"Гісторыка" — гэта добраахвотная моладзевая грамадская арганізацыя асветніцка-валанцёрскага напрамку. Яна аб'ядноўвае маладых гісторыкаў і аматараў гісторыі, зацікаўленых у комплексным вывучэнні гісторыі Беларусі для навукова-асветніцкай дзейнасці, вывучэнню гісторыі нашай краіны ў еўрапейскім кантэксце і садзейнічанні захаванню культурнай спадчыны Беларусі.
"Мы ціха сабе існуем з 2000 года, нам ужо 17, мы амаль паўналетнія. Але паступова займаем сваю нішу. Справа ў тым, што за гэтыя 17 гадоў вектары інтарэсаў нашай арганізацыі перыядычна мяняліся то ў адзін бок, то ў другі. То гэта былі балі, то гэта былі экскурсіі, то гэта было аказанне буйной дапамогі Любчанскаму замку, то гэта былі летнія лагеры. Цяпер мы актыўна займаемся менавіта аховай гісторыка-культурнай спадчыны і даследаваннямі вуснай гісторыі Беларусі", — распавядае Пятрова.
З важных праектаў аб'яднання сёння варта адзначыць прывядзенне ў парадак Мірскага каталіцкага некропаля ХІХ стагоддзя. Ужо тры гады валанцёры "Гісторыкі" выязджаюць на месца, падымаюць помнікі, чысцяць магілы, прыводзяць у парадак тэрыторыю, склейваюць расколатыя надмагіллі, ставяць на месца тыя, што ўпалі.
Арганізацыя таксама з'яўляецца сябрам грамадскай назіральнай камісіі па ахове культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі. Гэта дазваляе браць на сябе пэўныя функцыі па рашэнні некаторых вострых праблем пры парушэнні заканадаўства па ахове спадчыны. Напрыклад, можна ўзгадаць гісторыю з былымі лютэранскімі могілкамі ў Мінску, праз якія прайшла новая дарога. "Гісторыка" дамаглася таго, што пахаванні адтуль былі перанесены на мінскія Усходнія ("Маскоўскія") могілкі, дзе ўсталяваны памятны знак з указаннем дат пахавання.
"Улады наш голас у некаторых выпадках чуюць, у некаторых не чуюць — як заўсёды. Мы займаемся прысваеннем статусу гісторыка-культурнай спадчыны некаторым аб'ектам. Зараз гэта мінскі квартал Асмалоўка і будынак па вуліцы Тэльмана 16 у Баранавічах. Але акрамя практычнай часткі ў нашага аб'яднання ёсць буйное адгалінаванне. Гэта "Беларускі архіў вуснай гісторыі", які займаецца зборам і навуковай апрацоўкай гістарычных успамінаў сведкаў гісторыі", - дадала Пятрова.
З апошніх паспяховых праектаў "Гісторыкі" варта ўспомніць і працу валанцёраў ў вёсцы Старыя Васілішкі на радзіме Чэслава Немэна пад Лідай. У клубе-музеі артыста праводзілася разборка смецця на гарышчы. Уручную перабіралі пласты саломы і пацярухі і знайшлі старыя фотаздымкі, абрыўкі сшыткаў, дакументы, асабістыя рэчы як Чэслава Немэна, так і тых, хто жыў у доме да яго і пасля. Усё гэта стала магчымым пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы і культуры па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама.
Размову з Таццянай Пятровай слухайце на радыё Sputnik Беларусь.