МІНСК, 24 ліп — Sputnik. Фестываль "Наш Грунвальд" прыцягнуў у гэтым годзе ўвагу не толькі беларусаў, але і гасцей краіны. "Дудуткі" наведаў і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі.
"Я разам з жонкай і сынамі правёў выдатны дзень у Дудутках на фестывалі Наш Грунвальд. Мноства касцюмаў і рэканструкцый тых часоў, а таксама музыка, рамёствы і ежа. Мы выдатна правялі час у парку і ўбачылі кавалачак гiсторыi", — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Райлі.
На фестывалі прысутнічалі і госці з Расіі, хтосьці прыязджае сюды ўжо не ў першы раз і можа параўнаць з папярэднім досведам правядзення "Грунвальда".
"Разыначка другога дня фестывалю Наш Грунвальд, безумоўна, конныя турніры! Вокамгненная атака і феерычная перамога! Конніца — упрыгожванне і галоўная баявая сіла сярэднявечнай арміі, і, увогуле, зразумела чаму", — выказаўся ў Facebook маскоўскі госць Міхаіл Калінін.
Акрамя самой рэканструкцыі гасцей уразілі і іншыя актыўнасці — напрыклад, фаер-шоу.
"Учора з настальгічных настрояў наведаў Дудуткі. Прычым тут настальгія і Дудуткі? А вось у выхадныя там праходзіць фэст "Наш Грунвальд". Прычым тут настальгія і Грунвальд, я ж не ўдзельнічаў? А вось вечарам там быў канцэрцік, на якім акрамя ўсяго іншага былі заўважаныя "Кукрыниксы". Паміж выступамі палілі і аджыгалі хлопцы з фаер-шоу", — напісаў у сацсетках яшчэ адзін госць фестывалю.
У гэтыя выхадныя Дудуткі ў чарговы раз сталі арэнай для бітваў сярэднявечных рыцараў. Па словах арганізатара і стваральніка фестывалю Аляксандра Рака, усе сутычкі прайшлі з захаваннем цырыманіялу рыцарскіх турніраў XIV стагоддзя сярэднявечнай Еўропы.