МІНСК, 4 ліп — Sputnik. У пятніцу, 7 ліпеня ў Даўгаўпілсе пройдзе свята "Беларускае Купалле", паведамляе Sputnik Латвія.
Свята будзе праходзіць у парку Дубровіна.
Святкаванне Купалля ў Даўгаўпілсе стала традыцыяй. Штогод свята мяняе фармат, сёлета плануецца правядзенне свята-квэста.
А 16-й гадзіне пачнецца Інфармацыйны дзень, падчас якога на вялікай сцэне і ў намётах нацыянальна-культурныя цэнтры і грамадства, дзяржаўныя структуры будуць рэкламаваць свае паслугі, прапаноўваць цікавыя заняткі ў майстэрнях і "Карусель вакансій".
А 18-й пачнецца канцэрт "Беларускае Купалле". У праграме ўдзельнічаюць калектывы Цэнтра беларускай культуры — ансамбль народнай песні "Купалінка", танцавальны ансамбль "Лянок", вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі", харавая капэла "Спадчына", тэатральная студыя "Паўлінка", а таксама фальклорна-харэаграфічны ансамбль з Полацка (Беларусь). Народныя прыкметы і павер'і, песні, танцы, карагоды — усё аб святкаванні самай кароткай і самай чароўнай ночы ў годзе вы даведаецеся на свяце Купалля.
Увечары распачнеца квэст па пошуку папараць-кветкі — удзельнікам трэба будзе прайсці некалькі станцый, выканаўшы нескладаныя заданні: зрабіць паштоўку з выцінанкай (аплікацыя), адгадаць склад гаючай гарбаты, пакінуць запіску на дрэве жаданняў, скласці слова-падказку і знайсці месца, дзе хаваецца кветка шчасця.
А 18-й пачне працаваць і творчая майстэрня "Купальскі вянок", на якой кожны жадаючы зможа навучыцца плесці вянок з лугавых траў і кветак ці проста сабраць букецік.
Для беларусаў свята Купалле — адно з самых старажытных і шанаваных, прысвечаны яно сонцу і росквіту зямлі. Яно таксама мае магічныя рытуалы і традыцыі, праходзіць з песнямі, карагодамі, пошукамі чароўнай папараць-кветкі, скачкамі праз вогнішча, пляценнем вянкоў і зборам зёлак.