МІНСК, 25 сак — Sputnik. Міністэрства культуры Беларусі аб'явіла конкурс на стварэнне мемарыяльнага комплексу ва ўрочышчы Курапаты, паведамілі Sputnik у ведамстве.
Напярэдадні прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Курапатах павінен з'явіцца памятны знак. Кіраўнік дзяржавы таксама абмаляваў агульную канцэпцыю мемарыяла — невялікая капліца.
"Мэтай конкурсу з'яўляецца пошук найбольш выразнага мастацкага адлюстравання вобраза ўрочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння", — сказалі ў Мінкульце.
Там таксама паведамілі, што ўдзельнікамі конкурсу могуць быць толькі скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.
Паводле інфармацыі ведамства, памятны знак павінен быць вытрыманы "ў лепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва" і лаканічна ўпісвацца ў ландшафт.
Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе Мінкульт будзе прымаць да 26 красавіка бягучага года.