06:20 28 лютага 2017
«Радыё Sputnik»
Зіма ў садзе

Зюзя на дварэ - куцця на стале

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
12150

Праваслаўныя хрысціяне святкуюць пярэдадзень Раства Хрыстова або Вялікую куццю.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik. Колькі сябе памятаю, лёгкаму марозцу заўсёды радаваліся! Снег іскрыцца на сонцы, радасна рыпіць пад нагамі і неяк асабліва лёгка дыхаецца. Вось калі самы час у лес выпраўляцца: ці то селяніну па дровы, ці то проста на лыжах пакатацца. Людзі кажуць, што мароз усялякую хваробу нішчыць, выпякае. Ну, то і добра, але ж надвор'е ў студзені часам непрадказальнае. Дзённая тэмпература паветра  звычайна 3…7 градусаў марозу, але, здараецца, паніжаецца і да 40!

Марозны дзень на вёсцы
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Марозны дзень на вёсцы

І не дзіва, бог зімы Зюзя не спіць у шапку і спраўна выконвае свае абавязкі, асабліва на Каляды. Так што апранайцеся цяплей, каб не зюзіць на вуліцы, як пойдзеце калядаваць.

Засталося толькі падаіць казу

Калісці ў вёсцы Альшаны, што на Віленшчыне  казалі, што калі да Каляд застаецца два ці тры дні, то яны ўжо «на печы». Мелася на ўвазе, што ў цёплым месцы ўжо стаіць кадка з цестам, з якога хутка напякуць абваранкаў, хвархуляк ды іншую смачную выпечку, каб адорваць ёю калядоўшчыкаў. У гэты час гаспадыні акрамя шматлікіх гаспадарчых клопатаў думаюць пра меню да святочнага стала.

Хлебнае вечка і ячмень на куццю
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Хлебнае вечка і ячмень на куццю

Першая (посная, бедная, вялікая, марожаная) куцця — сямейная перадкалядная вячэра. Гаспадыня гатуе посныя стравы і ячную кашу (куццю), якую запраўляе алеем або мёдам. Лічылася: якая куцця, такі будзе і ўраджай; які дзень (надвор'е) — такі будзе і год. Не сварыліся і нічога не майстравалі.

У народзе казалі: "Калядкі — добрыя святкі: наеўся, напіўся ды й на палаткі"!

Памятаю як бабуля, дастаўшы з печы гаршчок з куццёй, ставіла яго да вечара на покуць, падклаўшы сена. Так было заўсёды, пакуль жылі дзяды, так сталася і пазней, калі ў 90-я бацькі з гораду паехалі жыць на вёску і завялі гаспадарку. Калядны вечар мы заўсёды стараліся правесці разам. 

Адзін з іх запамятаўся асабліва. Калі ў хаце ўсё было прыгатавана да сустрэчы Раства, заставалася толькі падаіць казу. Узяўшы даёнку, матуля, я і мой маленькі сын адправіліся ў хлеў. Пакуль бабуля спраўлялася мы, забурыўшыся ў духмянае сена, слухалі, як цыркаюць у вядзерца струменьчыкі малака, а каза апетытна хрумкае сена. Тады чамусці падумалася, што малеча Хрыстос, лежачы ў яслях, чуў тое самае. Глыбокі спакой і светлая радасць апанавалі душу: "Хрыстос нарадзіўся! Пан Бог аб'явіўся"!

Куццю гатуе адна жанчына

Да прыгатавання гэтай абрадавай кашы заўсёды ставіліся вельмі сур'ёзна. Гаспадыні стараліся прытрымвацца пэўнага парадку. Так напрыклад:

  • гатаваць калядную куццю ад пачатка да канца павінен нехта адзін — ці гаспадыня, ці іншая жанчына па яе даручэнні. Яна сама павінна перабраць зярняткі, вымыць іх, зварыць, астудзіць і падаць на стол. Тады на наступны год захаваецца сямейная  і гаспадарчая еднасць;

  • зярнят павінна адабраць адной меркай столькі, каб яны не перавышалі аб'ёму гаршка, у якім будзе варыцца куцця, іначай яна не задасца;
  • недахоп прызначаных на куццю зярнятак не трэба дапаўняць у гаршчку: куцця сама дапоўніць гаршчок падчас гатавання. Калі яна вырасла з гаршка, то ў сям'і будзе панаваць агульны дастатак;
  • на ўсе тры куцці сыплюць аднолькавую колькасць зерня;
  • гатуюць куццю толькі з ячменнага або пшанічнага зерня.

 Спадзяюся, што вы зразумелі, што куццёй называецца не толькі абрадавая каша, але і сама перадкалядная вячэра. Мы з вамі таксама ад пачатку Піліпаўкі рыхтаваліся да гэтага вялікага свята, гатуючы смачныя посныя стравы беларускай кухні.

Бурачкі посныя са смажанай рыбай, квас на капусным расоле, піва, грэтае з грэнкамі, кісялі і іншыя посныя стравы будуць дарэчы на святочным стале. Паколькі есці мясныя стравы можна будзе толькі з 7 студзеня, прапаную разнастаіць стол рыбнымі стравамі. Пасмажыўшы любую нятлустую рыбу (напрыклад аргенціну) прыгатуйце соус да яе па наступным старажытным рэцэпце. Не пашкадуеце!

Рыба з агароднінай
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Рыба з агароднінай

 Соус да нятлустай рыбы

  •  1 шклянка алею
  • 1ст лыжка гарчыцы
  • 1лімон
  • 1-2 чайныя лыжкі цукру
  • крыху солі
  • рыбны булён для развядзення
  • жменька бульбы, морквы і свежага гарошку.

Алей, пшанічную муку, гарчыцу расцерці да белай пены і ўліць столькі рыбнага булёну, каб маса была рэдкая. Перамяшаць. Уліць сок з 1 лімона, дадаць на смак соль і цукар, паставіць на агонь і моцна нагрэць, памешваючы і сочачы, каб соус не закіпеў. Перад падачай дадаць у соус звараныя ў падсоленай вадзе гарошак і нарэзаныя невялікімі кавалачкамі бульбу і моркву.

Заўвага. Калі я ўзялася гатаваць гэты цудоўны соус, то аказалася, што ў хаце няма гатовай гарчыцы. Але ў мяне заўсёды прыпасена яе насенне. Калі яго крыху пацерці і дадаць у соус, то будзе таксама вельмі добра.

Самы час клікаць на вячэру Мароза, як гэта рабілі нашы продкі, каб залагодзіць яго. Перад апошняй страваю гаспадар, звяртаючыся да вакна прамаўляў: "Мароз, Мароз, хадзі куццю есці, а калі не хочаш, то ўжо не йдзі ніколі".

Рыхтуем гарчыцу
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Рыхтуем гарчыцу

 

Пасля вячэры за сталом варажылі, выцягваючы з-пад абруса сцябліны папярэдне пакладзенага сена. Доўгая сцяблінка нібыта паказвала на ўдалы год. Густыя зоркі на небе сведчылі пра добры ўраджай грыбоў. А гэтым часам хрысціяне каталікі святкавалі Трох Каралёў. У добрым настроі ўсе клаліся спаць, чакаючы наступнага дня, калі, магчыма, у хату прыйдуць калядоўшчыкі.

Са святам вас, даражэнькія!

Тэги:
Куцця, Каляды, Ларыса Мятлеўская, Беларусь