МІНСК, 21 мая - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысвоіў некаторым аб'ектам горада Астравец, дзе ў цяперашні час узводзіцца Беларуская атамная электрастанцыя, статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Адпаведныя палажэнні, якія тычацца будаўніцтва ў дадзеным горадзе аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, замацаваныя ўказам №190, падпісаным у панядзелак 20 мая.
У прэс-службе ўдакладнілі, што да 2020 года, калі будзе запушчаны ў эксплуатацыю другі блок БелАЭС, насельніцтва горада павялічыцца на 12-13 тысяч, менавіта таму цяпер у Астраўцы актыўна будуецца жыллё. Акрамя таго, запланавана будаўніцтва шматфункцыянальнага спарткомплексу, школы, крытай лядовай пляцоўкі, дзіцячага садка, бальніцы і аўтавакзала.
"Да будаўніцтва аб'ектаў прапануецца прыцягваць не толькі студэнцкія атрады, але і маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія выказалі жаданне ажыццяўляць працоўную дзейнасць", - сказалі там.
Наданне дадзеным сацыяльным аб'ектам падобнага статусу будзе спрыяць развіццю студатрадаўскага руху ў Беларусі, павышэнню сацыяльнай актыўнасці моладзі і забеспячэнню яе занятасці. Акрамя таго, дадзены крок дазволіць аб'яднаць маладых людзей адзінай грамадзянска-патрыятычнай ідэяй.
Беларуская АЭС будуецца побач з горадам Астравец у Гродзенскай вобласці, у 50 кіламетрах ад сталіцы суседняй Літвы. Генпадрадчыкам будаўніцтва з'яўляецца "Атамбудэкспарт" (уваходзіць у "Расатам"). Першы энергаблок станцыі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020 годзе.
Чытайце таксама:
- Еўракамісар: у Беларусі ёсць усё для будаўніцтва бяспечнай АЭС
- Князі і БелАЭС: пяць цікавых фактаў пра Астравец
- Ядзернае паліва для Беларускай АЭС будзе самым сучасным