20:27 22 кастрычніка 2017
«Радыё Sputnik»
Дамавік і кацяня

Церцюха для Дамавухі, ці як зрабіць сябрам Дамавіка

© Sputnik/ Игорь Зарембо
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (16)
11481

Ці ведаеце вы, што 14 красавіка было прынята адзначаць Дзень абуджэння апекуна дома — дамавіка? Самы час адзначыць Дзень абуджэння дамавіка і зрабіць яго сваім сябрам.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

У мінулым годзе ўтварылася ў маёй вясковай хаце прыгода. Вырашылі адрамантаваць вясковую хату, якую пабудаваў яшчэ мой прадзед Нічыпар Грамовіч. Калі дабраліся да гарышча, то ў самым закутку знайшлі лапаць. Амаль не ношаны, ён быў чамусьці адзін. Шукалі другі, але не знайшлі. Паказалі яго суседцы, якая завітала ў госці, а яна і кажа: "Можаце не шукаць другі лапаць, бо гэты — хатка для Хатніка". Дзівосы! Які такі Хатнік і пры чым тут лапаць?

Лапаць - хата для Хатніка
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Лапаць - хата для Хатніка

А вось і пры тым, што калі мой шаноўны прадзед у 1919 годзе ад Савецкай улады атрымаў зямлю на неўрадлівай пустцы каля роднай вёскі, то тром сваім дзецям вырашыў пабудаваць там хатку, і каб у ёй ім добра жылося, перанёс у гэтым лапці са старой хаты Дамавіка або Хатніка. Ну проста не ўяўляемая для сучаснага чалавека рэч! І тым не менш, за ХХ ст. чаго толькі не зведалі жыхары гэтай хаты.

Напрыклад падчас Вялікай Айчыннай вайны аўтаматная чарга прапаліла бярвенную сцяну, але пажар раптоўна суняўся і хата ацалела. Разбегліся па свеце дзеці, і кожны меў свой лёс, але важна другое — нашчадкі яе не пакінулі, і вось, у ХХІ стагоддзі хатка прычакала рамонту. Можа, гэта справа Дамавіка?

Дамавікі або Хатнікі і ці ёсць яны насамрэч?

Вывучаючы традыцыйную культуру беларусаў, мне давялося шмат павандраваць па Беларусі. Бачыла я розныя сядзібы, і дагледжаныя, і занядбаныя, а то і пакінутыя зусім. Сумнае відовішча і пазасветны холад у пакінутай хаце. Заходзіш у такую і разумееш, што няма ў ёй жывога духу, мусіць, яе пакінуў Хатнік. Што ж, калі няма ў жытле людзей, то што рабіць у ім Дамавому? А можа і праўда, што людзі кажуць пра гэтых нябачных духаў дома? Прабачце, я дык з імі размаўляю часам, напрыклад, калі ўпершыню пасля зімоўкі ў горадзе палю ў печы. Гэтым часам я спадзяюся, што Хатнік і асабліва Хатніца даруюць мне маю вымушаную адсутнасць і дапамогуць утрымліваць гаспадарку ў ладзе.

Там, дзе няма Хатніка
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Там, дзе няма Хатніка

Нашы продкі свята верылі, што нябачна ад людзей у кожным чалавечым жытле вядуць сваё існаванне дамавікі, хатнія духі. Яны п'юць, ядуць, сумуюць і радуюцца, нараджаюцца і паміраюць. Кіраўнік гэтай сямейкі, вядома, Дамавы. Ёсць жонка, дамавуха, дзеці — дамавічкі і дамавушкі. Цікава, што па розных звестках некаторыя з людзей прымудраліся з імі пазнаёміцца. Ужо не ведаю, у якім яны былі стане, але тыя, каму хатнік меў гонар здацца, сцвярджалі, што гэта тоўсты сярэдняга росту мужчына з сівой барадой, з прыгожым, лагодным тварам, блакітнымі адкрытымі вачыма і доўгімі сівымі валасамі. А яшчэ кажуць, што Хатнік часта падобны на гаспадара дома, у якім ён жыве. (Ну, памятаеце, як сабака, што нагадвае гаспадара?)

Пакінутая хата
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Пакінутая хата

Апранаецца наш герой па сезоне, але ніколі не носіць абутку і шапкі, што адрознівае яго ад людзей. Спіць на печы або пад печчу, таму і называюць яго часам падпечнікам. Ён выдатны гаспадар і прачынаецца вельмі рана, але трошкі свавольнік, паколькі першае, што ён робіць, — палохае пеўня, добранька падтрасаючы яго. Певень з перапуду пляскае крыламі і крычыць, чым паспяхова будзіць гаспадароў. А ўжо прачнуўшыся, толькі паспявай паварочвацца! Добраму гаспадару праца сама ў рукі ідзе. Такому і Хатнік у дапамогу.

Як дапамагае Хатнік чалавеку

Для таго, каб Хатнік выканаў жаданне, яму неабходна без сведак услых выказаць пажаданне, і тады ён будзе чысціць і мыць сцены і мэблю, выконваць працу найбольш любімых дамачадцаў — шыць, прасці, малоць і многае іншае. Гэта ў мінулым, цяперашнім светам у карыстальнікаў, можа, не будзе псавацца кампутар і тэлефон, будзе спраўна смактаць пыл пыласос, праць бялізну і мыць посуд розныя машыны і шмат якія іншыя сучасныя прыстасаванні, без якіх у сучасным свеце не абысціся гаспадарам.

З новым посудам у пост
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Дамавік дапамагае гаспадару чысціць посуд

А яшчэ ён можа быць вельмі ласкавым! Гладзіць сваіх улюбёнцаў па галаве, робіць укладку, і не трэба хадзіць да цырульні, пляце косы, а ў сне нават адганяе ад іх мух! Гэта ён увесну збірае крапіву, сушыць яе, каб пасля гаспдынька запарвала яе для мыцця валасоў. Ад крапівы яны робяцца густыя, без перхаці і прыгожыя.

У той жа час Хатнік сцеражэ хату і дабро, папярэджвае аб пажары, крадзяжах і хваробах. Вось дзе можна сэканоміць на сігналізацыі! Калі вы пачулі нейкі адмысловы стук, смех, плач ці нешта дзіўнае — ведайце, гэта Хатнік нагадвае пра сябе.

Хатнік любіць дружную сям'ю. Ён і сам добры сем'янін. Яго жонка Дамавуха — нізенькая, тоўсценькая, як хлебная кадачка, цётачка сярэдніх гадоў. Гэта ёю падтрымліваецца парадак і згода ў хаце добрай гаспадыні. Гэта яна дапамагае даглядаць за дзецьмі, калыхае іх, лечыць чароўнымі травамі, з дапамогай якіх тыя хутка папраўляюцца. Дарэчы, неахайнікам Дамавуха ў гатовую ежу падкідвае траўку свірэпку, ад якой у хаце потым здараюцца сваркі і бойкі. Будзьце пільныя, паколькі разлад у сям'і не пацерпіць і Хатнік, і таксама стане паскудзіць такім у выхаваўчых мэтах.

Чым частаваць Хатніка і яго сям'ю

Як і яе муж, Дамавуха любіць паесці. Праўда, есць мала. Любімая ежа Дамавухі — вараная бульба з малаком або квасам. Чаму б, каб задобрыць гэту нябачную гаспадыньку і яе сямейку, не згатаваць для яе "церцюху"? Гэта народная страва з бульбы прыйдзецца да спадобы ўсім хатнім! Да таго ж яна можа быць і посная, што будзе дарэчы ў гэтую апошнюю пятніцу перад Вялікаднём.

Церцюха

Драная бульба на церцюху
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Драная бульба на церцюху

Аблупіць і садраць бульбу, як на дранікі. Асобна пасмажыць на алеі пакрышаную цыбулю і загадзя намочаныя грыбы. Паставіць у каструлі ваду і, як закіпіць, патроху кідаць у яе бульбу, увесь час мяшаючы, каб не атрымалася камячкоў. Як амаль зварылася бульба, запраўляюць супец цыбуляй і грыбамі. Не пашкодзіць і свежы кроп. Усё, церцюха гатова. Як дзень не посны, то замест цыбулі і грыбоў, бульбяную церцюху беляць малаком, дадаючы кавалачак вяршковага масла. Таксама вельмі смачна!

"Няма чаго збыткавацца" або вяселле дамавікоў.

А яшчэ ў гэтым сямействе духаў хаты як правіла шмат дзяцей — хлопчыкаў і дзяўчынак. Бацька іх нават жэніць на дамамавіках і дамавухах з іншых сем'яў! А вяселля спраўляе тады, калі ў доме вяселле гаспадарскіх дзяцей. Робіць ён так таму, што з дзяцінства руплівы і скупы. Як кажуць у народзе: "Няма чаго збыткавацца". Навошта асобна наймаць музыкаў ды яшчэ і плаціць ім!

Домовой.Рисунок Ивана Билибина. 1934 год.
© Фото: Рисунок Ивана Билибина. 1934 год.

Вельмі паважалі Дамавіка нашы продкі. Ён лічыўся добрым духам. Так і казалі: "дамавік ад чарцей адстаў, а да людзей не далучыўся". А яшчэ лічылі, што дабро, атрыманае ад Дамавіка, не пойдзе прахам.

Ну што, уся семья сабралася? Хутчэй нясіце церцюху на стол і ешце на здароўе! І не забудзьцеся запрасіць сямейку хатнікаў пдалучыцца да абеду. Глядзіш ужо назаўтра штосьці памяняецца да лепшага. Мір вашай хаце і да сустрэчы!

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (16)
Тэги:
Народныя традыцыі, спадчына, Нацыянальная кухня, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы