01:50 20 жніўня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.05
  • EUR2.28
  • 100 RUB3.08
Настуркі-капуцыны

"Капуцыны" ў садзе і на стале, або таямніцы старога кляштара

© Photo : Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (42)
219150

Гісторыя гэта пачалася даўно. Больш за трыццаць гадоў таму ў адной букіністычнай краме ў Мінску я набыла паштоўку пачатка ХХ стагоддзя з выявай Дамініканскага кляштару і касцёлу Прасвятой Тройцы ў Друі.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Велічныя руіны кляштару ўздымаліся над маленькай вясковай хаткай, якая прымасцілася пад бокам волата.

Паштоўка Друя
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Паштоўка "Друя"

Паштоўку хацелася разглядаць. Вось чалавек узлез па драбінах на верх адной з разбураных веж… Цікава, што ён там робіць? Можа, яму патрэбна дахоўка, якая яшчэ захавалася на амаль разбураным храме? А вось і вялікі цагляны дом, дзе дахоўка абвалілася і страха патрабуе рамонту…

Перагарнула паштоўку, а там надпіс "Открытое письмо". Цікава, што пісалі ў тыя часы на адкрытых лістах? Можа так: "Ад усёй душы табе маё вітанне з Друі. За сім кланяюся…"?

Адваротны бок паштоўкі
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Адваротны бок паштоўкі

 

 

 

 

Друя… Якая яна? Хто пабудаваў той касцёл? Хто такія дамініканцы? Вось бы пабачыць усё гэта на свае вочы! Так я марыла трыццаць гадоў таму і раптам нядаўна трапіла такі ў старажытную Друю! Вось і кажыце пасля гэтага, што цудаў няма!

Спадчына Вялікага княства Літоўскага

Гарадскі пасёлак Друя Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці сустрэў мяне збудаваннямі савецкіх часоў, драўлянымі вясковымі хатамі і рэдкімі старымі будынкамі, якія нагадвалі аб слынным мінулым гэтага шматнацыянальнага мястэчка. А вось і адноўлены будынак старажытнага касцёла. Ён і цяпер дамінуе над наваколлем.

Друйскі касцёл
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Друйскі касцёл

Даведка: Дамініканцы — манахі каталіцкага ордэна, які быў створаны для барацьбы з ерэтычным рухам. У 13 стагоддзі ім была перададзена інквізіцыя. На Беларусь прыйшлі з Польшчы. Амаль усе іх кляштары былі скасаваны ў 1-й палове 19 стагоддзя.

Касцёл у Друі разам з кляштарным корпусам пабудаваны ў 1643-1646 гадах па фундацыі Падканцлера Вялікага княства Літоўскага Казіміра Сапегі.

Прыкладна ў 1763 г. касцёл перабудаваў архітэктар Л. Грынцэвіч і італьянскі дойлід А. Парака. У 1850 годзе кляштар скасаваны, а касцёл Прасвятой Тройцы ў 1852 годзе ператвораны ў парафіяльны.

Валадарства кветак

Прабегшыся па вузкіх старых вулачках, якія разбегліся ў розныя бакі ад касцёла, заўважыла, што людзі тут жывуць, як у вёсцы. Маюць каля хат агароды і сады, у якіх палаюць бы жар рознакаляровыя кветкі. Асабліва любяць тутэйшыя гаспадыні гладыёлусы, юргіні, флоксы, мальвы, садзяць іншыя кветкі.

У адным з такіх кветнікаў угледзела "капуцынаў".

Настуркі-капуцыны
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Настуркі-"капуцыны"

Ой, толькі не падумайце, што ў Друі ў кветніках жывуць гіпсавыя садовыя скульптуркі! Ды і манахаў у капелюшах я, нажаль, не сустрэла.

А вось капуцынамі называюць добра вядомую ўсім садовую кветку настурцыю, паколькі форма яе бутона нагадвае манашы капялюш. І раптам узгадаліся аптэкарскія садочкі, якія існавлі пры старых кляштарах не толькі Еўропы, але і на беларускіх землях.

І што ж вы думаеце нашапталі мне сівыя муры Друі? Каму што, а мне дык аптэкарскія і кулінарныя рэцэпты!

Гатуем смачна з капуцынаў

Радзіма настурцыі-капуцынаў — Паўднёвая Амерыка, дзе яна, як у нас святаяннік, лекуе ўсе хваробы.

Выкарыстоўваюць расліну як супрацьзапаленчы, супрацьсклератычны, антысептычны, супрацьцынготны, полівітамінны сродак і г. д.

Кветкі капуцынаў
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Кветкі капуцынаў

Дзякуючы свайму рэзкаму смаку, які нагадвае крэс-салат, яна спрыяе страваванню і паляпшэнне апетыту. Расліна дапамагае змагацца з такімі хваробамі, як грып, бранхіт, пнеўманія, ішэмічная хвароба сэрца, гіпертанія, хваробы скуры і нырак, чысціць кроў, паляпшае патэнцыю, сумесна з крапівой спрыяее росту валасоў.

Полівітамінны настой з высушанага лісця і кветак капуцынаў

1 ст лыжку сухой сыравіны заліваюць 1 шклянкай кіпеня, даюць настаяцца 20 хвілін. Ужываюць 1/3 стакана 3 разы на дзень перад ежай.

Мая бабуля лячыла хворыя суставы і радыкуліт настойкай з кветак капуцынаў на трайным адэкалоне. Інакшы не прызнаваўся.

Цяпер я думаю, што адэкалонам проста замянялі спірт, які цяжка было набыць, і да ўсяго астатняга ён меў прыемны пах.

Настойка для націрання
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Настойка для націрання

Настойку робяць так: у слоічак наліваюць напалову адэкалон і набіваюць даверху кветкамі, ставяць у цёмнае месца пры пакаёвай тэмпературы і захоўваюць добра закаркаваным. Ужываюць па патрэбе.

Будзьце здаровыя!

Парада. Перад тым, як карыстацца народнымі лекавымі сродкамі, трэба заўжды параіцца са сваім доктарам.

Стравы і напоі з капуцынаў

У даўніну манахі добра хавалі свае аптэкарскія і кулінарныя рэцэпты, бо ў некаторай ступені з таго карміліся. Навакольны люд на прадукты харчавання і грошы выменьваў у іх лекавыя расліны і атрымліваў лекарскую дапамогу.

Кардынальская салата ды іншае смакоцце

Распавядаюць, што ў Еўропе ў адным кляштары манахі дадавалі кветкі і лісцё капуцынаў у вельмі папулярную ў тыя часы страву, якая называлася "Кардынальская салата". Казалі, што яна, пры рэгулярным ужыванні, здольная захаваць маладосць і здароўе!

Ну, як бы там не было, а зрабіць для сябе гастранамічнае адкрыццё не толькі карысна, але і прыемна, калі страва спадабаецца! Даражэнькія, гатуем разам!

Інгрыдыенты для смачнага і карыснага напою
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Інгрыдыенты для смачнага і карыснага напою

 

 

 

 

 

 

З капуцынаў гатуюць: салаты, пюрэ, фаршы, марынады, прыправы да мяса, супы і салянкі, напіткі. Акрамя каранёў у расліне ядомае ўсё! Лісцікі, кветкі, насенне можна сушыць, саліць, марынаваць. Калі пачысціць і змалоць добра высушанае насенне, то атрымаеце прыправу накшталт чорнага перцу.

Дарэчы, у часы Другой сусветнай вайны некаторыя гаспадыні ў адсутнасці перцу так і рабілі.

Парада. Гурманы кажуць, калі сабраць кветкі і лісцікі капуцынаў раніцай, то яны будуць смачнейшыя, паколькі будуць больш сакавітыя.

 

 

Лісце ядуць адразу, паколькі ад захоўвання яно жоўкне. А вось бутоны можна пакласці ў поліэтыленавым пакунку ў лядоўню (але не ў маразільню), дзе яны захаваюцца на працягу 2 дзён.

Прыправа да мяса

Зялёнае маладое насенне капуцынаў зварыць у марынадзе з воцатам і соллю і ўжываць як прыправу да бараніны, але можна і да ялавічыны.

Прыправа з насення капуцынаў
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Прыправа з насення капуцынаў

Салата

10 лістоў капуцынаў, 2 невялікія зялёныя агуркі, пучок зялёнай цыбулі, кроп, 1 яйцо, соль, смятана (маянэз) па гусце.

Салата з капуцынаў
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Салата з капуцынаў

Парэзаць тоненькімі скрылікамі агуркі, пакрышыць цыбулю, лісцё капуцынаў і кроп, заправіць соллю і смятанай, або маянэзам, выкласці зверху пакрышанае яйка.

Напітак

50 г свежага лісця капуцынаў, 20 г натаркаванага хрэну, 80 г цукру, 1 літар вады

Лісцё капуцынаў з натаркаваным хрэнам прапусціць праз мясасечку. Заліць вадой, дадаць цукар і настаяць 10-12 гадзін.

Напітак з лісця капуцынаў з хрэнам
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Напітак з лісця капуцынаў з хрэнам

Працадзіць і падаць халодным. Перад ужываннем можна пакласці ў шклянку скрылік лімона.

Смачна есці!

Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (42)
Тэги:
Рэцэпты, Гісторыя, Ларыса Мятлеўская, Друя, Беларусь

Галоўныя тэмы