12:01 14 жніўня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.46
  • EUR2.91
  • 100 RUB3.35
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Забытыя і знакамітыя: самыя цікавыя славутасці Беларусі (16)
2310

Пандэмія зачыніла межы, але натхніла беларусаў на вандроўкі па краіне. Цяпер ленты і сторыз сацыяльных сетак напаўняюцца фотаздымкамі гістарычных мясцін. Карыстаючыся момантам карэспандэнт Sputnik Марына Валасар наведала сядзібу шляхецкага роду Навіцкіх на Ляхавіччыне.

Сядзібна-паркавы комплекс шляхецкага роду Навіцкіх знаходзіцца ў вёсцы Савейкі, што крыху больш за 18 кіламетраў ад Ляхавічаў. Гэтае ўнікальнае месца перадае атмасферу XIX стагоддзя.

Вёска Савейкі
© Sputnik Марына Валасар
Вёска Савейкі

Калі дакладна быў пабудаваны ансамбль, невядома. Сярод даследчыкаў і гісторыкаў ёсць розныя меркаванні. Некаторыя лічаць, што палац разам з паркам быў закладзены напрыканцы XVIII стагоддзя, іншыя называюць 1850-ы год, калі пані Навіцкая набыла тры тысячы гектараў зямлі ў генерала Кор-Рудольскага, што служыў у Радзівілаў. Разам са шляхцянкай гаспадарылі на гэтай зямлі яе сыны Канстанцін і Феафіл. Мяркуюць, што падчас іх валадарання быў пабудаваны драўляны палац, а ў 1904 годзе – цагляны.

У розныя часы Савейкі належалі Бенігсенам, Чапскім, Незабытоўскім, Рдултоўскім.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках
© Sputnik Марына Валасар
Сядзіба Навіцкіх у Савейках

У палацы была вялікая бібліятэка і архіў, дзейнічаў музей мясцовай фаўны, самы вялікі з прыватных музеяў Польшчы ў даваенны час.

Парк, плошча якога складае каля 10 гектараў, быў абсаджаны вялікай колькасцю экзатычных дрэў і кустоў. Многія з іх і да гэтага часу можна сустрэць у ваколіцах сядзібы. Гэта лістоўніца еўрапейская, конскі каштан, арэх шэры, бэз венгерскі, ірга каласістая, каліна канадская, ясень звычайны адналісты.

Незвычайную рамантычную атмасферу парку надавалі некалькі сажалак. У іх цэнтры размяшчаўся маленькі востраў з мураванай альтанкай. Патрапіць на яго можна было па каменным арачным мосціку. Сажалкі і зараз ёсць, хоць, канешне, вельмі пазарасталі.

Акрамя самой сядзібы захаваліся яшчэ некаторыя збудаванні. Гэта афіцына, бровар і гаспадарчыя пабудовы. На фасадзе бровара можна ўбачыць дату пабудовы  "R 1901", а таксама ініцыялы уласніка "T. N.", што азначае - "Тэафіл Навіцкі".

Прыкладна ў двух  кіламетрах ад вёскі знаходзяцца могілкі з радавой капліцай-пахавальняй. Пабудаваная ў ХІХ стагоддзі ў стылі класіцызму сёння капліца знаходзіцца ў паўразбураным стане.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках
© Sputnik Марына Валасар
Тут пануе незвычайная рамантычная атмасфера

У 1860 годзе палацава-паркавы комплекс набыў маёр у адстаўцы Гектар Банавентуравіч Навіцкі. У той час да маёнтка адносіліся фальварак Заполле, а таксама вёскі Лапацічы, Гайнінцы, Гайнін, Тальмінавічы, Мядзведзічы, Куршынавічы.

Маёнтак быў сапраўдным прамысловым цэнтрам гэтай мясцовасці. Тут былі адкрытыя мылаварны, свячны, вінакурны, шкіпідарны заводы, а таксама тры карчмы, два вадзяныя млыны, смалакурня і бровар. Апошнімі, хто валодаў Савейкамі з Навіцкіх, былі Тэафіл і Андрэй.

На падмурку Савейкаўскага палаца пазначана дата: "1901 год". Ёсць меркаванне, што гэта час рэканструкцыі будынка.

Сядзіба Навіцкіх у Савецках
© Sputnik Марына Валасар
Савецкія шлады не дазволілі рэканструяваць сядзібу

У 1939 годзе маёнтак разрабавалі, а арандатара, які яго абараняў, забілі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны палац быў разбураны, але потым адноўлены па старых чарцяжах.

У 50-я гады ХХ стагоддзя сын Феафіла Навіцкага Ежы, які ў той час быў паслом Польшчы ў Францыі, даслаў ліст у Савет Міністраў БССР, у якім прапаноўваў выдзеліць уласныя грошы на рэстаўрацыю былой сядзібы, але атрымаў адмову ад савецкага кіраўніцтва.

Дарэчы, з савецкіх часоў да нас дайшлі шматлікія скульптуры жывёл, якія можна сустрэць перад сядзібай. Гэта, напрыклад, зубр, алень і маленькія мядзведзі з бочкай мёду. Цікавосткай прысядзібнага парку з’яўляецца помнік Леніну – адзіны на ўвесь раён.

Сядзіба Навіцкіх у Савейках
© Sputnik Марына Валасар
У парку шмат скульптур розных жывёл

Пачынаючы з 1954 года ў сядзібе Навіцкіх быў размешчаны  дом адпачынку работнікаў лясной гаспадаркі ўсесаюзнага значэння, затым у розны час яго прыстасоўвалі пад санаторый для хворых на сухоты і ўчастковую бальніцу з дзіцячым аздараўленчым лагерам у летні час. 3 2004 года ў палацы размяшчалася ўрачэбная амбулаторыя.

У 2013 годзе палац разам з гаспадарчымі пабудовамі быў выкуплены СЗАО "Лада Гарант". Новы ўласнік абяцаў рэканструяваць сядзібу, але і да сённяшняга часу гэта не зроблена. Між іншым, у сакавіку гэтага года пракуратура Ляхавіцкага раёна выставіла патрабаванне аб тым, што палац павінен быць закансервіраваны з-за пагрозы абвалу будынку.

Аднак і такая сітуацыя не знішчае рамантызм гэтых мясцінаў, а, магчыма, нават больш прыцягвае сваёй некранутасцю і аўтэнтычнасцю шматлікіх турыстаў.

Чытайце таксама:

Тэмы:
Забытыя і знакамітыя: самыя цікавыя славутасці Беларусі (16)
Тэги:
Брэсцкая вобласць

Галоўныя тэмы