МІНСК, 18 сак – Sputnik. Мінулая зіма для беларускіх бурых мядзведзяў была адна з самых камфортных за апошнія гады: выпала шмат снегу і практычна адсутнічалі адлігі, паведамілі ў Бярэзінскім запаведніку.
"Спячка сезона 2020-2021 года ў беларускіх мядзведзяў была камфортнай, бо не было анамальных тэмпературных ваганняў", - паведаміў Sputnik намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Бярэзінскага біясфернага запаведніка Валерый Іўковіч.
Паводле яго слоў, у параўнанні з папярэдняй зімой, якая выдалася самай цёплай за апошнія 100 гадоў, гэтая спячка ў мядзведзяў была без узрушэнняў.
Іўковіч распавёў, што першымі прачнуліся чатыры дарослыя мядзведзі.
"Яшчэ ў канцы лютага мы зафіксавалі сляды чатырох асобін бурага мядзведзя. На гэты час, я думаю, што прачнулася і выйшла з бярлог уся папуляцыя, якая жыве на тэрыторыі запаведніка. У тым ліку і мядзведзіцы-матулі з медзведзянятамі", - сказаў навуковец.
Ён удакладніў, што падчас зімовай спячкі ў мядзведзіц нараджаюцца па адным, радзей па два дзіцяня.
Іўковіч таксама распавёў, што папуляцыя бурых мядзведзяў у запаведніку стабільна павялічваецца. "Добрае харчаванне, ахова - усё гэта станоўча ўплывае на павышэнне нараджальнасці мядзведзяў", - адзначыў навуковец. Паводле яго слоў, цяпер у запаведніку пражывае не менш за 70 асобін бурага мядзведзя.
"Касалапыя, якія выйшлі з бярлог, ужо ва ўсю шпацыруюць па лесе ў пошуку ежы. Снег сыходзіць і можна знайсці салодкія карэнні і іншую ежу", - адзначыў ён.
Вучоны распавёў, што ранняй вясной у лясах можна ўбачыць шмат жывёл, у Бярэзінскім запаведніку сталі актыўна выкарыстоўваць фотапасткі для навуковых і прыкладных мэт. За апошні час у іх аб'ектывы папаліся і рысі, і парнакапытныя, і ваўкі, і лісы, і зайцы.
Бярэзінскі біясферны запаведнік знаходзіцца ў паўночнай частцы Беларусі. Яго плошча складае 85,2 тысячы гектараў, ён заснаваны ў 1925 годзе для аховы і гадоўлі рэдкіх відаў жывёл, якія занесены ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Уваходзіць у сусветную сетку біясферных запаведнікаў ЮНЕСКА.
Чытайце таксама:
- Белыя буслы хутка вернуцца ў Беларусь
- Статус заказніка "Альманскія балоты" зменены і павялічана яго плошча
- Хто падстрэліць голуба: пачынаецца сезон палявання на дзічыну па новых правілах