08:41 14 ліпеня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.42
  • EUR2.74
  • 100 RUB3.42
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (53)
4010

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра карысныя ўласцівасці адной з самых прыгожых кветак і вучыць гатаваць з яе салодкія прысмакі.

Ружа са старажытных часоў лічыцца каралевай кветак не столькі з-за прыгажосці бутонаў розных адценняў і форм, колькі з-за вельмі пахучага алею, што па сваёй каштошнасці параўноўваўся з золатам і выкарыстоўваўся ў парфумерыі, народнай медыцыне і кулінарыі.

Ружа – кветка-сімвал, якая была ўведзена ў культуру ў глыбокай старажытнасці. Яна здаўна лічылася сімвалам жаночай прыгажосці, а калючыя галінкі атаясамліваліся з перашкодамі, што стаяць на шляху ў дасягненні высокага, дасканалага, прыгожага.

У беларускай фальклорнай спадчыне ружа атаясамліваецца з дзявоцкасцю, хараством і росквітам. З ружай параўноўваюць нявесту-паненку: "У гародчыку, на прасотчыку не мак, ружа расцвітала, красна паненка пахаджала". У сімволіцы вясельнага вянка, ў які абавязкова ўплецены ружы, кветка атаясамліваецца з маладым: "З чырвонай рожы – жаніх прыгожы". Галоўны атрыбут вяселля– каравай і амаль заўсёды ён упрыгожваецца выпечанымі з цеста ружамі. У вёсцы Гальшаны, што ў Гродзенскай вобласці, так і казалі: "Каравай наверх убіралі ружамі, птушкамі".

Ружа - кветка цесна звязаная і з колернай сімволікай. Ружа дала назву ружоваму колеру, а вось у беларускай народнай традыцыі самым лепшым колерам ружы лічыўся чырвоны. Гэта адлюстравана ў купальскіх, валачобных, лірычных песнях. Архаічная беларуская назва кветкі – рожа, таму ў фальклорных тэкстах сустракаецца: "Чырвоная рожа, не стой пры дарозе! Хто йдзе, той розорве" або "Як гэта рожа, чырвона, прыгожа".

Выкарыстанне ружы ў народнай медыцыне

Ружа – сонечная кветка. Бутоны распускаюцца вельмі рана, прыкладна ў 4-5 гадзін і закрываюцца ў 19-20 гадзін. Таму, каб атрымаць духмяны алей, пялёсткі ружы падчас цвіцення пачынаюць збіраць амаль на досвітку, паколькі ў сярэдзіне дня ў іх значна менш эфірнага алею. Для гэтага выкарыстоўваюць розныя гатункі ружы, але найбольш каштоўнымі, асабліва ў медыцыне, лічацца крымская або французская ружа. Яе плантацыі ёсць у многіх паўднёвых краінах свету.

Культывуецца ружа ў Францыі, Швейцарыі, Балгарыі, Грэцыі, Турцыі, Марока, у Крыме. Вырошчвалі яе і на поўдні Беларусі ў шляхецкіх фальварках і не толькі для прыгажосці.

Памешчыца і аўтар кулінарна-гаспадарчай энцыклапедыі ў першай палове ХІХ стагоддзя вучыла гатаваць сухое варэнне з пялёсткаў ружы. У Францыі пялёсткі ружы выкарыстоўваюць як вітамінны, супрацьгельмінтны сродак. Таксама ўжываюць яе пры дыярэі, гемароі і як агульны танізуючы сродак, а таксама для прыгатавання канфіцюра. У Балгарыі з лекавымі мэтамі выкарыстоўваюць іншыя гатункі руж. Дамаскую ружу з чырвонымі пялёсткамі выкарыстоўваюць як антысептык пры запаленчых працэсах жалудачна-кішэчнага тракту, пры ангінах і каньюнктывітах.

Розы на выставке
© Sputnik / Сергей Мальгавко
Ружавы алей па каштоўнасці параўноўвалі з золатам

Пялёсткі белай ружы, ў якой утрымваюцца слізістыя рэчывы, у невялікіх дозах лечаць гельмінтоз, а ў Арменіі захворванні сэрца. А ў Салерна са старажытнасці ружа ўваходзіла ў склад многіх лекавых мазяў. Так алеем у спалучэнні з воцатам лячылі інфіцыраваныя раны, пялёсткамі ружы настоянымі на віне лячылі дыярэю і жаночыя захворванні, пялёсткамі, змяшанымі з мёдам, лекавалі захворванні дзёснаў, пялёсткі,змяшаныя з мядовай вадой, выкарыстоўвалі як жарапаніжаючы сродак.

Як зрабіць ружавую ваду для прамывання вачэй

Дробна нашаткаваць 5-10 г пялёсткаў, заліць 400 мл кіпячай вады, астудзіць да пакаёвай тэмпературы і выкарыстоўваць у выглядзе прамыванняў і кампрэсаў.

Чайные и розовые цветки роз
© Sputnik / Александр Шурмелев
Карысныя уласцівасці залежаць ад пэўнага гатунку

У народнай медыцыне ўсходніх славян таксама шырока ўжываліся прэпараты з пялёсткаў ружы. Ружовы алей мае супрацьзапаленчае дзеянне пры абсцэсах, гангрэне. Ужываюць яго і пры лячэнні бранхіяльнай астмы, гепаціце, грыпе, іншых прастудных захворваннях. Дробна стоўчаным парашком з пялёсткаў гэтай кветкі пасыпаюць язвы і накладаюць на месцы, пашкоджаныя рожыстым запаленнем. Лучаць з дапамогай ружы з чырвонымі пялёсткамі і захворванні печані.

У мінулыя часы ў аптэках з пялёсткаў ружы гатававлі ружавую ваду, ружавы мёд, кансервы, ружавы сіроп і ружавы алей. Алей выкарыстоўвалі для паляпшэння смаку і паху ў леках і з касметычнымі мэтамі, а ў кулінарыі варылі розныя віды варэнняў, кісялёў і іншай слодычы. Вось некалькі цікавых рэцэптаў слодычы з пялёсткаў хатняй ружы, якія магчыма прыгатаваць самастойна, каб адчуць смак старадаўняй беларускай кухні ад Вінцэнты Завадскай.

Ружа

Інгрыдыенты:

  • 1 кг ружы
  • 2 кг цукру
  • 650 мл шклянкі вады
  • 1 лімон

Як гатаваць:

1 кг пялёсткаў ружы з адных бутонаў з выдаленымі жоўтымі часткамі апарыць кіпячонай вадой і некалькі разоў абліць халоднай вадой пакуль вада не стане празрыстай. Пасля гэтага пакласці пялёсткі ў кіпячы сіроп з цукру і варыць на малым агні. Пад канец варкі выціснуць у варэнне сок лімона, каб яно набрала колеру, і яшчэ трошкі праварыць.

Варенье из лепестков роз
© Sputnik Людмила Янковская
Ружовыя пялёсткі трэба збіраць вельмі акуратна

Ружа па-манастырску

Інгрыдыенты:

  • 100 г ружавых пялёсткаў
  • 400 г дробнага цукру
  • 2 лімона
  • 1 шклянка вады

Як гатаваць:

Ружу з паловай цукру расцерці ў гліняным гаршчку ў аднародную масу, выціснуць туды сок аднаго лімона. Зрабіць сіроп з другой паловы цукру і шклянкі вады; калі закіпіць, уліць ружавую масу, перамяшаць і варыць, выціснуўшы сок яшчэ аднаго лімона. Далей варыць як звычайнае варэнне да гатовасці.

Варенье из лепестков роз
© Sputnik Людмила Янковская
Для захавання колеру ў дэсерты з ружы дадаюць лімонны сок

Гатовасць варэння вызначаюць так: калі кропля сіропа не расцякаецца лёгка па талерцы, то варэнне гатова.

Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (53)
Тэги:
беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская

Галоўныя тэмы