МІНСК, 11 кас —Sputnik. Пасол Італіі Стэфана Б'янкі лічыць, што мода — універсальная мова, на якой без перакладчыка могуць стасавацца прадстаўнікі розных краін. Пра тое, ці навучыліся беларусы размаўляць на гэтай мове без акцэнту, пасол пагутарыў з карэспандэнтам Sputnik.
"За час свайго мандата я азнаёміўся з калекцыямі беларускіх дызайнераў і ў цэлым індустрыяй моды ў вашай краіне. Не хачу называць імёнаў, каб не рабіць рэкламу, але адзначу, што беларускія дызайнеры адрозніваюцца самабытным стылем і пазнавальныя ў свеце моды. Нам, італьянцам, цікавы беларускі тэкстыль. У вас шмат экспертаў у гэтым кірунку, і мы хацелі б з імі абмяркоўваць гэтую тэму", — распавёў амбасадар карэспандэнту Sputnik.
У апошнія гады італьянскае пасольства выдае ўсё больш віз студэнтам, якія плануюць працягнуць навучанне ва ўніверсітэтах Італіі. Сёлета ў параўнанні з папярэднім рост склаў 15%.
"Агульная колькасць віз на вучобу для студэнтаў, якія плануюць атрымаць поўную вышэйшую адукацыю, ужо дасягнула сотні. Узрастае цікавасць да навучання па спецыяльнасцях "Мастацтва" і "Дызайн". Дарэчы, акадэмія Перуджа падпісала дамову з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, якая прадугледжвае сумесныя праграмы абмену", — расказаў пасол.
Прадстаўнік новага інстытута дызайну Перуджа Франчэска Дуранці распавяла, што ў іх інстытуце беларусы пакуль не вучацца, але гэта звязана толькі з тым, што ўстанова адукацыі новая. Ніякіх перашкодаў для атрымання адукацыі ў інстытуце для беларусаў няма, галоўнае патрабаванне — веданне італьянскай мовы на тым узроўні, які дазволіў бы ўспрымаць прапанаваную інфармацыю.