МІНСК, 14 жні — Sputnik. Старыя Дарогі 19 жніўня прымаюць 160 удзельнікаў свята ткацкага рамяства "Матчыны кросны", паведамілі Sputnik у Мінскім абласным цэнтры народнага мастацтва.
"Галоўная мэта свята-конкурсу — захаванне і адраджэнне традыцый народнага ткацтва. На мерапрыемстве будзе прадстаўлена разнастайная палітра традыцыйных і сучасных вырабаў, якія дэманструюць стан мастацкага ткацтва на Міншчыне. Выставы гатовых работ дазволяць прааналізаваць і вызначыць перспектывы развіцця жанру", — распавялі арганізатары.
Распачнецца свята ў 10:30 урачыстым шэсцем "Парад ручнікоў", у якім кожная дэлегацыя прадставіць адметны ручнік ці пояс свайго рэгіёна. Парад пройдзе па вул. Парыжскай Камуны, Кірава, Камсамольскай, Пралетарскай і завершыцца на Цэнтральнай плошчы. Тут на галоўнай пляцоўцы ў 11:00 адбудзецца ўрачастае адкрыццё свята-конкурсу. З 11:30 да 16:00 адбудуцца выступленні аматарскіх калектываў Слуцкага, Чэрвеньскага і Старадарожскага раёнаў.
Як патлумачылі ў цэнтры народнага мастацтва, конкурс па ткацтве адбудзецца па двух накірунках: выстава-конкурс гатовых работ, загадзя падрыхтаваных да свята, конкурс на хуткасць і якасць тацтва, які працягнецца тры гадзіны. За гэты час майстры павінны паказаць якасць, тэхналагічны і мастацкі ўзровень ткацтва ў адпаведнасці з традыцыямі свайго рэгіёна і выканаць на свой выбар фрагмент любога традыцыйнага вырабу: ручнік, сурвэтка, пояс. Узровень работы ацэньвае журы, у складзе якога вядучыя спецыялісты-этнографы і мастацтвазнаўцы ў галіне традыцыйнай культуры, члены грамадскага аб'яднання "Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці". Узначальвае журы старшыня Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўца, прафесар Яўген Міхайлавіч Сахута.
На выставе "Матчыны кросны. Гісторыя" пройдзе майстар-клас па ткацтве на кроснах. "Дзіцячы гарадок" запросіць на гульнёвую праграму, будуць працаваць атракцыёны, пляцоўка па стральбе з лука і арбалета.
Спецыялісты адзначылі, што ткацкае рамяство ў беларускай вёсцы яшчэ да сярэдзіны мінулага стагоддзя не было экзотыкай. На патрэбу сям'і і хатняй гаспадаркі ткаліся палотны на адзенне, пасцельную бялізну, розныя побытавыя патрэбы. Паступова выцесненае прамысловай вытворчасцю ткацтва, на шчасце, не знікла, не сышло ў нябыт, а стала прадметам творчага самавыяўлення, хоббі для многіх жыхароў Беларусі.
Гісторыя свята "Матчыны кросны" пачынаецца ў 2000 годзе. З гэтага часу кожныя тры гады старадаражане і госці раёна маюць магчымасць бачыць лепшыя вырабы майстроў ткацтва вобласці. Апошнія гады да ўдзелу далучаюцца госці з іншых рэгіёнаў краіны і нават з суседняй Латвіі.