01:41 17 снежня 2018
«Радыё Sputnik»
  • USD2.12
  • EUR2.40
  • 100 RUB3.19
Дзень каваля ў Строчыцах

Божыя кавалі ўпрыгожваюць неба зорамі: святкуем восеньскія Кузьмінкі

© Sputnik Альфрэд Мікус
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (37)
20590

Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае, каго на вёсцы называлі "кавалямі" і чаму ў сапраўдных кавалёў рукі па локаць у золаце.

Паводле народнага звычаю, на гэтым тыдні адзначаюць Кузьму і Дзям'яна, або Восеньскія Кузьмінкі.

Згодна з народнымі ўяўленнямі, Кузьма і Дзям'ян — божыя кавалі, якія здольныя не толькі ўпрыгожыць каванымі зоркамі неба, але і скаваць ледзяны ланцуг для зямлі. Казалі, што да Кузьмы зіма не здолее закаваць раку. Прысвятак Кузьма і Дзям'ян — свята кавалёў. Яго прынята святкаваць 14 лістапада.

Дзень каваля ў Строчыцах
© Sputnik Альфрэд Мікус
Дзень каваля ў Строчыцах

 

Кузьму і Дзям'яна нашы продкі лічылі апекунамі земляробаў, рамеснікаў і лекараў. Каб мець плён у справах, дастаткова прамовіць перад працай: "Кузьма-Дзям'ян, маці, дапамажыце мне працаваці!".

Каб стаць майстрам, зрабі штуку

Тое, што свята кавалёў унесена ў народны каляндар, сведчыць аб вялікай павазе да майстроў, якія займаліся коўкай металу. Некалі навучанне кавальскаму рамяству працягвалася ад 3 да 7 гадоў. Пасля гэтага вучні станавіліся чаляднікамі або падмайстрамі. Для атрымання статуса майстра трэба было выкаваць пэўны выраб або, як казалі, "зрабіць штуку".

 

На Беларусі кавальства вядома з жалезнага веку. Пашырылася ў ХІ-ХІІІ стагоддзях. З жалеза рабілі рэчы гаспадарчага прызначэння: сякеры, сярпы, долаты, нажы, нажніцы, цвікі, шпоры, крэсівы, замкі, ключы, спражкі, фібулы і іншыя рэчы.

Дзень каваля ў Строчыцах
© Sputnik Альфрэд Мікус
Дзень каваля ў Строчыцах

Кавальствам звычайна займаліся гарадскія рамеснікі. У ХVІ стагоддзі ўзніклі першыя кавальскія цэхі. Уставы цэхаў рэгламентавалі характар работы кавалёў: акоўванне транспартных сродкаў, падкоўванне коней, выраб сякер, крукоў, ланцугоў, шлемаў, рашотак, мастацкіх рэчаў.

 

Асаблівага росквіту кавальства дасягнула ў ХVІІ — ХVІІІ стагоддзях: у Віцебску, Полацку, Магілёве, Мінску, Вільні, Пінску, Гродне налічваліся дзясяткі кавалёў розных спецыяльнасцяў.

Каваль — волат, рукі ў золаце

Пераважная большасць гарадскіх майстроў працавала ў сферы манументальнага будаўніцтва. Яны выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя парэнчы, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і іншае. У ХІХ стагоддзі з развіццём прамысловасці кавальства ў гарадах заняпала, перабраўшыся ў вёску. Там яно задавальняла гаспадарчыя патрэбы насельніцтва.

Дзень каваля ў Строчыцах
© Sputnik Альфрэд Мікус
Дзень каваля ў Строчыцах

 

Для кавальскіх работ будавалі асобнае памяшканне — кузню, у якой былі горн і неабходныя кавальскія інструменты.

Звычайна кузня стаяла на краю вёскі, пры дарозе. Адтуль даносіўся стук молата і перазвон жалеза. З глыбокай павагай адносіліся да каваля людзі, лічылі яго волатам, у якога рукі ў золаце. 

Дзень каваля ў Строчыцах
© Sputnik Альфрэд Мікус
Дзень каваля ў Строчыцах

Часта ў вёсках свайго каваля не было, і жыхары мусілі шукаць яго ў аддаленых вёсках або чакаць каваля-цыгана. Пра тое ў кнізе "Рэчыцкае Палессе" Часлава Пяткевіча чытаем: "Прыязджаў ён з сям'ёй, раскідваў на выгане шацёр, наладжваў сваю пераносную кузню і энергічна каваў, сумленна выконваючы ўсялякія замаўленні. Сталь самых лепшых гатункаў прывозіў заўсёды з сабой, а жалезам з вугалем забяспечвалі яго кліенты; не шкадавалі яму і ўсялякай ежы. Пасля выканання ўсіх замаўленняў гэтай вёскі рухаўся далей, шчодра надораны, пакідаючы пасля сябе толькі добры ўспамін, што ён захаваўся да сённяшняга дня, паколькі пра добрага каваля кажуць: каваль, бы начэ чысты цыган".

 

Прыказкі пра кавалёў

  • Каваль куе, каваліха пяе.
  • У каваля што стук, то грыўня.
  • Калі на дварэ лёд, то кавалю мёд.
  • Каваль куе, а жалеза пяе.
  • Каваль — без сякеры, шавец — босы.
  • Кузьма і Дзям'ян — два ліцвіны, прынеслі гаршчок бацвінні.

Як кавалі змея запраглі

У народных уяўленнях святыя Кузьма і Дзям'ян — простыя, працавітыя людзі, якія косяць сена, працуюць у кузні, дзе куюць сохі і плугі, якія пасля раздаюць людзям. Гэтыя святыя харчуюцца, як простыя людзі, і ядуць улюбёную народную страву — бацвінню. Акрамя працы яны змагаюцца са змяёй, якая знішчае чалавечы род. Пра тое амаль два стагоддзі таму ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерніі беларускі і расійскі этнограф Еўдакім Раманаў запісаў паданне:

"Кузьма і Дзям'ян былі калісь кавалі. І была змяя калісь. Дак яна ўбірала людзей. І дабіраецца да іх ужо, знацца. "Што, брат, іздзелаем мы зялезную саху…" А далей, запрапанавалі яны той змяі пралізаць тры дзверы, за якімі хаваліся. Калі яна тое здолее зрабіць, то тады можа іх з'есці. Змяя ім паверыла і пралізала тыя дзверы, а "…яны тагды — цяпель! Ды за язык яе кляшчамі. Да адзін гвоздзе па галаве, а другі запрагае ў саху. Як запраглі яе, дак аралі яны на ёй лес, аралі яны луг, аралі яны поле, аралі ўсё і не давалі піць, пакуль не прыараліся к Няпру (Дняпру), яна як вырыла роў, як стала піць, — апраглася. А яны тагды і прыстанавіліся".

Кузьма-Дзям'ян — вясельны каваль

Кузьма і Дзя'ян таксама лічыліся апекунамі вяселля, заступнікамі шлюбу, сям'і і хатняга ачагу.

Усяго два тыдні засталося да Піліпавага посту, а гэта значыць, што сёлета надыходзіць канец вяселлям. Таму дзяўчаты, якія хацелі б пайсці замуж да Калядаў, павінны былі актыўна звяртацца пра тое ў маленнях да гэтых святых з просьбаю "скаваць свадзьбу крэпкую, даўгавечную, на векі неразлучную". Падчас вясельнага абраду хросная маці таксама звярталася да святых заступнікаў вяселля: "Кузьма-Дзям'ян, скуй нам вяселле да белай галавы, ды сівой барады!"

У народнай культуры слова каваль мае яшчэ адно значэнне. Падчас Радзіннага абраду кавалём іншасказальна называлі бацьку толькі што народжанага дзіцяці.

Чытайце таксама:

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (37)
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Беларусь

Галоўныя тэмы