МІНСК, 26 вер — Sputnik. Правесці дзень 2 кастрычніка сярод птушак і аднадумцаў з фотаапаратамі ў руках запрашае "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
Спаборніцтвы пройдуць у Мінску на Цнянскім вадасховішчы, удзел бясплатны. Арганізатары абяцаюць цікавы маршрут — на невялікай плошчы каля Цны можна сустрэць птушак розных экалагічных груп: лясных, адкрытых тэрыторый, сінантропных (птушкі населеных пунктаў) і, вядома, вадаплаўных.
"Нават калі вам па душы толькі фотаздымкі ці толькі назіранне за птушкамі — усё адно паспрабуйце свае сілы", — запрашаюць арганізатары.
У адрозненне ад звычайнага бёрдвотчара, які назірае птушак у бінокль, задача фотабёрдзера — сфатаграфаваць птушак у натуральных умовах. Каб выйграць чэмпіянат, трэба за 5 гадзін сфатаграфаваць як мага больш розных відаў птушак. За кожны від удзельнік атрымлівае балы.
Для таго каб атрымаць максімальную колькасць балаў, неабходна не толькі зрабіць здымак, але і правільна вызначыць від птушкі. Удзельнічаць можна як індывідуальна, так і ў камандзе з двух чалавек.
"З аднаго боку, увосень птушак куды менш, чым вясной. З іншага — зараз разгар міграцыі, а гэта дае ўдзельнікам шанцы зрабіць кадры рэдкіх птушак, якія не гняздуюцца ў Беларусі, а цяпер ляцяць транзітам", — адзначыў супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях, каардынатар чэмпіянату Сямён Левы.
Наяўнасць прафесійнай камеры вітаецца, але не абавязкова — можна прыйсці і з мабільным тэлефонам. Галоўнае — сфатаграфаваць птушку не блізка і прыгожа, а так, каб была бачнай хоць бы адна прыкмета вiду.
Па выніках будуць вызначаны пераможцы (1, 2, 3 месца), таксама будзе асобна абраны лепшы здымак чэмпіянату. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота ці ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы.
Для ўдзелу неабходна запоўніць невялікую заяўку на сайце Ptushki.org да 20:00 30 верасня.