16:35 21 лютага 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.14
  • EUR2.43
  • 100 RUB3.27
Каляды

Гатуем качку і праважаем Каляды па-беларуску

© Sputnik Альфрэд Мікус
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (27)
19551

На другі і трэці дзень пасля Вадохрышча нашы продкі "праважалі Каляды". Гэтыя дні мелі шмат назваў - Прывадохрышча, Лянівы дзень, Прыцек, Іван Прысеча, Іван Хрысціцель, Адпусціцель і Расцвендзень.

Дні 20 і 21 студзеня ў народным календары пазначаны як Провады Каляд - два тыдні вясёлых, амаль бесклапотных дзён праляцелі, пакінуўшы пасля сябе след вясёлых і прыемных успамінаў.

Напрацягу святаў людзі хадзілі ў царкву на святочныя набажэнствы, смачна і сытна елі не толькі на тры Куцці, але і штодня, калядавалі і прымалі ў сябе калядоўшчыкаў. Цяпер жа калядныя маскі канчаткова адкладзены ў бок да наступных Каляд.

 

Лянівы дзень

Провады Каляд, якія адбываліся на другі і трэці дзень Вадохрышчаў, называліся па-рознаму: Прывадохрышча, Лянівы дзень, Прыцек, Іван Прысеча, Іван Хрысціцель, Адпусціцель і Расцвендзень.

Адпусціцель або Провад-Каляда і Расцвендзень — назвы апошняга дня святаў на Віцебшчыне.

Прыцек, Іван Прысеча, Іван Хрысціцель — свята называецца так таму, што ў Царкве адбываецца сабор Іаана Прадцечы. З нагоды свята ў народзе казалі: "Іван Прыцек узяў куццю да й уцек"; "Вось сёння Хрышчэнне, заўтра Івана Прыцеча і Каляда ўцеча".

У гэтыя дні жанчыны паціху пачыналі прасці, бо як скончыцца зіма, то будзе ўжо не да верацёнаў і кроснаў. Бацькі, якія не паспелі ажаніць сваіх дзяцей да Каляд, спяшаліся гэта зрабіць у бліжэйшы час, бо з гэтага дня царква дазваляла вянчанне. Да Масленкі спраўлялася найбольшая колькасць вяселляў. Гэтая пара называлася Малой вясельніцай.

Не сумуйце па Калядах, бо запахла блінамі і Масленкай!

Пасля заканчэння Каляд па народнаму календару наступае Мясаед, які пачаўшыся пасля Раства цягнецца да Масленкі. Старыя людзі казалі, што мясаед можа цягнуцца ад 7 і да 8, 9 тыдняў. Гэта залежыла ад маладзіка. Тлумачылі, што Мясаед павінен быць у трох маладзіках. Калі Каляды пачаліся на пачатку маладзіка, то Мясаед будзе вялікі, а калі Каляды на сходзе месяца, то наадварот. Адзначалі, што калі Мясаед маленькі, то Вялікдзень будзе рана.

Старажытны абрад Цягнуць Каляду на дуба
© Sputnik Альфрэд Мiкус
Беларускі святочны стол

На Мясаеда гатавалі вялікую колькасць страў з мяса, напрыклад, фаршыраваную качку. Мая бабуля, Алена Іванаўна, альбо, як запісана ў яе беларускай метрыцы — Гэлька Янкава, называла гэту страву не іначай як "качка або кура надзяваная" і гатавала яе толькі па фамільным рэцэптце. Такую страву падавалі на стол толькі па вялікіх святах, бо клопатаў з ёю ў прыгатаванні немала, але вынік — выдатны. Кожная гаспадынька мела свой рэцэпт прыгатавання фаршыраванай качкі.

Качка надзяваная ад Гэлькі Янкавай

Калі няма качкі на сваім падворку, то ў краме і на кірмашы яе лёгка набыць. Лепш не выбіраць індакачку, бо яна больш мясная, а звычайную качку будзе прасцей напоўніць фаршам.  Некаторыя гаспадыні па-штукарску выдаляюць косткі і мяса з качкі так, што застаецца толькі скура, але рабіць гэта не абавязкова.

Качка спяклася і самы час пакласці на яе гнёт
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Качка спяклася і самы час пакласці на яе гнёт

Інгыдыенты:

  • 1 качка
  • Стос наліснікаў
  • 2 яйкі
  • 0,5 кг сумесі курыных вантроб або толькі пячонкі
  • Соль
  • Каляндра
  • Кмен
  • Лаўровы ліст

Як гатаваць:

Падрыхтаваную качку нацерці соллю з часткай спецый як звонку, так і з сярэдзіны і пакінуць яе на гадзіну. За гэты час напячы танюткіх наліснікаў, адварыць яйкі, вантробы і ўсё нарэзаць на кавалачкі сярэдняга памеру, пасаліць, дадаць спецыі і добра перамяшаць. Начыніць гэтым фаршам качку не вельмі туга, каб яна падчас гатавання не лопнула, зашыць усе дзіркі і выкласці на нацёртую сметанковым маслам або алеям бляху або глыбокую форму. Наліць туды каля 1 літра вады і паставіць у гарачую духоўку або печ прыкладна на 1 гадзіну і болей. У духоўцы выпякаць пры тэмпературы 190 градусаў.

Качка надзяваная
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Качка надзяваная

Час ад часу качку трэба даставаць і паліваць тым булёнчыкам, які ўтварыўся ў яе пад бокам. Калі пабачыце апетытную скарынку — самы час даставаць качку з духоўкі і, крыху астудзіўшы, пакласці пад гнёт, каб начынка спрэсавалася. Цяпер выносім страву на холад і астуджаем. Калі астыне,яе лёгка будзе нарэзаць на порцыі. Ядуць без хлеба і бульбы.

Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (27)

По теме

Шчодры вечар у хату: як гулялі напярэдадні Старога Новага году
Карласан, Сярдзючка і Мікі Маус: яркія вобразы карнавала ў Давыд-Гарадку
Тэги:
свята, Беларусь

Галоўныя тэмы