МІНСК, 26 мая — Sputnik. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь 2 чэрвеня прэзентуе выставу "Скарына — асветнік-гуманіст".
Як патлумачылі ў музеі, адкрыццё выставы пройдзе ў рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Фотавыстава будзе разгорнута ва ўнутраным дворыку музея, дзе на працягу некалькіх гадоў рэалізуецца культурна-асветніцкая праграма "Стары новы двор".
Выстава "Скарына — асветнік-гуманіст" — сваеасаблівая мастацкая прэзентацыя юбілейнай тэмы сродкамі сучаснай фатаграфіі.
У аснове паказу — матэрыялы з фондавых калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея:
- скульптурная выява Скарыны, створаная Эдуардам Астаф'евым;
- жывапісны партрэт Скарыны, выкананы Пятром Сергіевічам;
- графічныя аркушы з выявамі беларускіх асветнікаў-гуманістаў Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, выкананыя Валянцінам і Ляіляй Варэцамі, Арленам Кашкурэвічам, Эдуардам Агуновічам і іншымі вядомымі мастакамі.
У якасці прыкладу працягу традыцый кірылічнага друку, закладзеных Скарынай, будуць прадстаўлены выявы старонак кірылічных выданняў са збору музея, у тым ліку: Апостал (пасля 1595), Новы запавет з Псалтырам (пасля 1611), Актоіх (1646), Азбука (пасля 1781).
Фондавыя матэрыялы дапоўнены фотавыявамі гравюр з "Кнігі Царстваў", "Кнігі Ісуса Сірахава" і іншых, якія прадстаўлены для паказу Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Аўтары мастацкай канцэпцыі выставы — Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, вядомыя дзякуючы шэрагу высокамастацкіх ілюстраваных выданняў, прысвечаных гісторыка-культурным помнікам Беларусі.
Выстава "Скарына — асветнік, гуманіст" будзе працаваць да пачатку кастрычніка.