03:00 12 жніўня 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.46
  • EUR2.89
  • 100 RUB3.36
Палітыка
Атрымаць кароткую спасылку
Выбары прэзідэнта Беларусі - 2020 (190)
610

Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі маюць права на адзін выступ па ТБ і на два паўгадзінныя радыёзвароты.

Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская і Андрэй Дзмітрыеў выступілі ў сераду па радыё з другім зваротам.

На мінулым тыдні Ціханоўская распавяла выбаршчыкам пра сябе і пра тое, што хоча стаць прэзідэнтам Беларусі, але не дзеля пасады, а для таго, каб вярнуць выбаршчыкам права голасу.

Дзмітрыеў у мінулы раз казаў, што ідзе на выбары, таму што ўпэўнены: Беларусі патрэбны новы прэзідэнт. Паводле яго слоў, у выпадку перамогі ён гатовы прызначыць новыя выбары.

Згодна з графікам выступленняў кандыдатаў у прэзідэнты, яны маюць права на адзін выступ па ТБ і на два паўгадзінныя радыёзвароты. Чацвёра з пяці кандыдатаў скарысталі гэтую магчымасць. Не стаў запісваць асобны зварот толькі дзеючы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Што сказаў Дзмітрыеў?

Андрэй Дзмітрыеў выступаў у гэты раз на беларускай мове. Казаў пра тое, што краіну ахапіў масавы рух за новага прэзідэнта, у які ўключыліся ўсе пласты насельніцтва, у тым ліку, на яго думку, і чыноўнікі і сябры выбарчых камісій.

Дзмітрыеў пералічыў матывы, якія падштурхнулі розных людзей аддаць перавагу новай уладзе. Пенсіянераў схіліла да гэтага павелічэнне пенсійнага ўзросту і абразлівыя памеры павышэння пенсій. Міліцыянеры далучыліся да руху за новага прэзідэнта, таму што хочуць лавіць злачынцаў, а не змагацца з нязгоднымі. Настаўнікі хочуць вучыць дзяцей, а не марнаваць час на выбіванне грошай з бацькоў і бессэнсоўную папяровую працу.

"З намі чыноўнікі, якія не хочуць працаваць дзеля прыгожых справаздач і ва ўмовах, калі лаяльнасць ставіцца вышэй за прафесіяналізм", - сказаў Дзмітрыеў.

На яго думку, нават у 1994 годзе людзі так моцна не жадалі змены ўлады, як у цяперашнім.

Дзмітрыеў прызнаўся, што, як і Святлана Ціханоўская, выступае за правядзенне ў выпадку сваёй перамогі новых сумленных выбараў. Але выбары не могуць быць адзіным, што трэба зрабіць для краіны і людзей, лічыць кандыдат. Для падрыхтоўкі новых выбараў патрэбен як мінімум год, на працягу якога часовая ўлада павінна таксама працаваць і нешта рабіць для людзей, у першую чаргу, каб захаваць парадак.

"Для простага чалавека жыццё наогул не павінна змяніцца. Павінна працягвацца, як і раней: роўна па раскладзе павінен прыходзіць тралейбус, на вуліцах павінна быць бяспечна, своечасова павінны быць выплачаныя заробкі і пенсіі. Па-другое, новы прэзідэнт не павінен, як стары, адкладаць перамены на потым. Нават новыя выбары ў гэтым выпадку не павінны быць падставай", - сказаў Дзмітрыеў.

Ён сфармуляваў 10 першых крокаў, якія мае намер зрабіць у выпадку прыходу да ўлады. У першы ж дзень новы прэзідэнт зможа адпусціць усіх палітвязняў, разабрацца, нарэшце, з транспартным падаткам, звольніць усіх ідэолагаў, адмяніць "падатак на дармаедства" і падпісаць закон аб барацьбе з кумаўством. Пералічыў Дзмітрыеў і меры, якія патрабуюць пэўнага часу.

"Па-першае, стварэнне часовага ўрада, у які ўвойдуць лепшыя спецыялісты цяперашняга і мінулага урадаў і альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзідэнты. Мы не будзем вынаходзіць веласіпед - рэалізуем тыя праграмы, якія ўжо створаныя прафесіяналамі і адпавядаюць патрэбам краіны. Проста на іх раней не было палітычнай волі", - лічыць Дзмітрыеў.

Наступны крок - стварэнне новай Канстытуцыі, у якой будзе заканадаўча замацавана абмежаванне ў два прэзідэнцкія тэрміны для аднаго чалавека. Мясцовая ўлада павінна быць выбарнай і больш самастойнай. Дзмітрыеў у выпадку абрання мае намер скараціць бюракратычны апарат і даць больш свабоды прыватнаму бізнесу. Ён мае намер разабрацца са стратнымі прадпрыемствамі, але падкрэсліў, што не лічыць прыватызацыю панацэяй. Магчыма, адзначыў кандыдат, крызіс на прадпрыемствах звязаны з некампетэнтнасцю кіраўніцтва, а прафесіяналы змогуць выправіць сітуацыю.

Дзмітрыеў выступае за справядлівую пенсійную сістэму, каб чалавек, які пачаў працаваць у 20 гадоў, змог выйсці на пенсію на тых умовах, якія былі абумоўленыя, калі ён толькі пачынаў працаваць, каб правілы гульні не мяняліся на хаду. Акрамя таго, ён лічыць, што час дэкрэтнага адпачынку і службы ў войску павінны быць уключаны ў стаж.
Дзмітрыеў казаў і пра неабходнасць забяспечыць жыллём медыкаў і настаўнікаў, асабліва ў рэгіёнах.

"Мы падлічылі, што сярэдні дом будзе каштаваць прыкладна 20-25 тысяч долараў. Краіне гэта па сілах. Прададзім большасць рэзідэнцый старога прэзідэнта, і вось вам ужо мінімум 500 дамоў", - сказаў Дзмітрыеў.

Грошы на падвышэнне заробкаў настаўнікам, на думку кандыдата, можна будзе ўзяць за кошт скарачэння арміі, чыноўнікаў у сістэме адукацыі - Дзмітрыеў лічыць, што аддзелы адукацыі ў такой колькасці не патрэбныя, і настаўнікаў даўно трэба пазбавіць ад дыктату чыноўнікаў.

Дзмітрыеў распавёў і пра сваё бачанне адносіны Беларусі з іншымі краінамі. На яго думку, цяперашняя ўлада здолела палаяцца практычна з усім светам. Ён у выпадку абрання яго прэзідэнтам мае намер наладзіць прадказальныя адносіны з асноўнымі партнёрамі краіны, у першую чаргу з Расіяй.

"Мы сустрэнемся з Уладзімірам Пуціным. І магчыма ўпершыню за ўвесь гэты час будзем казаць праўду адзін аднаму. Нам не патрэбна паглыбленая інтэграцыя, ваенныя базы і адзіная валюта, але мы і не станем раптам выходзіць з дамоўленасцяў з Расіяй. Мы зможам настаяць на сваіх інтарэсах , але і паважаць інтарэсы Расіі", - сказаў кандыдат.

Замест бясконцых размоваў пра братэрства Дзмітрыеў у выпадку абрання мае намер будаваць сапраўдныя блізкія двухбаковыя адносіны.

Датычна стаўленне з заходнімі партнёрамі, то з імі таксама трэба развіваць адносіны - пашыраць за кошт заходніх краін рынкі збыту для сваёй прадукцыі. Але Беларусь сябрам ЕЗ і НАТА Дзмітрыеў не бачыць.

Ён звярнуўся да членаў выбарчых камісій з просьбай сумленна лічыць галасы, і заклікаў выбаршчыкаў прыйсці на ўчасткі ў асноўны дзень галасаваньня 9 жніўня.

Што сказала Ціханоўская?

У сваім выступе на радыё Святлана Ціханоўская паўтарыла асноўныя тэзісы свайго ўчорашняга выступу на ТБ.
Спачатку ў двух словах расказала пра сябе - ёй 37 гадоў, па адукацыі - педагог і філолаг, працавала сакратаром і перакладчыкам, свабодна валодае беларускай, рускай і англійскай мовамі. Да выбаршчыкаў яна звярнулася на рускай мове.

Ціханоўская нагадала, што ідзе на выбары замест мужа, які апынуўся ў СІЗА, што вымушана была вывезці дзяцей за мяжу, што яе паплечніца Вераніка Цапкала таксама вымушана была пайсці на такі крок, а яе муж - незарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты - экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала павінен быў з'ехаць з краіны, што яшчэ адзін чалавек, якога не дапусцілі да выбарчай гонкі - былы банкір Віктар Бабарыка - апынуўся ў СІЗА.

Яна распавяла, што ўражаная падтрымкай, якую ёй аказваюць у розных рэгіёнах краіны.

"Дзеючы прэзідэнт 26 гадоў ва ўладзе не таму, што гэтага хоча народ, а таму што ён не жадае сыходзіць. Вас палохаюць, малююць страшныя карціны будучыні Беларусі з новым прэзідэнтам, вамі маніпулююць, прыдумляюць неіснуючыя небяспекі, падманваюць. Вас палохаюць, што калі вы не абярэце цяперашнюю ўладу, то тут будзе майдан. На самай справе ўсё не так", - сказала Ціханоўская.

Яна нагадала, што яна педагог, Цапкала-менеджар, а Калеснікава - музыкант, прыхільнікі аб'яднанага штаба - людзі самых розных прафесій, звычайныя беларусы.

Кандыдат прызналася, што выступае за незалежнасць, гэта, па яе словах, галоўная каштоўнасць краіны, якой нельга гандляваць.

"Вас палохаюць, што без цяперашняй улады вам перастануць плаціць пенсіі. На самай справе гэта не так. Пенсіі плаціць не ўлада, а вашы дзеці і ўнукі з падаткаў, а потым дадаюць сваім старым з заробку, таму што на гэтыя пенсіі жыць нельга. Калі ўнукі з'едуць, то плаціць пенсіі будзе няма каму. А яны паедуць, калі мы перасягнем 26-гадовую мяжу і застанемся з гэтай уладай", - заявіла Ціханоўская.

Паводле яе слоў, у краіне можна знайсці сродкі, каб надаць пенсіі - дастаткова адмовіцца ад непатрэбных масавых мерапрыемстваў, а таксама ад прэзідэнцкіх рэзідэнцый і прыватнага самалёта.

Ціханоўская раскрытыкавала таксама пасыл улады, што з прыходам новага прэзідэнта разваліцца эканоміка, а заводы зачыняць. На думку кандыдата, гэта ўжо адбываецца пры дзеючым прэзідэнце.

"Эканоміка ўжо развальваецца, заводы і фабрыкі ў стратах, а рабочых скарачаюць. Беларускія прадпрыемствы, якія былі гігантамі і гонарам прамысловасці, ператварыліся ў аб'екты нерухомасці і здаюцца ў арэнду", - адзначыла Ціханоўская.

На яе думку, прадпрыемствы яшчэ можна выратаваць, калі імі будуць кіраваць прафесіяналы, якія ведаюць, як зрабіць прадпрыемства прыбытковымі.

Не пагадзілася яна і з пасылам, што ніхто, акрамя дзеючай улады не ўмее кіраваць дзяржавай.

"На самой справе гэта дзеючая ўлада не ўмее кіраваць дзяржавай так, каб людзі жылі, а не дажывалі да заробку, каб моладзь хацела застацца ў краіне", - сказала кандыдат.

Яна зноў заявіла пра намер у выпадку перамогі правесці новыя выбары з удзелам альтэрнатыўных кандыдатаў, якіх не дапусцілі ў цяперашнюю кампанію, і заклікала ўсіх прыходзіць на выбары ў асноўны дзень галасавання 9 жніўня.

У канцы выступу Ціханоўская распавяла, якой яна бачыць Беларусь будучыні. У ёй з маленькіх гарадкоў не з'яжджаюць людзі, ёсць праца з годным заробкам, чыстыя вуліцы і аснашчаная бальніца, фабрыка і завод - гонар краіны, дзе інжынераў не адчытваюць як падлеткаў, дзе беспрацоўныя не абкладаюцца падаткам, а атрымліваюць дапаможнік, на які "можна жыць месяц, а не дзень", у настаўнікаў годны заробак, а тэлебачанне - не сінонім хлусні і прапаганды.

Выбару прэзідэнта адбудуцца ў Беларусі 9 жніўня.

Тэмы:
Выбары прэзідэнта Беларусі - 2020 (190)
Тэги:
Андрэй Дзмітрыеў, Святлана Ціханоўская, Выбары

Галоўныя тэмы