МІНСК, 13 сак — Sputnik. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае 18 сакавіка на традыцыйна фестываль — "Гуканне вясны".
"Гуканне вясны — веснавое свята, якое звязана з абуджэннем прыроды. Надыход вясны быў вельмі доўгачаканым і таму гэтае свята адзначалі заўсёды ўрачыста", — распавялі ў музеі.
Абрадавае мерапрыемства "Гуканне вясны" — гэта мастацкая рэканструкцыя свята, зробленая паводле этнаграфічных матэрыялаў, дзеля таго каб паказаць адметныя рэгіянальныя традыцыі святкавання. У гэтым годзе дадаткова будзе прадэманстравана Лельчыцкая традыцыя гукання вясны.
Арганізатары адзначаюць, што мерапрыемства адметна тым, што дзяўчаты плялі сабе вянкі з барвенка, упрыгожвалі іх стужкамі, перазімаваўшымі журавінамі і апраналі іх на голавы, вадзілі карагоды і спявалі веснавыя песні. Акрамя таго плялі адзін вялікі вянок, які ўрачыста ўскладвалі або закідвалі на адзінокую грушку ці бярозку на ўзгорку. Усё гэта суправаджалася магічна-рытуальнымі дзеяннямі і адпаведнымі веснавымі песнямі-заклічкамі.
Наведвальнкі мерапрыемства змогуць:
- Пазнаёміцца з традыцыяй гукання вясны;
- Паўдзельнічаць у рэканструкцыі Лельчыцкага веснавога абрада і сплесці вялікі вянок;
- Зрабіць на майстар-класах птушак (сімвалы вясны) з розных матэрыялаў і ў розных тэхніках выканання;
- Атрымаць асалоду ад традыцыйнай музыкі, танцаў і гульняў
Падчас мерапрыемства за дадатковую плату можна:
- набыць сувеніры ад народных майстроў;
- наведаць "Беларускую карчму", якая знаходзіцца на тэрыторыі музея.
У праграме мерапрыемства прымуць удзел фальклорныя гурты г. Мінска, музычны калектыў "Жвавы карчмар" і іншыя.
Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту в. Азярцо, Мінскі р-н
Калі: 18 сакавіка з 13:00 да 15:00
Кошт: квіткі для дарослых 8 рублёў, дзеці 4 рублі.