МІНСК, 26 лют – Sputnik. Транспартны падатак уведзены з 1 студзеня 2021 года, вылічацца ён будзе з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам, у якім скончыўся тэрмін дзеяння дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, за выдачу якога была выплачана дзяржаўная пошліна, паведамляе МПЗ.
Сітуацыю ведамства разабрала на канкрэтным прыкладзе: "Дапусцім, грамадзянін выплаціў дзяржаўную пошліну і атрымаў дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху ў чэрвені 2020 года. Тэрмін дзеяння дазволу мінае 30.06.2021. Адпаведна, транспартны сродак грамадзяніна будзе вызвалены ад транспартнага падатку на перыяд тэрміну дзеяння дазволу, а менавіта, з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2021 года".
Колькі трэба будзе заплаціць?
Памер транспартнага падатку залежыць ад дазволенай максімальнай масы аўтамабіля. Менш за ўсіх будуць плаціць уладальнікі "легкавікоў", вага якіх да 1,5 тоны: на дадзены момант гэта 61 рубель. Калі аўто важыць ад 1,5 да 1,75 тоны, заплаціць трэба будзе 81 рубель, ад 1,75 да 2 тон - 102 рублі, ад 2 да 2,25 тоны - 122 рублі, ад 2,25 да 2,5 тоны - 142 рублі, ад 2,5 да 3 тон - 162 рублі, больш за 3 тоны - 223 рублі. За матацыкл плата складзе 41 рубель.
"Плаціць транспартны падатак трэба будзе адзін раз у год. Паведамленні з падатковай інспекцыі аўтаўладальнікі-фізічныя асобы будуць атрымліваць да 1 верасня. На выплату ўзносу даюць паўтара месяца - не пазней за 15 лістапада", - растлумачылі ў МПЗ.
Грамадзянам, якія не прайшлі тэхагляд да 1 студзеня 2021, неабходна будзе ўнесці авансавы плацёж - 1 базавую велічыню (з 1 студзеня - 29 рублёў) за кожны транспартны сродак. Зрабіць гэта трэба да 15 снежня бягучага года. Што тычыцца прычэпаў, матацыклаў, сума авансу складзе 20 рублёў. Даплату падатку неабходна будзе здейсніць да 15 лістапада 2022 года пасля атрымання паведамлення падатковага органа.
Што рабіць з аўтахламам?
"Вылічэнне транспартнага падатку для такіх аўтаўладальнікаў будзе спыняцца з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам, у якім транспартны сродак быў зняты з уліку", - распавялі ў МПЗ.
Калі транспартны сродак прадалі, то для новага ўладальніка падатак будзе вылічацца з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам, у якім праведзена дзяржаўная рэгістрацыя аўтамабіля або матацыкла.
Хто вызвалены ад выплаты транспартнага падатку?
У Падатковым кодэксе прадугледжаны шырокі пералік катэгорый плацельшчыкаў, з якіх не будзе спаганяцца транспартны падатак. Так, плаціць не прыйдзецца кіроўцам, чые аўто выбылі з іх уласнасці ў выніку супрацьпраўных дзеянняў - згону або крадзяжу.
Такая ж сітуацыя з транспартнымі сродкамі, якія выкарыстоўваюцца для аказання медыцынскай дапамогі, у тым ліку "хуткімі".
Вызваляюцца ад выплаты дзяржорганы, суды, органы пракуратуры, войскі і воінскія фарміраванні, а таксама арганізацыі, уключаныя ў пералік тых, што выконваюць перавозкі транспартам агульнага карыстання.
"Аб'ектам падаткаабкладання транспартным падаткам не з'яўляюцца транспартныя сродкі, выпушчаныя да 1 студзеня 1992 года, а таксама тыя аўто, на якія няма звестак аб даце выпуску", - удакладнілі ў МПЗ.
Уладальнікам электрамабіляў таксама пакуль не трэба плаціць гэты від падатку.
Не будзе праводзіцца падлік і ў дачыненні да транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюць для аказання меддапамогі, сацабслугоўвання. Да прыкладу, да аўто з надпісам: "Сацыяльная служба" або машыны, спецыяльна абсталяванай для выкарыстання інвалідамі.
Ці прадугледжаны льготы?
Ветэраны, інваліды I або II групы, пенсіянеры атрымліваюць 50-працэнтную скідку ад поўнай падатковай стаўкі. На 25% менш заплацяць інваліды III групы. Зніжку дадуць пры наяўнасці ў плацельшчыка (льготніка) сапраўднага пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі.
За грамадзянамі захавана права звяртацца ў мясцовыя органы ўлады з просьбай знізіць падатак або вызваліць ад яго выплаты, калі яны знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Больш падрабязную інфармацыю па пытаннях падаткаабкладання можна атрымаць у тэлефоннай даведачнай сістэме падатковых органаў па тэлефоне (017) 229 79 79 або 189 (стацыянарная сетка).
Чытайце таксама:
- Транспартны падатак: колькі беларусаў заплаціць яго ў 2021-м
- Транспартны і пагранічны: у Беларусі ўведзены новыя падаткі
- Калі пачнуць прыходзіць "лісты шчасця" за тэхагляд, распавялі ў ДАІ