МІНСК, 17 ліп — Sputnik. Конкурс на звязаныя з дызайнам спецыяльнасці ў Белдзяржуніверсітэце перавышае 15 чалавек на месца, сведчаць дадзеныя маніторынгу ходу падачы заяў на бюджэт у ВНУ.
Беларускія ВНУ ў панядзелак завяршаюць прыём дакументаў на бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі. Ужо да поўдня аўторка абітурыенты будуць ведаць прахадныя балы на свае спецыяльнасці, аднак папярэднія вынікі ў БДУ падвялі і ў панядзелак.
Як распавёў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў, прахадныя балы па шэрагу спецыяльнасцяў прыкметна выраслі: на 30-50 балаў у параўнанні з мінулым годам.
"Дастаткова якасны склад абітурыентаў. У нас кожны пяты абітурыент — медаліст або ўладальнік дыплома з адзнакай выдатна", — растлумачыў прадстаўнік БДУ і дадаў, што сярод абітурыентаў ёсць тыя, у каго больш за 390 балаў з 400 магчымых.
Высокі і конкурс у гэты год. Так, на спецыяльнасці "матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі", "сучасныя замежныя мовы" і "сацыяльныя камунікацыі" на месца прэтэндуюць па тры чалавекі.
Яшчэ вышэй конкурс — на "камп'ютарную фізіку" і "медыцынскую экалогію". А на звязаныя з дызайнам спецыяльнасці наогул ажыятаж: конкурс перавышае 15 чалавек на бюджэтнае месца.
Прахадныя балы па многіх спецыяльнасцях выраслі не толькі ў БДУ, але і іншых універсітэтах: БНТУ, МДЛУ, БДЭУ і іншых.
Залічэнне першакурснікаў-бюджэтнікаў адбудзецца да 28 ліпеня, а да 4 жніўня яшчэ працягнецца прыём дакументаў на платную форму атрымання вышэйшай адукацыі.