21:48 21 ліпеня 2017
«Радыё Sputnik»
Дом-музей Валенція Ваньковіча

У Мінску адзначылі юбілей са дня нараджэння Ваньковіча

© Sputnik/ Віктар Талочка
Падзеі і даты
Атрымаць кароткую спасылку
17740

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 215-й гадавіне са дня нараджэння выбітнага беларускага мастака адбылося 12 мая ў цэнтры Мінска.

МІНСК, 13 мая — Sputnik. Каб ушанаваць памяць сусветна вядомага беларускага мастака 12 мая каля дому музея Ваньковічаў  у гістарычным цэнтры Мінска сабраліся знатакі і аматары мастацтва, вядомыя дзеячы беларускай грамадскасці, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу.

Падчас урачыстай цэрымоніі былі ўскладзены кветкі да помінка Ваньковіча, прэзентавана кніга, "Серабрыстыя таполі",  прысвечаная творчасці і жыццю мастака, адбыўся ўрачысты канцэрт бярэзінскай школы мастацтваў.

"Сёння мы сабраліся ў самым цэнтры гістарычнага Мінска ля помніка знакамітаму беларускаму мастаку, рамантыку і містыку, Валенцію Ваньковічу, каб ушанаваць яго памяць і ўзгадаць яго яскравае жыццё. Постаць і творчая асоба Валенція Ваньковіча будзе яшчэ натхняць не адно  пакаленне беларускіх мастакоў", — такімі словамі адкрылі мерапрыемства арганізатары.

Скульптар Уладзімір Слабодчыкаў
© Sputnik/ Віктар Талочка
Скульптар Уладзімір Слабодчыкаў

Паміж гэтымі двума датамі — 12 мая 1800 года і 12 мая 1842-га — яскравае багатае жыцце, насычанае творчасцю, эмоцыямі, памкненнямі, пачуццямі, якія сілкаваліся тагачаснымі сітуацыямі: напалеонаўскімі войнамі, рэвалюцыяй — эпоха рамантызма, адным словам.

Нарадзіўся Валенцій Ваньковіч у вёсцы Калюжыцы Ігуменскага павету Мінскай губерніі (зараз Бярэзінскі раён), дзе пражыў першыя 10 гадоў свайго жыцця, потым пераехаў у Мінск у Малую Сляпянку, а апошнія гады жыцця правёў у Парыжы.

Свой тален мастак загартоўваў у Полацку, навучаўся ў Віленскім і Піцерскім універсітэтах. Ён прысвяціў своё жыццё жывапісу, асабліва шмат працаваў у жанры партрэта. Менавіта дзякуючы Валенцію Ваньковічу беларусам засталіся ў спадчыну постаці, выявы яго слынных суайчыннікаў, ну а знакаміты партрэт Адама Міцкевіча на Аюдаге наогул стаў хрыстаматыйным.

Канцэрт у гонар 215-годдзя са дня нараджэння Валенція Ваньковіча
© Sputnik/ Віктар Талочка
Пісьменнік Яўген Хвалей прэзентуе кнігу "Серабрыстыя таполі"

З імем Валенція Ваньковіча звязана шэраг містычных падзей. Нарадзіўся ён 12 мая 1800 года і, пражыўшы 42 гады, памёр. Таксама 12 мая далёка ад радзімы, у Парыжы, на руках свайго сябра Адама Міцкевіча.

Містыцызм не толькі ў датах нараджэння, ён суправаджаў усё жыццё мастака. Аб гэтым гаворыцца ў рамане-эсэ "Серабрыстыя таполі", які на мерапрыемстве прэзентаваў аўтар кнігі, пісьменнік Яўген Хвалей.

"На радзіме Ваньковіча засталося стаяць на стагоддзі незвычайнае дрэва — серабрыстая таполя, прывезеная з Францыі і пасаджаная Валенціем у знак яго дня нараджэння. Не цяжка зноў паверыць у містыку: мастак паехаў у Парыж, каб хутка памерці там, французская таполя паехала на яго радзіму, каб доўга жыць", — распавёў пісьменнік.

Сёння ў музее Ваньковічаў у Мінску знаходзяцца толькі жывапісныя копіі работ мастака. Арыгіналы ж знаходзяцца ў музеях па ўсім свеце — у Францыі, Маскве, Варшаве, прыватных калекцыях у ЗША але кіраўніцтва музея спадзяецца, што ў супрацоўніцтве з іншымі музейнымі інстытуцыямі ў хуткім часе некаторыя арыгінальныя работы мастака змогуць прывезці ў Мінск, і жыхары горада і госці сталіцы змогуць іх пабачыць.

На мерапрыемстве прысутнічалі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, аўтар помніка, знакаміты беларускі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, старшыня саюза мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску Уршуля Дарашэўская.

Дарашэўская сардэчна павіншавала ўсіх з днём нараджэння знакамітага беларускага мастака, падзякавала арганізатараў за скорую арганізацыю мерапрыемства і пажадала поспехаў у справе захавання памяці Валенція Ваньковіча. Яна адзначыла, што ў Польшчы Валенція Ваньковіча перш за ўсё яго ведаюць па яго партрэтах Адама Міцкевіча, арыгіналы якіх зараз знаходзяцца ў Нацыянальным польскім музее ў Варшаве.

Канцэрт у гонар 215-годдзя са дня нараджэння Валенція Ваньковіча
© Sputnik/ Віктар Талочка
Канцэрт у гонар 215-годдзя са дня нараджэння Валенція Ваньковіча

У 2000 годзе музей Ваньковічаў у Мінску быў адноўлены, рупліва адрэстаравана сядзіба. Сёння музей змяшчае цікавую экспазіцыя і вельмі шмат цікавых рэчаў, якія распавядаюць пра моладзь шляхты першай паловы XIX стагоддзя.

"Постаць Ваньковіча будзе натхняць не толькі пакаленне беларускіх мастакоў, але і наогул  пакаленне беларусаў, таму што мы як нацыя мусім ганарыцца, што ў нас былі такія славутыя імёны як Валенцій Ваньковіч. Якія сваей прысутнасцю ў гэтым месцы асвяцілі яго на векі вечныя. Мы павінны смуткаваць, што ў нашым музее, нажаль, няма арыгіналаў Ваньковіча, але мы мусім ганарыцца, што яны ёсць у Варшаве і іншых музеях, і гэта толькі ўзвышае постаць Ваньковіча і дае нам падставу для радасці і для гонару", — сказаў на ўрачыстым мерапрыемстве старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца
© Sputnik/ Віктар Талочка
Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца

Аўтар помніка Уладзімір Слабодчыкаў распавёў пра гісторыю стварэння помніка, які здолелі ўсталяваць не адразу. І выказаў думку, што складанасці і перашкоды, якія выпалі на долю Валенція Ваньковіча перадаліся і помніку і цягнуліся амаль ўвесь час стварэння гэтага помніку. Спачатку замест сучаснага помніка планаваўся бюст, потым  вырашылі зрабіць мастака ў поўны рост.

Скульптар называе свой твор "Раніца мастака", быццам Валенцій Ваньковіч толькі зрабіў апошні ўзмах пэндзлем і адпачывае.

Напрыканцы ўрачыстай частцы мерапрыемства кіраўніцтва музея запрасіла ўсіх жадаючых наведаць сустрэчу- свята, прысвечаную да юбілея мастака, якая адбудзецца на яго радзіме ў вёсцы Калюжыцы 15 мая. Кожны жадаючы зможа абняць "серабрыстую таполю" Ваньковіча.

Тэги:
культура і мастацтва, Выяўленчае мастацтва, Мастацтва, Юбілей, Урачыстае мерапрыемства, Беларусь, Мінск
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы