"Гуканне вясны" - старажытнейшы народны абрад, звязаны з вясновым абуджэннем прыроды.
Свята ў Строчыцах пачалося з традыцыйных вясновых песень ад мясцовага фальклорнага калектыву, затым былі народныя танцы і вясновыя карагоды.
Паралельна праходзілі майстар-класы па вырабе тканкавых і папяровых вясновых "птушак" – сімвалаў свята, якімі потым усе жадаючыя ўпрыгожвалі галінкі дрэў, заклікаючы вясну!
Затым былі традыцыйныя для цэнтральнай Беларусі абыходы дамоў з гукальнымі веснавымі запеўкамі. Гаспадары ў адказ традыцыйна частавалі гасцей нішчымнымі пачастункамі з сыру і сушаных яблыкаў.
Неўзабаве ўсе разам узялі покрыва і падкідвалі на ім у неба птушак з цеста: каб хутчэй чароды птушак прыляцелі і прынеслі на сваіх крылах вясну! Гэта дзеянне суправаджалася адмысловымі зазыўнымі вясновымі песнямі.
Былі таксама і паход з песнямі да рэчкі, і карагоды вакол запаленага ў поле вогнішча. Агонь вогнішча - гэта знак ачышчэння душы ад зла і моцная абарона ад усякай нечысці.
А завяршэннем гэтага вясёлага і шумнага свята стала ўрачыстае спальванне кола з саломай і стужачкамі на плыце, які пусцілі ў плаванне па мясцовай рэчцы. Падпаленае кола са старажытнай міфалогіі сімвалізуе сонца, якое спусцілася на зямлю для абуджэння прыроды ад зімовай спячкі. Яно, на думку продкаў, павінна было растапіць лёд на рацэ і прынесці вясновае цяпло зямлі, прыродзе і людзям.
Чытайце таксама:
- Танцы ў рукавіцах або гуканне вясны
- Як беларусы гукалі вясну ў Вязынцы пад снегападам
- Як гукалі Чырачку ў Лельчыцкім раёне на Масленіцу