"Пажоўклых клёнаў ціхае святло…": вершы пра восень
Восень
Пуста ў лузе. Толькі стогі
Парыжэўшыя стаяць,
Ды шпакі каля дарогі
Цэлы дзень адно крычаць.
Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта звезена даўно.
Толькі плаваюць на волі
Кучы хмар, як валакно.
Дожджык сее беспрастанку;
Вецер свішча так, як звер…
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі цяпер!..
Ссохлі травы, ўсё павяла.
Слоць, плюхота, холад, цьма.
Эх, скарэй бы закрывала
Зямлю чорную зіма!
Адцвітанне
Не шасцяць каласы,
Звон не валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.
Не іскрыцца небазор,
Не цвіце трава-чабор,
Не цыгліць птушыны стан,
Толькі поўзае туман,
Вецер б’е ў нямы курган, –
Шапаціць імглісты бор.
Змога вольная снуе,
Вочы ўставіўшы свае,
То галубне, то пужне.
Сэрца б'ецца у паўсне,
Думка сэрцу аб вясне
Здрадны голас падае.
Ідуць дажджы…
Ідуць дажджы,
Асенняя пара.
Заплаканыя вокны спахмурнелі.
Аўторка не адрозніш ад нядзелі,
Ад быльнягу –шпачынага пяра.
За тыдзень свет, здаецца, пастарэў.
За вёскай –непралазнае балота.
Апошняя цяжкая пазалота
Злятае з абсвістаных ветрам дрэў…
А потым
сонца высветліць блакіт,
I дрэвы ўміг ізноў памаладзелі,
I над ракою ў золаце нядзелі –
Наструненыя постаці ракіт…
Заблытаны лісткі календара.
У чыстым небе,
маладым і сінім,
Перапляліся промні з павуціннем…
Ах, восень,
пераходная пара…
Восень
Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.
Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон:
Крык трывожны птушыны збудзіў яе рана,
Па зямлі ад кастра разліваўся агонь.
Загарэліся гнёзды, і іскры пажару
Пачала яна з птушкамі, з ветрам гасіць.
Толькі полымя ўжо разлілося ў імшарах,
Па лясах і палях, па курганах брусніц.
I па сённяшні дзень восень жару не можа
Пагасіць на зямлі, ходзе з краю у край,
Заліваючы ліўнямі ў полі бярозы
I цалуючы кожны рабінавы гай.
Асеннімі дажджамі заліло…
Асеннімі дажджамі заліло
Апошнія чаканні і спатканні,
Пажоўклых клёнаў ціхае святло,
Скупога сонца роснае дыханне.
I пачала зямля крыху цвярдзець,
То сцюжа – пераможца ў паядынку
Раскідвае зары світальнай медзь
У лужынах барвовыя ільдзінкі.
А потым навалілася на дол
Вялікая і белая бясконцасць.
I заблудзіўся кожны мінскі дом
У пошуках растрачанага сонца.
А твар зямлі заснежанай не мёртвы:
Ён зменлівы, як пошум баравы.
Там, у барах, аж да вясны ў сумётах
Схавалі свае трубы журавы.
Яны іх знойдуць і яшчэ зайграюць,
Склікаючы дзяцей, ліству, блакіт.
I на ўсім краі аж да небакраю
Маланкамі набухнуць аблакі.
Баравіковае
Апошнія нажыткі лесу –
Грыбы,
Асеннія грыбы.
I з драмняку ў драмняк я лезу,
Ад павуціння твар рабы.
Нагамі верасы рассоўваю,
Ступаю мякка ля імхоў…
Налезла ў кошык верасовых
Па кулаку баравікоў…
А неба нізкае захмарана,
I ад імжы мой плашч намок.
Прапахлы багуном, імшарамі,
Іду, нагрыблены, дамоў.
А лес змаўчаў,
Што я запознена
Прыйшоў наведаць драмнякі,
I не сказаў,
Што ён апошнія
Мне аддаваў баравікі.
Восень
О, хараство асенніх дзён празрыстых,
Бязгутарнасць прыроды і спакой.
Ўрачыста полем з пушчаў залацістых
Прыйшла туга і пала над вадой.
А там застыла яснасць даляў чыстых
Над цёмнай рунню й чорнай цаліной,
І холад лёгкі ў косах прамяністых
Разліла сонца хваляй нежывой.
Наўкол сляды павольнага канання
І веліч нетутэйшага маўчання.
Прымаю корна сон зямлі азурны.
І летуціцца сцішанай душы
Такі ж спакой, халодны і бязбурны,
І адцвітанне яснае ў цішы.
У векавечнай бацькаўшчыне клёны…
У векавечнай бацькаўшчыне клёны
Нячутна пачынаюць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы, на ціхі стаў, на гаць.
Зямля глядзіць азёрамі-вачыма
На ясны свет, што стыне у красе.
Як чыста, бы святло абшары вымыла,
Як ціха – быццам зніклі людзі ўсе.
Адвечная мая! Ў сцюдзёных росах,
Як летась, як мільёны год таму…
Ляцяць на ветры косы рыжай восені,
I кліча лісцяў жоўты сум зіму.
На вуснах стыне горкі смак рабіны,
Цалую іх, халодныя як лёд.
О вы, што будзеце ісці з дзяўчынай
Пад тымі ж клёнамі праз сотню год,
Ці зразумееце, што мы кахалі,
Што зніклі так, як знікнеце і вы,
Што векавечны толькі край, і далеч,
І жоўты ліст на зелені травы,
Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны
Тысячагоддзі будуць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы, на ціхі стаў, на гаць,
Што нездарма яны з асінак рудых,
Калі ідзеш увосень па зямлі,
Раняе золата пад ногі людзям,
Каб мы яе любілі й бераглі.
Да сцюжы зімовай далёка яшчэ…
Да сцюжы зімовай далёка яшчэ –
Прадрогшага неба спакойная просінь.
Бывае, што з раніцы дожджык маросіць,
А ў поўдзень па-летняму зноў прыпячэ.
Ручай балбатлівы бяжыць праз кусты,
Калышучы жоўтае лісце на хвалях.
І ўсё ж, калі сцішышся, чуецца ў далях,
Як з поўначы снежнай ідуць халады.
Дыхні на ўсе грудзі – прачнецца зямля
I полем пакоціцца пошчак далёкі.
…Стаіш над ракой, і здаецца, здаля
У вырай плывуць журавы і аблокі.
Хаджу па нівах, па лугах азёрных…
Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане
I думаю, чаму мне так прасторна?
I песня прылятае да мяне.
Прыносіць мне дары свае дуброва
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Ўліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.
Злятае па дасвецці галубіным
То рыжы ліст, то жоўта-залаты.
Упалі задуменна на платы
Даспелыя ружовыя рабіны.
Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане.
Я думаю, чаму мне так прасторна?
I песня прылятае да мяне.