МІНСК, 5 сту — Sputnik. Каманда Расіі не змагла выйсці ў фінал XIII Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паведамляе Sputnik.
Расіяне матчам супраць зборнай Фінляндыі адкрылі праграму другога спаборніцкага дня. Сустрэча Расія — Фінляндыя (група В) адбылася на малой арэне "Чыжоўка-Арэны" і завяршылася з лікам 4:4 (0:0, 3:0, 1:4, 0:0).
У складзе Суомі галамі адзначыліся Тоні Макіаха (41-я і 52-я хвіліны), Акі Уўскартана (41), Томі Ківіаха (48). У расіян дакладныя кідкі на рахунку Сяргея Лебедзева (21 і 52), Дзмітрыя Халепа (25), Аляксандра Аляксеева (32). Згодна з рэгламентам, абедзве каманды набралі па адным ачку.
Раней расіяне пацярпелі буйную паразу ад каманды Славакіі (0:12), фіны ўзялі верх над немцамі (11:3).
Такім чынам, па выніках двух тураў папярэдняга этапа квартэт А ўзначальвае каманда Фінляндыі (3 ачкі), расіяне размясціліся на трэцім месцы (1) і страцілі ўсе шанцы на барацьбу за залатыя медалі Каляднага турніру.
Нагадаем, трохкратныя чэмпіёны (2007 г., 2011, 2015) упершыню не змаглі выйсці ў фінал спаборніцтваў у мінулым годзе. Тады каманда Расіі ў двух гульнях супраць дружын Швецыі (1:8) і Германіі (2:2) набрала толькі адно ачко.
У вырашальным паядынку каманда прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі змагалася з фінамі і ва ўпартай барацьбе атрымала перамогу (2:1).
У мінулыя гады пераможцам Каляднага міжнароднага турніру восем разоў станавілася каманда прэзідэнта Беларусі (2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014).