Ларыса Мятлеўская, Sputnik
Ці магчыма адшукаць беларуса, які б не чуў пра папараць-кветку? Прычым, могуць нічога не ведаць пра свята Купалле, але ж гісторыя пра нейкую дзіўную кветку, здабытую ў поўным экстрыме, будзіць фантазію. Давайце разбяромся, чаму менавіта купальская ноч лічыцца самай чароўнай у годзе на працягу стагоддзяў.
Купалле — старажытная абрадавая ўрачыстасць, прымеркаваная да летняга сонцастаяння — найвышэйшага росквіту жыццядайных сіл зямлі, у першую чаргу расліннасці.
Верылі, што зёлкі, сабраныя на Купалле, маюць асаблівую лекавую моц. Імі можна было не толькі лячыцца, але з дапамогай іх і варажыць, абараняцца ад усялякай нечысці.
Верылі, што дрэвы ў купальскую ноч не толькі размаўляюць паміж сабой, але і пераходзяць з месца на месца.
Ну і, нарэшце, уначы ў лясным гушчары зацвітае папараць-кветка. Лічылі, што чароўны, яркі цвет, якім літаральна на некалькі імгненняў успыхвае папараць-кветка, сыходзіць на яе ад бога грому і маланкі Перуна. Вось чаму напярэдадні Купалля амаль заўжды навальніца!
Каб стаць супермэнам, трэба сарваць папараць-кветку. Чаму ж так імкнуцца здабыць яе, ці варта трываць тыя пакуты тым, хто адважыўся яе шукаць?
Відаць, варта, таму што шукальнікаў шчасця вось ужо колькі стагоддзяў менш не становіцца. Праўда, зараз выправіцца ўначы ў лес — гэта хутчэй захапляльная прыгода.
Дык што ж давала шчасліваму ўладальніку гэта міфічная кветка?
Вобраз супермэна
Уладальнік станавіўся шчаслівым і багатым, атрымлiваў здольнасць разумець гаворку звяроў і дрэў, мог ведаць усё наперад і бачыць схаваныя пад зямлёй скарбы. Апроч гэтага лічылася, што той, хто сарве кветку, атрымае не адно толькі скарбы. Яго сіла ўсіх адолее, ён адамкне ўсе замкі і запоры, разбурыць перашкоды, здабудзе пажаданае, зможа процістаяць сіле чараўніц.
Але чалавека, які адважыўся сарваць папараць-кветку, чакаюць цяжкія выпрабаванні, бо яе ў момант цвіцення ахоўваюць розныя нячысцікі і страшыдлы. Уздзеянне іх на чалавека можа мець небяспечныя і нават трагічныя вынікі. Таму большасць асцерагалася шукаць шчасця такім спосабам.
У адной беларускай легендзе распавядалася, што быццам нячысты падбухторвае чалавека адправіцца на пошук папараць-кветкі. Маўляў пайдзі ды пайдзі. Сарвеш тую кветку, грошай шмат заробіш не толькі сабе, але і дзецям хопіць. Ды яшчэ на ўсю вёску хопіць. А пасля знаходзілі таго небараку ў якой канаве зусім бездыханным. Тады казалі: "Мусіць, чэрці яго туды пхнулі", або "Мусіць, не перахрысціўся, як ішоў шукаць".
Пра папараць-кветку і страх на Купаллі — інструкцыя па здабыванню папараць-кветкі
Як сцямнее, трэба ісці ў лясныя нетры так далёка, каб не было чутно пеўня. Ісці трэба аднаму, прыхапіўшы з сабой грамнічную свечку і "божую кнігу".
Прыйшоўшы на месца да поўначы, трэба ўладкавацца ў зарасніках папараці, абвесці сябе грамнічнай свечкай і чытаць малітвы, бо далей для шукальніка шчасця, паводле народных уяўленняў, пачыналіся жахі. Ад напружанага чакання магло прымроіцца ўсялякае. Напрыклад і такое, як у легендзе "Папараць":
"Толькі ж ён хацеў адшчыпнуць квет, як той абярнуўся злюшчым сабакам і пачаў на яго рычаць, ашчэрыўшы зубы. Уздумаў пісар стракача даць. Але тут яшчэ вялікі жах яго спаткаў: паміж лапухоў сядзіць зялёная вужака з петушынай галавой, а ў паветры на рэшаце ляціць ведзьма, махае мятлой, а за ёй ляцяць крылатыя каты, лягушкі на кароткіх нагах і ўсялякая нечысць".
Карацей, галівудскія страшылкі адпачываюць у параўнанні з ночкай, праведзенай у беларускім лесе. Ну, а той, хто ўсё ж здолее адарваць кветку, як толькі яна зазіхаціць, павінен разрэзаць далонь і ўкласці кветку пад скуру, бо адтуль яе ніякі нячысцік не дастане. І — хуценька дахаты, не азіраючыся назад.
Ёсць яшчэ адзін спосаб здабычы чароўнай кветкі. Справядліваму чалавеку можа сустрэцца Купальскі дзядок, добры дух, які ходзіць і збірае купальскія кветкі, праз што яго кошык гарыць, як жар.
Калі шукаеш сустрэчы з Дзядком, то павінен мець пры сабе белы абрус, каб з паклонам разаслаць яго пры сустрэчы перад ім. Тады ён кіне на гэты абрус адну толькі кветку. Уладальнік гэтай кветкі будзе ведаць усё на свеце.
Шукайце папараць-кветку — і Купальскі дзядок вам у помач!
Цікава ведаць. Падставай для міфа пра папараць-кветку паслужыла каралеўская папараць, якую і цяпер яшчэ можна сустрэць у Белавежскай пушчы. Справа ў тым, што ў яе свецяцца споры, якія знаходзяцца не на ніжнім баку лісця, а на асаблівай мяцёлцы, якая нагадвае кветку.
Выправіўшыся шукаць папараць-кветку, не забудзьце добра падсілкавацца! Самае лепшае — гэта скрылік сала з хлебам.
І паболей, паболей ешце зялёнай цыбулі! Гэта адгоніць ад вас любую ведзьму!