбалых,
Ці згадкі з дзён сваіх нясталых,
Ці адпачынку пасля спраў,
Ці трапных выразаў шукаў,
Альбо памылак граматычных,
У гэтай кніжцы, дай жа бог,
Каб ты для весялосці змог,
Для мар, артыкулаў крытычных,
Знайсці шуканае. Шукай.
Час развітацца нам, бывай!
L
Бывай і ты, мой друг вандроўны,
І ты, мой верны ідэал,
І ты, плён працы нешматслоўны,
Я з вамі творчасці запал
Зазнаў, каштоўны для паэта,
І забыццё ў віхурах cвета,
Гаворку шчырую сяброў.
Мінула шмат ужо гадоў
З тых дзён, як юная Тацяна,
Онегін з ёй, у цьмяным сне
З’явіліся аднойчы мне –
І далеч вольнага рамана
Я праз крышталь магічны свой
Няясна бачыў хвіляй той.
LI
Аднак сябры, каму бывала
Я строфы першыя чытаў…
Адных няма, другіх не стала,
Як Садзі некалі сказаў.
Без іх дамаляваў героя,
А тая, любая, з якое
Тацяны я пісаў партрэт…
О, многіх, многіх знік і след!
Шчаслівы той, жыццё хто рана
Пакінуў, не дапіў да дна
Кілішка поўнага віна,
Не дачытаў яго рамана
І раптам развітаўся з ім,
Як я з Онегіным маім.