02:45 22 жніўня 2017
«Радыё Sputnik»
Альбом Традыцыйная беларуская вышыўка

"Традыцыйная беларуская вышыўка": ствары вышыванку сам

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
22752

Выданне будзе карысна не толькі для тых, хто пачынае знаёміцца з традыцыйнай беларускай вышыўкай і спрабуе вышываць самастойна, а і для дасведчаных майстроў, мастакоў, дызайнераў.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Адзенне з ільну, ды яшчэ з нацыянальным арнаментам, валодае асаблівай энергетыкай. Нядзіўна, што зараз у Беларусі адчуваецца павышаны попыт на вышыванкі. Яны прадаюцца ў розных крамах — з ручной вышыўкай ці машыннай, аднак ніводная рэч не бывае такой жаданай, як тая, што створана ўласнымі рукамі. І сёння я хачу пазнаёміць вас з новым выданнем, якое будзе цікавым як майстрам вышыўкі, так і пачаткоўцам. Асабіста я не задумваючыся купіла кнігу "Традыцыйная беларуская вышыўка", як толькі ўбачыла прэзентацыю на кніжным кірмашы. 

У топе пяці кніжных навінак беларускіх выдаўцоў

Аўтары выдання — сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) Настасся Глушко і Наталля Ярмалінская, даўнія мае знаёмыя. Яны майстры-практыкі са шматгадовым вопытам, якія навучаліся традыцыйным тэхнікам вышыўкі, арыентуючыся непасрэдна на аўтэнтычныя вырабы. На іх рахунку — сотні вышытых кашуль, тканых паясоў і народных строяў.

Аўтар выдання Традыцыйная беларуская вышыўка Настасся Глушко
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Аўтар выдання "Традыцыйная беларуская вышыўка" Настасся Глушко

Настасся Глушко. Мастак, майстар традыцыйных рамёстваў. Вядзе заняткі па стварэнні традыцыйнага касцюма каля 10 гадоў. Рэгулярна праводзіць майстар-класы па рамёствах.

Аўтар выдання Традыцыйная беларуская вышыўка Наталля Ярмалінская
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Аўтар выдання "Традыцыйная беларуская вышыўка" Наталля Ярмалінская

Наталля Ярмалінская. Рэжысёр народных свят, майстар традыцыйных рамёстваў. Сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Вядзе заняткі па стварэнні традыцыйнага касцюма і ткацтве. Праводзіць майстар-класы па рамёствах.

Для пачаткоўцаў і майстроў

Выданне "Традыцыйная беларуская вышыўка" пабачыла свет у выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" ў 2016 годзе. 

У гэтым выданні сабраны выявы аўтэнтычных тэкстыльных вырабаў, якія з'яўляюцца часткай этнаграфічнай калекцыі Рэспубліканскай маладзёжнай грамадскай арганізацыі "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" (СЭТ). На працягу 20 гадоў гэта арганізацыя ладзіць экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі і яе памежжа. У калекцыі СЭТ каля 1000 адзінак тэкстыльных вырабаў!

Узор вышыўкі з альбомнага ліста
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Узор вышыўкі з альбомнага ліста

Само выданне выглядае як збор асобных лістоў, на якіх адлюстраваны найбольш пашыраныя тэхнікі народнай вышыўкі: процяг, крыжык, гладзь і іншыя дэкаратыўныя швы. У альбоме змешчаны фотаздымкі вышытых прадметаў адзення і побытавых рэчаў, схемы арнаментаў, якімі яны аздоблены.

Таксама тут прысутнічаюць тэкставыя тлумачэнні, параўнальная характарыстыка сучасных і даматканых тканін, ёсць слоўнік тэрмінаў, дэманструюцца матэр'ялы і інструменты для вышыўкі.

Узор схемы арнамента
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Узор схемы арнамента

На схемах графічна перадаецца характар і карунак шыўка, яго масштаб у адносінах да перапляцення нітак тканіны. Усё гэта будзе карысна не толькі для тых, хто пачынае знаёміцца з традыцыйнай беларускай вышыўкай і спрабуе вышываць самастойна, а і для дасведчаных майстроў, мастакоў, дызайнераў.

Кансультант ЮНЭСКА па захаванні спадчыны

Выпуск выдання ажыццёўлены сумесна з РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства". Прынамсі, маё знаёмства з сябрамі СЭТ цягнецца даўно. Гэта людзі, якія імкнуцца захаваць беларускую традыцыйную культуру і актуалізуюць яе ў сучасным гарадскім асяроддзі. Сярод іх этнографы, майстры, людзі розных прафесій і адукацый, зацікаўленая моладзь.

Дзяўчаты ў адзенні з вышыўкай
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Дзяўчаты ў адзенні з вышыўкай

За некалькі дзесяцігоддзяў мы не раз сустракаліся на агульных культурніцкіх пляцоўках, некалькі гадоў запар ладзілі разам у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту такое рамантычнае і прыгожае народнае свята, як Гуканне вясны, іншыя спеўныя і танцавальныя праекты, прымалі ўдзел у навуковых канферэнцыях, семінарах і майстаркласах.

Дзейнасць арганізацыі па захаванні і папулярызацыі традыцыйнай культуры не засталася незаўважанай. З 2014 года "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" з'яўляецца акрэдытаванай установай пры ЮНЭСКА як кансультант па пытаннях нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

Здзіўляюць модныя пляцоўкі

У апошнія гады беларускі народны строй усё больш упэўнена аднаўляе сваё існаванне ў асяродку свят, мастацкіх акцый, музычных праектаў. Так у 2015 годзе мы разам прынялі ўдзел у фестывалі беларускай моды Этна Стыль у Нацыянальнай школе прыгажосці, а ў мінулым годзе сябры СЭТ прадэманстравалі на канцэртнай пляцоўцы VІІІ Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу народных рамёстваў "Вясновы букет" калекцыю адноўленых сваімі рукамі беларускіх традыцыйных касцюмаў.

Узоры народных касцюмаў на кірмашы Вясновы букет
© Sputnik/ Ларыса Мятлеoская
Узоры народных касцюмаў на кірмашы "Вясновы букет"

На рахунку гэтай грамадскай арганізацыі не адна кніга, звязаная з традыцыйным касцюмам. І вось цяпер яшчэ і гэта цудоўнае выданне "Традыцыйная беларуская вышыўка".

Усё больш маладых людзей апранаюць традыцыйны строй на вяселле, многія імкнуцца мець у сваім гардэробе адзенне з нацыянальным каларытам.

Натуральна, што ўсе жадаючыя прыкінуць на сябе такое адзенне могуць яго набыць, дамовіцца ў майстроў, нарэшце, узяць гатовы касцюм на пракат, але згадзіцеся, так прыемна зрабіць штосьці сваімі рукамі. Спрабуйце і памятайце, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Кніга вам у дапамогу і да сустрэчы!

По теме

Маларыцкая майстрыца прысніла згубленае ткацтва пасля візіту Латушкі
Тэги:
Вышыўка, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы