МІНСК, 6 лют - Sputnik. У цэнтры Брэста на месцы будаўніцтва элітнага жылога квартала знайшлі масавае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны, аб гэтай трагічнай знаходцы распавялі ў эфіры тэлеканала АНТ.
На працягу двух тыдняў знойдзенае пахаванне вывучаюць спецыялісты. Яны ўжо паспелі высветліць, што там ляжаць парэшткі мірных жыхароў. Па словах гісторыкаў, там пахаваныя вязні Брэсцкага гета, але раней аб гэтым месцы расстрэлаў не ведалі, паколькі згадак пра яго ў архівах не было.
На глыбіні каля метра былі знойдзеныя асабістыя рэчы загінулых і фрагменты іх адзення. Дакладную колькасць людзей, якія былі забітыя тут, пакуль назваць не могуць. Высветліць асобы загінуўшых таксама практычна немагчыма, аднак усе астанкі перапахаваюць на могілках па ўсіх традыцыях.
"Тэрыторыя вялікая, таму сказаць, у якім менавіта месцы знаходзіцца магіла, ці дзе яна можа знаходзіцца, мы не можам", - адзначыла старшы інспектар аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Ала Кондак.
З-за трагічнай знаходкі будаўніцтва шматпавярховак часова прыпынена. На гэтым месцы знаходзіліся баракі, якія знеслі, каб вызваліць зямлю пад будаўніцтва жылля. Па праекце на гэтым месцы павінен быць узведзены ўжо да сярэдзіны лета новы камфортны квартал для гараджан.
Брэсцкае гета дзейнічала з 1941 па 1942 год. За год тут былі знішчаны больш за 20 тысяч мірных жыхароў, у большасці сваёй гэта былі яўрэйскія сем'і, якіх сагналі сюды з розных куткоў краіны. Будаўнічыя кампаніі не ўпершыню сутыкаюцца з тым, што пад патэнцыйнай будаўнічай пляцоўкай аказваюцца пахаванні.
Чытайце таксама:
- Узнагароду за знойдзены ў Гродне скарб атрымаюць не двое будаўнікоў, а чацвёра