МІНCК, 22 сне — Sputnik. З нагоды адкрыцця крамы адбудзецца два святочных перадкалядных мерапрыемствы, паведамляецца ў суполцы крамы ў сацсетках.
22 снежня адбудуцца літаратурна-мастацкая вечарына з выступленнем Яраша Малішэўскага, Аксаны Спрынчан і іх дачушкі Альжбеты, а таксама барда і літаратара Сержа Мінскевіча, а 23 снежня ў мерапрыемстве возмуць удзел фіналісты адбору на конкурс "Еўрабачанне-2016", гурт Navi. Для ўсіх прысутных маладыя беларускія выканаўцы праспяваюць найлепшыя песні і падзеляцца пазітыўным настроем.
"Усіх сакрэтаў наперад раскрываць ня будзем каб было што казаць падчас прэзентацыі, але мы распачынаем акцыю "Мы з вамі NAVI" (хэштэг #мызваміNAVI) і заклікаем вас далучацца і разам з намі скіроўваць свае намаганні на тое, каб дапамагчы гэтаму надзвычай таленавітаму творчаму калектыву паехаць ад нашай краіны на "Еўрабачанне", — распавядаюць арганізатары.
У новай краме "Беларуская Прастора" можна набыць арыгінальныя беларускія сувеніры, кнігі, аўдыёкнігі і фільмы, адзенне, адмысловую гарбату і філігранныя вырабы са шкла.
Ёсць магчымасць ўсё пабачыць на свае вочы, памацаць, прымерыць і паразмаўляць на роднай мове з ветлівымі супрацоўнікамі.
Мерапрыемствы з нагоды адкрыцця "Беларускай прасторы" (пр-т Незалежнасці, 58, 2-гі паверх, павільён 205) адбудуцца 22 і 23 снежня, пачатак а 19-й.