19:08 19 кастрычніка 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.57
  • EUR3.01
  • 100 RUB3.30
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (65)
3010

Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца, як выбіраць мяса і гатаваць з яго смачныя і пажыўныя стравы.

Раней на Беларусі не было сем’яў, якія не гадавалі б авечак. Гэтая хатняя жывёла была крыніцай не толькі мяса, але і воўны, а невялікая колькасць цёплых дзён патрабавала наяўнасці цёплага адзення.

Са скур авечак шылі зімовую вопратку, з воўны пралі ніткі, ткалі посцілкі, выраблялі іншае суконнае адзенне. Таму бараніна на стале і беднага, і заможнага беларуса была звыклай з’явай, гатаваць яе ўмела кожная добрасумленная гаспадыня.

Як выбіраць бараніну

Аўтарка Першай беларускай кулінарнай кнігі "Літоўская кухарка" Вінцэнта Завадская раіла выбіраючы бараніну, звяртаць увагу на колер мяса: яно павінна быць ярка-чырвоным з белым тлушчам.

"Каб бараніна была мяккая і сакавітая, яе апарваюць гарачым воцатам, марынуюць некалькі дзён у кіпячоным з карэннямі воцаце або закопваюць на дзень-два ў зямлю. Розныя гатункі мяса патрабуюць рознага часу для прыгатавання. Адвараная бараніна гатуецца 2-2,5 гадзіны, смажаць бараніну – 2-3 гадзіны. Варта памятаць, што мяса маладых жывёл больш карыснае і смачнейшае за мяса старых, а мяса, якое нейкі час паляжала, лепшае ў спажыванні, чым мяса жывёл толькі што забітых. Лепей засвойваецца мяса, прыгатаванае на не вельмі моцным агні".

Булён з бараніны

Інгрыдыенты:

  • 600 г бараніны (грудзінкі)
  • 2 цыбуліны
  • Лаўровы ліст
  • Соль
  • Перац

Як гатаваць:

Пажадана свежую (не ахалоджаную) грудзінку барана парэзаць, прамыць, скласці ў чыгун або кацёл, заліць халоднай вадой і паставіць на агонь. Калі булён закіпіць, зняць пену, дадаць соль, перац, у канцы варкі лаўровы ліст.

Падаць булён на стол, уклаўшы ў кожную талерку па кавалачку мяса, пасыпаць зялёным кропам, пятрушкай ці дробна нарэзанай цыбуляй. Ядуць булён з хлебам, мучнымі блінамі або піражкамі.

Бараніна, тушаная з часнаком

Інгрыдыенты:

  • 1 кг мяса
  • 1 кг морквы
  • 2 цыбуліны
  • 1 галоўка часнаку
  • 80 г сырога курынага тлушчу
  • Лаўровы ліст
  • Соль

Як гатаваць:

Падрыхтаваную бараніну нарэзаць невялікімі кавалкамі разам з косткамі, пакласці ў жароўню і перамяшаць з нацёртнай на буйной тарцы морквай і нарэзанай цыбуляй. Дадаць курыны тлушч, уліць вады або курынага булёну і тушыць да мяккасці мяса. У канцы тушэння пакласці лаўровы ліст і здробнены часнок.

Падаць з варанай бульбай і салёнымі агуркамі.

Грудзінка з кменавым соусам ад Вінцэнты Завадскай

Інгрыдыенты:

  • 2 барановыя грудзінкі
  • 1 морквіна
  • 1 корань пятрушкі
  • 1 цыбуліна
  • 1 карняплод сельдэрэю
  • 0,5 парэю
  • 1 ст лыжка масла
  • 1 ст лыжка мукі
  • 2 чайныя лыжачкі кмену
  • Соль
  • 1 ст лыжка цукру
  • 2 ст лыжкі воцату

Як гатаваць:

Зварыць у падсоленай вадзе да мяккасці грудзінку з карэннем. Растапіць масла, памешваючы падрумяніць у ім муку. Калі мука пацямнее, дадаць кмен, цукар, развесці гэта юшкай, у якой варылася грудзінка, уліць моцны воцат і закіпяціць. Калі соус стане густы, нарэзаць грудзінку на кавалкі і заліць ім.

Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (65)
Тэги:
беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская

Галоўныя тэмы