Чэмпіянат для неслухаў па знішчэнню "жыгучкі": гатуем дэлікатэс

© PixabayКрапiва
Крапiва - Sputnik Беларусь
Падпісацца
"Прафілактыку" жыгучай крапівой перыядычна праводзілі бабулі, "лекуючы" ўнукаў-неслухаў. Існавала трывалае меркаванне, што апячыся крапівой вельмі карысна для здароўя і быццам бы гэта ўмацоўвае нервовую сістэму.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

У маленстве мне часта даводзілася праводзіць лета на вёсцы, і сустрэчы з крапівой былі непазбежнымі. Мала таго, што яе чамусьці заўсёды багата ў малінавых кустах, дык яе яшчэ можна было "пакаштаваць", адхваціўшы па лытках ад бабулі за якое-небудзь свавольства. Праўда, існавала трывалае меркаванне, што апячыся крапівой вельмі карысна для здароўя. Быццам бы гэта ўмацоўвае нервовую сістэму.
Дзьмухаўцы - Sputnik Беларусь
Пляшывец ці беларускі жэньшэнь: гатуем з таго, што пад нагамі
А яшчэ крапіву ў вялікай колькасці варылі свінням. Ад гэтага яны добра раслі і былі здаровымі. Дарэчы і сала ад такога харчавання нарастала ў іх смачнейшае!
Карысць ад страваў з крапівы цяпер шмат каму вядомая. У Вялікабрытаніі нават існуюць чэмпіянаты па паяданню крапівы! Вёдрамі яе ядуць. Можа, і нам пераняць такую файную завядзёнку? Крапівы ж хоць заваліся!
Асабіста я, як толькі сыйдзе снег, заўсёды з нецярпеннем чакаю маладую крапіву.
Праўда, увяла яе ў меню сваёй сям'і толькі на пачатку дзевяностых. Гэта былі складаныя гады, якія прымусілі мяне ўзгадаць вясковыя кулінарныя традыцыі. Пакаштаваўшы звараны мамай суп з дадаткам крапівы, адразу згадала смак дзяцінства. У тыя часы ў мяне падрастаў маленькі сын і я вырашыла пачаставаць малога вітаміннай салатай з крапівы. З тых часоў вось ужо больш за 20 гадоў гэтая салата ў майго сына — улюбёная.
Крапіву збіраю з красавіка і амаль да канца мая. Важна, каб парасткі былі далікатныя. Калі вару, сачу за тым, каб не пераварыць, бо тады яна страціць вітаміны. Крапівы бяру паболей, бо як зварыцца, яе значна паменшае, а паколькі смачна дык хутка з'есца.
Паспрабуйце згатаваць такую салату і вы.

Салата з крапівы

Маладыя парасткі крапівы — прыкладна 250-300 г, пер'е часнаку або цыбулі, пучок пятрушкі, 1-2 яйкі, соль па смаку, маянэз або алей.
Крапіву перабраць, памыць і варыць пакуль не стане мяккай. Адцадзіць і астудзіць. Адціснуць і накрышыць. Дадаць у крапіву накрышаныя зеляніну і яйкі, пасаліць і заправіць маянэзам або алеям. Ядуць з чорным хлебам.
Маладое шчаўё - Sputnik Беларусь
Вясновы авітаміноз: як справіцца пры дапамозе народных сродкаў
Калі салата атрымалася сухаватая, то варта дадаць у яе крапіўны адвар. А вось каб зрабіць намазку на лусцень, наадварот крапіву трэба добра адціснуць і хлеб узяць барадзінскі.
Калі гатую гэту салату, адвар не выліваю, а апаласкваю ім валасы. Яны тады пышныя і шаўкавістыя. Для гэтай справы стараюся насушыць зеляніны на зіму. Карацей, ад крапівы мне толькі шчасце.
Будзце шчаслівыя і вы!
Дарэчы, ці ведаеце вы, што крапіва, паводле верванняў нашых продкаў, была добрым сродкам супраць нячыстай сілы. Асабліва актыўна абараняліся ёй ад усялякіх ведзьмаў і русалак у купальскую ноч. Яе развешвалі па хлявах, затыкалі над дзвярыма ў хаце і нават насілі пад пахай падчас купальскага абраду!
А яшчэ з крапіўнага валакна як з лёну рабілі самыя далікатныя тканіны. Вандруючы па Беларусі, я сама трымала ў руках галаўны ўбор — намітку з крапіўнага палатна. Вось дзе адразу ўзгадалася казка Андэрсэна "Дзікія лебедзі"!
А вось яшчэ адзін рэцэпцік з цудадзейнай жыгучкі.

Суп з крапівы

Лісце крапівы — 300 г, 1 бульбіна, 1 морквіна, 1 цыбуліна, крупа пшанічная — 3-4 ст лыжкі, кроп, соль па смаку.
Нацерці моркву на буйной тарцы, скрышыць цыбулю і абсмажыць на алеі да гатоўнасці. Бульбу нарэзаць кубікамі, дадаць у моркву. Туды ж усыпаць памытую пшанічную крупу, уліць трохі вады і тушыць да гатоўнасці крупы.
Даліць 1,5 літра вады, давесці да кіпення, укінуць пакрышаную крапіву, пасаліць, закрыць крышкай і даць пастаяць 10 хвілін. Дадаць у талеркі свежы кроп і падаць да стала з хлебам. Можна заправіць смятанай.
Стужка навiн
0