08:14 26 чэрвеня 2017
«Радыё Sputnik»
Бульба з мазёхай

Мазёха, мілта і мурцоўка: нашы стравы ў пост

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
16770

Вясна - час Вялікага посту. Ад года ў год гэтай парой людзі напрацягу сарака дзевяці дзён строга ўтрымваюцца ад скаромных прадуктаў, імкнуцца праз учынкі і думкі зрабіць сябе і сваё асяроддзе лепшым.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

На мінулым тыдні пачалася сапраўдная вясна. 14 сакавіка хмарнае неба нарэшце асвяціла сонца. Аўдоцця Вясноўка, прысвятак якой у народным календары адзначаюць у гэты дзень, спраўджвала народныя прыкметы: "Яўдокі — з гары патокі".

Усталявалася даволі цёплае надвор'е, нагадваючы гаспадыням, што надышоў час сеяць на расаду памідоры. У Лельчыцкім раёне так і казалі: "Оўдокый помідоры на расаду саджалі і на окне дзержалі". Знаёмая карціна!

Народны прагноз надвор'я на год

Пачынаючы з 14-га сакавіка напрацягу 4-х дзён было прынята сачыць за надвор'ем, якое па перакананням сялян адлюстроўвала стан надвор'я на ўвесь год. Дык вось, па маіх меркаваннях, вясна і лета будуць досыць сонечныя хоць і не без дажджоў, восень чакаецца мокрай, а зіма марознай і яснай.

Час Вялікага посту 

А яшчэ вясна — час Вялікага посту. Ад года ў год гэтай парой людзі напрацягу сарака дзевяці дзён строга ўтрымваюцца ад скаромных прадуктаў, імкнуцца праз учынкі і думкі зрабіць сябе і сваё асяроддзе лепшым. Стараюцца не асуджаць, не крыўдзіць і не крыўдзіцца, пазбягаць усялякіх сварак.

Былічкі

З маладосці люблю слухаць разважанні старых людзей. З гэтай нагоды ўзгадалася гісторыя, якая прыключылася са мной у сярэдзіне 80-х акурат перад Вялікаднём. Аднойчы, едучы ў цягніку, заўважыла на сабе пільны позірк бабулькі-багамолкі. Неўзабаве яна падсела да мяне і, слова за словам завязалася кароткая гутарка, якую памятаю і цяпер. Жанчына навучала:

"Цела, што старая сарочка — знасіў і выкінуў, а вось душа, яна вечная. Каб сарочка была чыстая — яе трэба праць, цела ў пост здаравее, а душа — праз споведзь ачышчаецца, як цела ў лазні". Такая вось народная філасофія.

Дробныя заўвагі з жыцця беларуса

Так называюцца нарысы беларускага этнографа П. П. Дземідовіча, якія былі надрукаваны ў Віленскім весніку ў 1895 г. Вось з таго некаторыя вытрымкі.

Споведзь.

У першыя тыдні посту спавядаліся малодшыя члены сям'і. Падрыхтоўваючы да споведзі дзіця, маці давала яму наказ накшталт наступнага:

"Глядзі ж, сынок (дачушка), скажаш бацюшку, што маткі і бацькі не слухаў, пацер (малітваў) не гаварыў, у агарод чужы лазіў, да, помніш, ад мяне з паліцы яйцо ўкраў… А цяпер пацалуй усім руку, каб злосці на цябе ніякай не мелі і не гневаліся".

Што ж тычыцца да гаспадара і гаспадыні, то яны стараліся пайсці да споведзі ў нядзелю ці ў свята, каб не прапаў рабочы дзень. Гэтым часам усе бывалі асабліва сур'ёзныя і сканцэнтраваныя. Наогул споведзь у сялян адрознівалася шчырасцю і чыстасардэчнасцю, а ўтойванне грахоў ад свяшчэнніка лічылася смяротным грахом.

Нашы стравы ў пост

Практычна ўсе стравы, якія гатавалі ў вясновы перыяд, спрыялі паляпшэнню здароў'я чалавека, умацоўвалі імунітэт, баранілі ад усялякіх інфекцый не горш за сучасныя медыкаменты. Пабочных эфектаў пры гэтым не назіралася. Толькі адна карысць. Вось некаторыя з іх, запісаныя мной у кулінарных падарожжах па Беларусі. Усе стравы лёгка прыгатаваць, а інгрыдыенты купіць у крамах і аптэках.

Мазёха, мілта і мурцоўка

Мілта — старажытная страва беларускай кухні, якая нароўне з саладухай звычайна ўжывалася ў пост. Для атрымання мілты ўжывалі авёс. Спачатку яго парылі, а пасля хутка прасушвалі ў печы. Прасушаны авёс шляхам таўчэння яго ў ступе ачышчаўся ад шалупіння, тады таўклі ў ступе, потым малолі — і ўсё гэта рабілася для таго, каб атрымаць талакно. Цяпер трэба ўзяць невялікую колькасць такой мукі і разбоўтаць яе вадой адпаведна на смак спажыўца.

Працэс прыгатавання мілты
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Працэс прыгатавання мілты

Дарэчы, злітая з замочанага аўса вада раней лічылася лячэбным сродкам ад кашалю.

Мурцоўка

Для прыгатавання мурцоўкі дастаткова ўзяць буйную цыбуліну, крыху солі, цукру, воцату і нерафініраванага алею.

Спосаб прыгатавання: 

Цыбулю дробна пакрышыць і расцерці разам з соллю, дадаць у кашку па смаку воцат або лімонны сок, некалькі кропель алею і крышачку цукру. Накласці масу на лусту аржанага хлеба і есці.

У даўніну ж мурцоўку разбаўлялі вадой у глыбокай місцы і мачалі ў яе хлеб. Дарэчы цыбуля ў такой страве зусім не горкая, а калі выкарыстаць чырвоную цыбуліну, то будзе яшчэ смачней.

Мурцоўкай называецца гэта страва на Віцебшчыне, але нешта падобнае гатуюць у пост і ў іншых мясцовасцях Беларусі.

Луста хлеба з мурцоўкай
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Луста хлеба з мурцоўкай

Мазёха

Рэцэпт гэтай стравы я прывезла з в. Радуты Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Каб прыгатаваць мазёху, спатрэбіцца 0,5 шклянкі насення лёну, якое цяпер набываюць у аптэцы, і шклянка бульбянага адвару. Мазёху ядуць з варанай бульбай.

Мазёха
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Муку з лёну трэба добра прасейваць

Спосаб прыгатавання: 

Абабраць бульбу і паставіць яе варыць. Тым часам высыпаць насенне лёну на гарачую патэльню і прагрэць да таго часу, пакуль насенне не пачне падскокваць, сцерці ў ступцы, або змалоць яго на кавамолцы, прасеяць праз сіта і запарыць гарачым бульбяным адварам у глыбокай місачцы. Заліваць адварам ільняную муку трэба паступова, увесь час добра памешваючы, каб атрымалася аднародная маса падобная да жэле. Гэты жэлепадобны соўс і ёсць мазёха, якой паліваюць гарачую бульбу перад падачай да стала. Часта да гэтай стравы дадаюць салёны агурок.

Мазуха гатовая да ўжывання
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Мазёха гатовая да ўжывання

Смачна есці і не сумнай вам вясны! Да сустрэчы.

Тэги:
беларуская кухня, Кухня, Нацыянальная кухня, Вялікі пост, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы