Алена Альшанская, Sputnik
Некалькі дзён засталося да таго, як беларускія рублі пазбавяцца чатырох нулёў, а грамадзянам краіны давядзецца прыстасоўвацца не толькі да новых банкнотаў, але і да манет. Банкіры падкрэсліваюць, што дэнамінацыя — выключна тэхнічнае мерапрыемства, а ўлады краіны строга папярэджваюць пра тое, што падвышаць кошты, карыстаючыся "незаўважнасцю" капеек, забаронена.
Цяперашняя дэнамінацыя ў гісторыі суверэннай Беларусі — чацвёртая. Яна будзе не толькі самай маштабнай, але і самай складанай — дзякуючы ўваходжанню ў наша жыццё сучасных банкаўскіх тэхналогій. Нават у 2000 годзе масавага хаджэння пластыкавых картак, мабільнага банкінгу, інтэрнэт-плацяжоў не было, ды і сам інтэрнэт меўся, што называецца, далёка не ў кожнай кішэні.
За зручнасці і новыя тэхналогіі даводзіцца плаціць. Sputnik прааналізаваў, з якімі нязручнасцямі давядзецца сутыкнуцца грамадзянам краіны ў пераходны перыяд.
Банкаматы і абменнікі
Нядаўна Нацбанк папярэдзіў усіх, што камерцыйным банкам дазваляецца не працаваць 1 ліпеня. У гэты дзень яны будуць пераводзіць праграмнае забеспячэнне на працу з новымі банкнотамі. Такім чынам, у гэты дзень не будуць працаваць і абменныя пункты, якія ўваходзяць у структуру банкаўскіх устаноў.
Напярэдадні дэнамінацыі — 30 чэрвеня — многія банкі зачыняцца раней, чым звычайна. Большасць банкаў гатовыя працаваць да 15-16 гадзін, але ёсць і такія, якія гатовыя спыніць працу апоўдні.
Пластыкавыя карты
У ноч з 30 чэрвеня на 1 ліпеня ва ўсіх банках краіны не будуць працаваць пластыкавыя карткі. Такім чынам, на гэтыя гадзіны аплатныя тэрміналы ў крамах, кафэ і рэстаранах ператворацца ў бескарысныя прылады: разлічыцца можна будзе толькі наяўнымі.
Большасць беларускіх банкаў абяцае аднавіць працу пластыкавых карт да 6:00-7:00 1 ліпеня, некаторыя банкі заяўляюць пра перабоі да 10:00. У той жа час у банках негалосна папярэджваюць аб тым, што збоі пры аплаце могуць здарацца аж да 4 ліпеня, і раяць кліентам запасціся наяўнымі на ўсе дні.
Крамы і гіпермаркеты
Большасць буйных гіпермаркетаў у Мінску і ў абласных гарадах з рэжымам гандлю пазней паўночы ў ноч перад дэнамінацыяй будуць працаваць да 22:00. Да гэтага часу, калі не будзе збояў, крамы гатовыя прымаць да аплаты пластыкавыя карткі. Раніцай 1 ліпеня крамы адновяць работу па графіку.
Характэрна, што прадстаўнікі практычна ўсіх апытаных Sputnik гандлёвых сетак нефармальна раілі запасціся наяўнымі грашыма як мінімум на некалькі дзён.
Пошта, інтэрнэт і мабільная сувязь
Беларусы 1 ліпеня застануцца без паслуг паштовай сувязі — РУП "Белпошта" папярэдзіла сваіх кліентаў пра тое, што 1 ліпеня паштовыя аддзяленні будуць працаваць у абмежаваным рэжыме.
У прыватнасці, 1 ліпеня паслугі кліентам у аперацыйных вокнах аддзяленняў паштовай сувязі прадастаўляцца не будуць. Таксама ў перыяд з 30 чэрвеня па 4 ліпеня магчымы збой у працы банкаўскіх карт, у сувязі з чым рэкамендуецца мець для разліку наяўныя грошы.
Дастаўляць газеты і часопісы, простыя і заказныя паштовыя адпраўленні без накладнога плацяжу паштальёны будуць як звычайна. Акрамя таго, у пунктах па прыёме і выдачы паштовых адпраўленняў будуць выдаваць толькі паштовыя адпраўленні без накладнога плацяжу і налічаных мытных пошлін.
Паслугі сувязі нельга будзе аплаціць з 23:00 30 чэрвеня ні наяўнымі, ні безнаяўнымі рублямі: Белтэлекам папярэдзіў кліентаў пра гэта некалькі дзён таму. У выпадку, калі абаненты папоўняць кошт 2-3 ліпеня, грошы на іх рахунак будуць залічаны ў парадку чаргі пасля таго, як скончацца ўсе тэхнічныя працы, але не пазней за 4 ліпеня. Карты экспрэс-аплаты таксама не будуць працаваць.
Мабільныя аператары і інтэрнэт-правайдэры таксама разаслалі кліентам паведамлення пра тое, што рахункі варта папаўняць загадзя, каб не застацца без сувязі ў пераходны перыяд.
Бензін і платныя дарогі
АЗС у ноч на 1 ліпеня будуць працаваць у звычайным рэжыме, але грамадзянам, у тым ліку замежным аўтаперавозчыкам, якія едуць транзітам праз Беларусь, раяць загадзя паклапаціцца пра беларускія рублі ў кашальках. Гэта звязана з перабоямі ў працы пластыкавых карт у перыяд з 30 чэрвеня па 4 ліпеня, адзначаюць у Беларуснафце.
Акрамя таго, у аб'яднанні нагадалі, што АЗС "Беларуснафты" не мае абменных пунктаў, а разлікі за паліва здзяйсняюцца толькі ў беларускіх рублях. Таму міжнародным аўтаперавозчыкам, якія едуць праз тэрыторыю Беларусі, варта загадзя паклапаціцца аб тым, каб мець пры сабе наяўныя беларускія рублі.
Акрамя таго, з 22:00 30 чэрвеня да 04:00 1 ліпеня будуць недаступныя паслугі аператара платных аўтадарог BelToll. У прыватнасці, немагчыма будзе рэгістравацца на сайце аператара, заключыць дагавор карыстання платнай аўтадарогай, атрымаць бартавыя прылады, праверыць стан рахунку. Таксама немагчыма будзе скасаванне дагавораў і вяртанне астатку балансу і закладнога кошту бартавой прылады.
Інтэрнэт-пакупкі
Падчас тэхнічных работ сістэма АРІП будзе працаваць з перапынкамі. Гэта азначае, што купіць квіткі онлайн куды б там ні было нейкі час будзе немагчыма. У прыватнасці, БЧ не будзе прадаваць квіткі на цягнікі праз інтэрнэт з 22:20 30 чэрвеня да 8:00 1 ліпеня, пры гэтым у адміністрацыі перавозчыка папярэджваюць, што перапынак можа зацягнуцца.
Большасць беларускіх інтэрнэт-крамаў таксама папярэджваюць пакупнікоў аб тым, што ўначы 30 чэрвеня здзейсніць куплі будзе немагчыма, а пры дастаўцы тавараў 1 ліпеня нельга будзе разлічыцца з кур'ерам з дапамогай выкарыстання плацежнага тэрмінала.
Падаткі і мытныя плацяжы
У МПЗ загадзя праінфармавалі плацельшчыкаў падаткаў, у якіх тэрмін выплаты надыходзіць 30 чэрвеня, аб неабходнасці здзейсніць плацёж загадзя.
У сваю чаргу ў ДМК будзе арганізаваны call-цэнтр па пытаннях, якія датычацца парадку выплаты мытных плацяжоў ва ўмовах дэнамінацыі. Інфармацыйны цэнтр пачне працу 29 чэрвеня і будзе працаваць па 1 ліпеня ўключна. Званкі будуць прымацца з 9:00 да 18:00, тэлефоны можна знайсці на сайце мытнага ведамства.