МІНСК, 19 ліп — Sputnik. Фільмы з Нарвегіі бясплатна пакажуць на вуліцы Зыбіцкай у Мінску ў пятніцу і суботу, паведамілі Sputnik у сталічным "Кінавідэапракаце".
"Кінавідэапракат" запусціў на мінулым тыдні праект Open Air Cinema, у рамках якога мінчанам бясплатна паказваюць сусветнае кіно пад адкрытым небам. Гледачы ўжо маглі ацаніць італьянскія фільмы.
У рамках наступных паказаў, якія пройдуць 21 і 22 ліпеня, мінчанам плануюць паказаць два нарвежскіх камедыйных баевіка — "Скандынаўскі фарсаж" і "Скандынаўскі фарсаж 2: гонкі на лёдзе".
Паглядзець карціны мінчане і госці сталіцы змогуць цалкам бясплатна.
Праходзяць кінапаказы пад адкрытым небам на вуліцы Зыбіцкай у Верхнім горадзе, ва ўнутраным дворыку гатэля "Манастырскі". Усяго там арганізавана 220 пасадачных месцаў, а таксама працуюць кафэ і кінабар.
Арганізатары абяцаюць, што Open Air Cinema будзе працягвацца ўсё лета.