23:16 22 верасня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.04
  • EUR2.26
  • 100 RUB3.20
Кадушка

Чысты чацвер: што ў гэты дзень рабілі беларусы

CC0 / Pixabay / ulleo
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (68)
29430

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра прыкметы і традыцыі гэтага дня, і вучыць, як зрабіць "чацвярговую соль".

Чысты чацвер  або Жыльнік — так называлі чацвер на Вербным тыдні. Для селяніна ён заўсёды быў звычайным працоўным днём, у які аралі і сеялі, даглядалі сад і двор, пачыналі выпякаць велікодныя булкі, фарбавалі яйкі.

Велікодная ежа перад асвячэннем
© Sputnik / Виктор Толочко

Лічылася, што перадвелікодная Пятніца не падыходзіць для гаспадарчых клопататаў.  А ў суботу ўжо трэба несці ўсё ў царкву асвячаць да Свята. У народзе казалі: "Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе… к святому Вялічку". Але ў хаце не прыбіралі. На Свіслаччыне лічылі, што ў гэты дзень нельга мыць, бо "зальеш вочы Хрысту". Увогуле з гэтым днём у народзе існавала шмат  павер’яў. 

Народныя прыкметы і традыцыі

Абавязкова назіралі ў гэты дзень за надвор’ем: калі на Чысты чацвер яно было добрым, то і на Ушэсце будзе такое ж, дождж у той дзень абяцаў малако ў кароў. На Мсціслаўшчыне раніцай пралі леваю рукою "чацвярговыя ніткі". Палатно сатканае з іх у іншы дзень, лічылася гаючым і ім перавязвалі раны.

Цікавым быў звычай выстаўляць напярэдадні Чыстага чацвярга на двор кавалак хлеба і каліва солі, каб спрагназаваць непажаданыя маразы. Калі хлеб напрацягу ночы не замерзне, то яравыя не пацерпяць ад марозаў. Лічылася, што з’есці гэты хлеб пасля лазні вельмі карысна для здароўя.

У Чысты чацвер нікому нічога не пазычалі, асабліва агонь, падазраючы, што той, хто просіць, прыйшоў са злымі намерамі.

Свечка, з якой стаялі ў гэты дзень у царкве падчас набажэнства называлася "страснай". Яе захоўвалі напрацягу года і запальвалі падчас моцнай навальніцы, абкурвалі людзей і жывёлу пры хваробах, а таксама пчол, перасцерагаючы іх ад нападзення чужых пчол.

Цікава, што на Вербным, Страсным (Белым) тыдні Чыстым лічыцца не толькі чацвер, але і панядзелак з аўторкам. На Случчыне сцвярджалі: "У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго небудзь нечыстаго, бо на людзей і на говядо нападуць паршы".

Але большасці вядомы звычаі, звязаныя з чацвяргом і звязанай з ім традыцыяй "мыць грэшныя плоці".

У народзе казалі, што ў Чысты чацвер нават воран "купае сваіх дзяцей". Да гэтага дня на перадвелікодным тыдні ставіліся з вялікай адказнасцю. Да яго рыхтаваліся загадзя, паколі памыцца трэба было паспець да ўсходу сонца.

Ужо ў сераду з вечара гаспадыні нарыхтоўвалі чыстую бялізну для ўсіх членаў сям’і, ільняныя ручнікі і прасціны, прыбіралі ў лазні, мылі ночвы і іншае начынне, рыхтавалі новыя мачалкі, венікі і мыючыя сродкі. У залежнасці ад колькасці членаў сям’і прачыналіся так рана, каб паспець памыцца кожнаму да першых промняў сонца. Залазячы на палок прыгаворвалі: "Хрышчоны на палок, нехрышчоны з палка". Гэта было звязана з перакананнем, што ў лазні пад палком жыве дух або гаспадар лазні Лазнік. Ён лічыўся самым злосным сярод іншых сядзібных нячысцікаў. Выходзячы з лазні на палку пакідалі вядро з вадой і венік для "хазяіна" і, перахрысціўшыся шапталі: "Табе баня на стаянне, а нам на здароў’е".

Як зрабіць "чацвярговую соль"

У Чысты чацвер у печы запякалі "чацвярговую соль". Некаторыя лічылі яе магічным сродкам, але ўсё было значна прасцей. Чацвярговую або "чорную" соль выкарыстоўвалі ў кулінарыі як спецыі, яна была цудоўным дадаткам да велікодных страў.

Гатавалі гэты ўнікальны прадукт адзін раз на год і каб хапіла на ўвесь год.

Соль буйнога памолу змешвалі з кваснай гушчай у вялікай патэльні. Квасную гушчу адцэджвалі з сусла любога соладавага квасу, чырвонага або белага. Гушчу і соль бралі ў аднолькавых прапорцыях. Сумесь ставілі ў духоўку або печ да запякання ў маналіт, а пасля таўклі ў ступе. На Вялікдзень ёю прыпраўлялі яйкі і мяса.

Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (68)
Тэги:
Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Чысты чацвер, Вялікдзень

Галоўныя тэмы